Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Будаўніцтва на касьцях ахвяраў сталінізму 11:08, 19/11/2001, RFE/RL
Апошнія сем тыдняў беларускія апазыцыйныя групы й няўрадавыя арганізацыі пратэставалі супраць дзяржаўнага будаўніцтва Менскай кальцавой аўтадарогі ля ляснога масіву Курапаты, дзе ў сталінскія часы НКВД праводзіў масавыя расстрэлы і захаваньне ”ворагаў народа”. Праціўнікі будаўніцтва дарогі баяцца, што ейнае пашырэньне прывядзе да зьнічтажэньня значнай часткі курапацкіх магілаў, якія зьяўляюцца адным з помнікаў беларускай гістарычнай й культурнай спадчыны.
8 лістапада ўлады накіравалі сілы правапарадку й бульдозеры з тым, каб зьнесьці лягер, разьмешчаны ў Курапатах маладымі актывістамі ЗУБРа і Маладога Фронту. Міліцыя выкарыстоўвала супраць дэманстрантаў дубінкі й слёзатачывы газ, у той час як бульдозеры й дарожныя будаўнікі выкарчоўвалі крыжы, усталяваныя ля дарогі абаронцамі мэмарыялу. “Рэжым зьнічтажае крыжы так, як гэта робяць сатаністы”, -- пракамэнтаваў дзеяньні АМАПу адзін з апазыцыйных актывістаў. “Мы вас ня чуем – мы глухія й нямыя”, – сказаў у адказ узброены дубінкай міліцыянт у адказ на зададзенае карэспандэнтам Радыё Свабода пытаньне адносна правамоцнасьці іхных дзеяньняў.
Невялікія акцыі пратэсту праходзілі ў Курапатах і ў наступныя некалькі дзён, што, зрэшты, не спыніла ўлады, якія працягвалі дарожныя працы пад пільным наглядам праваахоўчых ворганаў. Падобна на тое, што абаронцам Курапатаў ня ўдасца дабіцца больш шырокага грамадзкага рэзанансу. Суды г.Менску, якія даказалі сваю эфектыўнасьць у асуджэньні дэманстрантаў і іншых праціўнікаў рэжыму, працягваюць няўмольна штрафаваць удзельнікаў курапацкай акцыі 8 лістапада.
Беларуская грамадзкасьць даведалася пра жахлівую праўду аб Курапатах у сярэдзіне 1988 году, калі археоляг Зянон Пазьняк апублікаваў у менскім літаратурным штотыднёвіку “Літаратура й Мастацтва” артыкул, у якім былі апісаныя вынікі ўласных археялягічных раскопак у Курапатах. Па словах Пазьняка, сталінскі НКВД расстраляў і захаваў ва ўрочашчы каля 220-250 тысячаў людзей. Масавыя забойствы прыйшліся на пік разгулу чырвонага тэрору – 1937-1941 гг. Публікацыя Пазьняка, што трапіла ў друк, шмат у чым дзякуючы гарбачоўскай галоснасьці, нарабіла многа шуму. Была ўтворана няўрадавая аргаінізацыя, мэтай якой зьяўлялася дакумэнтацыя злачынстваў эпохі сталінізму. У той самы час Пазьняк зарганізаваў і ўзначаліў Беларускі Народны Фронт, першую апазыцыйную групу ў краіне. У 1989 г. пад уціскам грамадзкае думкі беларускае кіраўніцтва было вымушана стварыць спэцыяльную камісію па расьсьледаваньні курапацкай справы і вывучэньню вынікаў, зробленых Пазьняком. Камісія пацьвердзіла, што ў лясным масіве захаваныя ахвяры НКВД . Аднак, на думку членаў камісіі, колькасьць расстраляных, аб якіх заяўляў Пазьняк, была значна завышаная. Насамрэч іх нібыта было ня больш за 30 тысячаў. У выніку, Курапаты былі афіцыйна аб’яўленыя тэрыторыяй мэмарыялу, аднак урад так і не прадпрыняў якіх-небудзь крокаў па ўвекавечваньні памяці нявінна загінулых. У 1993 годзе ўлады краіны прынялі пастанову аб тым, што кальцавая дарога, рэканструкцыя якой намячалася ў будучым, павінна пракладацца ў абход Курапатаў.
Палітычныя сытуацыя ў Беларусі радыкальна зьмянілася з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі ў 1994 годзе. Для многіх апалягетаў савецкага ладу, энтузіазм, з якім Лукашэнка ўзяўся за аднаўленьне СССР, паслужыў штуршком да адмыцьця іміджу сталінскага рэжыму, які моцна пахістнуўся ў пэрыяд галоснасьці й развала СССР. Другая дзяржаўная камісія “прыйшла да высновы”, што колькасьць захаваных у Курапатах не пераўзыходзіць “нейкіх” сямі тысячаў. Больш за тое, камісія заявіла, што ня можа з упэўненасьцю вызначыць, ці былі знойдзеныя рэшткі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў ці фашысцкага генацыду. Многія апазыцыйныя актывісты Беларусі ўпэўненыя, што рашэньне ўраду, прынятае ў 2000 годзе, аб правядзеньні кальцавой аўтадарогі праз Курапаты зьяўляецца свайго роду лягічным завяршэньнем палітыкі рэжыму Лукашэнкі, якая праслаўляе дасягненьні савецкага пэрыяду і абяляе ягоныя злачынствы. Трэба адзначыць, што гэтая палітыка аказалася пасьпяховай. Нягледзячы на тое, што толькі жалкая кучка сумных і злосных камуністаў працягвае сьвяткаваць савецкія сьвяты, уключна з гадавінаю Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Нельга не заўважыць і таго факта, што і колькасьць тых, хто ім супрацьстаіць не нашмат большая.
З аднаго боку выпадак з Курапатамі паказвае слабасьць грамадзтва ў найбольш русыфікаванай і саветызаванай рэспубліцы былога СССР. З другога боку, ён указвае на неабходнасьць ня толькі пабудовы дэмакратыі ў постсавецкіх краінах, але таксама і больш глыбокага вывучэньня нацыянальнай гісторыі. Немагчыма нават уявіць, што рашэньне аб пракладцы аўтадарогі на касьцях ахвяраў сталінізму магло быць прынятай, напрыклад, урадам Украіны. Без паглыбленьня ў спрэчку аб тым, якая з дзьвюх рэспублік менш дэмакратычная, варта адзначыць, што Ўкраіна дасягнула значнага прагрэсу ў галіне прасоўваньня нацыянальнай ідэі і зрушыла яе з той мёртвай кропкі, дзе так званыя “экперты-гіторыкі” бяз сораму назваюць белае чорным і наадварот. Гэта сур’ёзнае дасягненьне Ўкраіны ў працэсе самавызначэньня як нацыі, хоць, як сцьвярджаюць многія, яна і не асабліва прасунулася ў астаніх накірунках.
Што да Беларусі, то большасьць ейных грамадзянаў па-ранейшаму застаюцца “глуханямымі” да палітычных заклікаў дэмакратычнай супольнасьці, а таксама да тых, хто наўпрост тычыцца яе нацыянальнай гісторыі. Праблема прывіцьця беларусам пачуцьця нацыянальнай самасьвядомасьці зьяўляецца ня менш актуальнай задачай, чым пабудова на яе тэрыторыі дэмакратычнага грамадзтва. У прынцыпе, гэтыя дзьве задачы цесна зьвязаныя і павінны вырашацца паралельна з тымі, хто жадае бачыць Беларусь часткай дэмакратычнага сьвету.