 | ПАЛIТЫКА |  |

Беларускія археолягі патрабуюць абнародавць факты злачынстваў НКВД у Курапацкім лесе ў 1930-40-я гады 11:17, 15/11/2001

Група беларускіх археолягаў распаўсюдзіла ў Менску заяву з асуджэньнем уладаў, якія засакрэцілі вынікі апошняга сьледзтва дзяржкамісіі па Курапатах, і запатрабавала абнародаваць здабытыя экспэртамі факты злачынстваў НКВД у Курапацкім лесе ў 1930-40-я гады. Да гэтых патрабаваньняў далучыліся некаторыя грамадзкія арганізацыі й палітычныя партыі Беларусі. У дакумэнце вучоныя заяўляюць, што спробы ўладаў навязаць грамадзтву думку, нібы ва ўрочашчы пахаваныя ахвяры нацыстаў, зьяўляюцца амаральнымі. 
Працоўныя ў Беларусі жорстка эсплуатуюцца 11:16, 15/11/2001, GazetaSNG.ru

“Працоўныя ў Беларусі жорстка эксплуатуюцца. Яшчэ 2-3 гады таму гадзіна працоўнага часу каштавала 49 цэнтаў, а сёньня яна каштуе 31 цэнт. У Польшчы гадзіна працоўнага часу ў сярэднем каштуе 2-3 даляры. А пачыналі мы з аднолькавага кошту працоўнага часу”. Такую заяву зрабіла ў інтэрвію недзяржаўнай радыёстанцыі “Рацыя” Людміла Гразнова, дэпутат Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 13 скліканьня, адзін з сябраў аргкамітэту грамадзкай ініцыятывы Хартыя’97. 
Масавыя скарачэньні ў Лідзе 11:15, 15/11/2001

Масавыя скарачэньні чакаюцца на Лідзкай абутковай фабрыцы. Па словах ейнага дырэктара Казіміра Лунца, неабходна скараціць каля 300 чалавек. Штомесяц 6-8 мільёнаў рублёў прадпрыемства плоціць працоўным за прастой. Сёлета калектыў фабрыкі будзе скарочаны ўжо на 118 чалавек. Летась лідзкія вытворцы абутку арганізавалі забастоўку ля будынка гарвыканкаму ў пратэсьце супраць масавага скарачэньня, паведамляе www.praca.by. Нічога, аднак, у лепшы бок не зьмянілася. 
Лукашэнка зьбіраецца ў Маскву 11:14, 15/11/2001

Аляксандар Лукашэнка наведае Маскву 28 лістапада з рабочым візытам. Лукашэнка плянуе правесьці сустрэчы з расейскім кіраўніцтвам, на якіх, як чакаецца, будуць закранацца пытаньні расейска-беларускіх зносінаў. Ён таксама будзе прымаць удзел у юбілейным паседжэньні Савету глаў дзяржаваў СНД, якое адбудзецца ў Маскве 30 лістапада. 
Беларусь павялічвае экспарт харчаваньня ў Расею 11:13, 15/11/2001

Аб’ём экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі Беларусі за 9 месяцаў гэтага году ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году вырас больш чым на 40%, паведамляе “Саюз-інфо”. У асноўным Беларусь экспартуе малочную падукцыю, яйкі, мяса, казеін. Значная частка сельгаспрадукцыі экспартуецца на Ўкраіну, Нямеччыну, Літву і Польшчу. Але асноўным партнёрам Менсельгасхарчу па-ранейшаму застаецца Расея. Экспарт прадуктаў харчаваньня ў Расею складае больш за 86% ад агульнага аб’ёму экспартных паставак. 
Мяса і малако стануць больш дарагімі 11:12, 15/11/2001

Да канца года ў Беларусі адбудзецца чарговае павышэньне коштаў на прадукцыю жывёлагадоўлі. Як паведаміў 14 лістапада на прэс-канферэнцыі намесьнік міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Мікалай Папкоў, перадае БелаПАН, мяркуецца, што закупачныя кошты на асноўныя віды прадукцыі жывёлагадоўлі – малако, сьвініну і ялавічыну – вырастуць прыкладна ў 1,5 разы. На сёньня сказаць, колькі будуць каштаваць мяса й малако ў крамах пасьля заплянаванага павышэньня закупачных коштаў, кіраўніцтву Мінсельгасхарчу сказаць цяжка. Сёньняшнія кошты на прадукцыю жывёлагадоўлі не задавальняюць сельскагаспадарчых вытворцаў, паколькі не пакрываюць стратаў, і ў выніку жывёлагадоўчая галіна сёньня нерэнтабельная па ўсіх відах прадукцыі. 
На кожнага беларуса ў дзень па адным даляры 11:11, 15/11/2001

Беларусь – краіна бедная – сцьвярджае Сусьветны банк. З пазыцыі Банка, беднай лічыцца тая дзяржава, жыхары якой выдаткоўваюць у дзень менш за адзін даляр ЗША. Як раз столькі, згодна дасьледаваньню праведзенаму Сусьветным банкам, выдаткоўвае штодзённа пераважная большасьць гаспадынь нашай краіны. Беларусь аказалася ў групе “бедных” разам з Аўганістанам, Індзіяй, Інданэзыяй, Малдовай і Ўкраінай. 
АРЦІКЛЬ 19 пратэстуе супраць закрыцьця газэты “Пагоня” 11:10, 15/11/2001

Арцікль 19, Сусьветная кампанія за свабоду слова, выказала занепакой адносна закрыцьця недзяржаўнай гарадзенскай газэты “Пагоня” Вышэйшым Гаспадарчым судом Беларусі 12 лістапада 2001 году. “Дадатковае ўмяшальніцтва й перашкода працы недзяржаўных СМІ ў Беларусі ствараюць заўважную атмасфэру застрашэньня, не даюць СМІ выконваць ролю па данясеньні да грамадзкасьцi розных пунктаў гледжаньня, і падаўляюць галасы тых, хто мае іншую думку. Мы заклікаем ваш урад неадкладна спыніць усе формы запужваньня журналістаў, прыняць крокі па адмене заканадаўства аб прэсе, якое не адпавядае нормам міжнароднага права, і актыўна ствараць умовы, у якіх недзяржаўныя СМІ маглі б нармальна разьвівацца”, - заявіў у лісьце да Аляксандра Лукашэнкі выканаўчы дырэктар Арцікль 19 Эндру Пуддэфат. Прыводзім тэкст ліста цалкам. 
Лукашэнка трапіў у “малако” 11:09, 15/11/2001, «Московские новости»

На мінулым тыдні ў СМІ зьявілася інфармацыя аб сувязях беларускіх уладаў з тэрарыстамі. Так, агенцтва ДПА са спасылкаю на крыніцы ў ЦРУ 31 кастрычніка распаўсюдзіла інфармацыю аб тым, што “Беларусь зьяўляецца буйным прадаўцом зброі ісламістам”. Яе рэтрасліравалі расейскія інтэрнэт-выданьні utro.ru, gazeta.ru і беларуская служба радыё “Свабода”. У паведамленьні сцьвярджалася, што у пачатку году Беларусь заключыла кантракты на пастаўкі зброі з палесьцінскімі й албанскімі ісламістамі на 500 млн.даляраў. Беларускі МЗС гэтую інфармацыю назваў ілжывай. Зрэшты паведамленьне ДПА – не адзіная “ўцечка” гэтага кшталту. Куды больш складана афіцыйнаму Менску прыйдзецца даваць камэнтары з іншай нагоды. Паводле інфармацыі з крыніцы, блізкай да кампетэнтных міжнародных структураў, падчас 56-й сэсіі Генасамблеі ААН сярод членаў Савету Бясьпекі быў распаўсюджаны дакумэнт, у якім дастаткова падрабязна выкладзена храналёгія дзейнасьці беларускага рэжыму на сусьветным рынку зброі. Прычым акцэнт робіцца на пастаўках у краіны, якія лічацца спонсарамі міжнародных тэрарыстаў. 
Міжнародная арганізацыя працы будзе разглядаць беларускае “прафсаюзнае пытаньне” 11:08, 15/11/2001

Напрыканцы лістпада ў Жэневе адбудзецца паседжаньне Адміністратыўнага савету Міжнароднай арганізацыі працы. Адным з асноўных пытаньняў у чарговы раз стане “прафсаюзнае пытаньне” ў Беларусі. Раней Камітэт па свабодзе асацыяцыяў Міжнароднай арганізацыі працы на паседжаньні 28-29 сакавіка прыняў Заключэньне аб становішчы прафсаюзных правоў у Беларусі. У дакумэнце ўраду Беларусі прапанавалі выправіць парушэньні і ніколі іх не паўтараць. Камітэт меў намер сачыць за выкананьнем рэкамэндацыяў. Разгляд “беларускага пытаньня” ініцыіравалі шэраг беларускіх прафсаюзаў, якія падалі ў МАП скаргу з пералікам выпадкаў парушэньня ўладамі правоў прафсаюзаў. Асноўныя прэтэнзыі тычыліся правоў працоўных на аб’яднаньне ў прафсаюзы й парушэньне правоў саміх прафсаюзаў. 
Гарнякі прыедуць у горад пратэставаць супраць падаткаў 11:07, 15/11/2001

Прадстаўнікі арганізацыі Незалежнага прафсаюзу гарнякоў салігорскага ВА «Беларуськалій» правядуць 16 лістапада ў Менску пікет. Акцыя, санкцыянаваная ўладамі, адбудзецца ў парку Дружбы народаў з 10 да 13 гадзінаў. Гарнякі маюць намер патрабаваць ад уладаў адмены падаткаабкладаньня выходнай дапамогі, якая выплочваецца пры звальненьні работніка з прадпрыемства, у тым ліку – пры скарачэньні штата, а таксама зьніжэньня стаўкі падаходнага падатку да 13 адсоткаў, паведамляе БелаПАН. 
Суд адмовіўся аднавіць на працы звольненага па палітычных матывах педагога 11:06, 15/11/2001

Актывісту руху супраціву ЗУБР адмовілі ў аднаўленьні на працу. Учора ў раённым судзе ў г.Крупкі адбылося судовае паседжаньне па зыску актывіста ЗУБРа Андрэя Аляхновіча. Рашэньнем суда стала адмова ў аднаўленьні на працу. Андрэй Аляхновіч быў звольнены са школы, дзе ён працаваў сацыяльным педагогам, па арт. 47 Працоўнага Кодэксу з цынічнай фармулёўкай «за амаральныя паводзіны». Доказам «амаральных» паводзінаў педагога судзьдзя палічыў той факт, што Андрэй Аляхновіч распаўсюджваў сярод сваіх вучняў спэцвыпускі незалежных газэт і прадвыбарчыя налепкі. 
Былыя міністры засталіся без працы 11:05, 15/11/2001

Чым сёньня займаюцца былыя міністры ўраду, якія пазбавіліся сваіх пасадаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў? Як паведамляе Радыё Свабода, былы старшыня беларускага ўраду Ўладзімер Ярмошын, па зьвестках ягонай сям’і, знаходзіцца ў адпачынку за межамі Беларусі. Датстакова цяглы час застаюцца беспрацоўнымі былы міністар абароны Аляксандар Чумакоў і экс-міністар культуры Аляксандар Сасноўскі, якіх Лукашэнка звольніў яшчэ да прэзыдэнцкіх выбараў. За бортам новага ўраду аказалася і Вольга Даргель – былы міністар сацыяльнай абароны. Але яна ўжо перайшла мяжу, якая дазваляе атрымоўваць пэнсію. А вось экс-міністар аховы здароўя Ігар Зелянкевіч яшчэ не дасягнуў пэнсійнага ўзросту. Дзе ён будзе працаваць далей, пакуль невядома. 
Лукашэнка прызначыў сабе памочніка – шэфа ідэялягічнага ўпраўленьня 11:04, 15/11/2001

Аляксандар Лукашэнка прызначыў Івана Карэнду памочнікам прэзыдэнта і начальнікам ідэялягічнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта, паведаміла прэс-служба Лукашэнкі. 
Запазычанасьць прадпрыемстваў АПК у Беларусі пераўзышла 1 трыльён 11:03, 15/11/2001

Агульная запазычанасьць сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Беларусі набліжаецца да 1,1 трыльёна рублёў. Такія зьвесткі абнародаваў на прэс-канферэнцыі 14 лістапада намесьнік міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Анатоль Рубанік. Паводле ягоных словаў, у названую суму ўвходзяць даўгі за энерганосьбіты, па крэдытах, пазыках, працэнтах і г.д. "Без дапамогі дзяржавы выйсьці з такога становішча будзе вельмі-вельмі складана", - адзначыў намесьнік міністра. 
Лекарам забаранілі сумяшчаць працу 11:02, 15/11/2001

Зь лiстапада дактарам i навуковым супрацоўнiкам Інстытута анкалёгii забаранілі сумяшчаць працу. Як вынік, заробкі мэдыкаў амаль удвая зьменшыліся. Неўзабаве з гэтым давядзецца сутыкнуцца іншым мэдычным работнікам. 
Жыльлё ў Беларусі будзе даражэць 11:01, 15/11/2001

Грамадзяне Беларусі да 2004 году будуць аплочваць 80% ад кошту карыстаньня жыльлём. Пра гэта, ў сераду на пленарным паседжаньні “палаты прадстаўнікоў” паведаміў міністар жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі А.Мількота. 
|  |
|