Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу супраць рэдактара “Народнай волі” 11:09, 20/11/2001
Пракуратура Ленінскага раёну Менску ўзбудзіла крымінальную справу супраць галоўнага рэдактара газэты “Народная воля” Іосіфа Сярэдзіча. Яго абвінавачваюць ў распаўсюдзе на старонцы газэты паклёпніцкіх зьвестак. Падставаю для ўзбуджэньня крымінальнай справы сталі верасьнёўскія публікацыі ў “Народная волі” – заява лідэраў палітычных партыяў і грамадзкіх рухаў Беларусі, якія ўваходзяць ў шырокую грамадзянскую кааліцыю, а таксама артыкул прафесара, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Івана Нікітчанкі “Белыя плямы Беларусі й Расеі. Хто захоча мець справу з такім несумленным партнёрам?”
Старшыня Менскага аблвыканкаму Мікалай Дамашкевіч зьвярнуўся ў пракуратуру з заяваю, у якой запатрабаваў прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці за паклёп галоўнага рэдактара “Народнай волі” Іосіфа Сярэдзіча.
Дамашкевіч палічыў за паклёп наступныя радкі з заявы лідэраў палітычных партыяў:
“5 верасьня 2001 году пад кіраўніцтвам старшыні Менскага аблвыканкаму Дамашкевіча адбылася нарада з намесьнікамі старшыняў райвыканкамаў Менскай вобласьці. Пад падпіску аб неразгалошваньні ім выдалі пакет са схемай фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня на выбарах Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Удзельнікі нарады атрымалі “матэрыялы ў дапамогу членам тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камісіяў...”, якія па сутнасьці зьяўляюцца інструкцыяй па барацьбе з назіральнікамі. Аналягічная праца вялася з работнікамі раённых структур выканаўчай улады ў іншых абласьцях краіны. Кіраўнікамі раённых адміністрацыяў былі наладжаныя нарады са старшынямі выбарчых камісіяў, падчас якіх прыводзіліся кантрольныя лічбы, на якія павінны былі выйсьці камісіі пры падвядзеньні вынікаў выбараў Прэзыдэнта”.
У пракуратуру для тлумачэньняў выклікалі пяцёх з адзінаццаці падпісантаў заявы – Уладзімера Ганчарыка, Сяргея Калякіна, Паўла Казлоўскага, Васіля Лявонава й Міхаіла Марыніча. Пасьля гэтага пракурор Ленінскага раёну Аляксей Стук узбудзіў крымінальную справу супраць рэдактара “Народнай волі” за паклёп.
Як распаўсюд паклёпу праз сродкі масавай інфармацыі расцэньвае пракуратура й публікацыю артыкула прафесара Івана Нікітчанкі.
Калі пракуратура зможа даказаць склад злачынства з боку Іосіфа Сярэдзіча, яму пагражае штраф, ці папраўчыя працы, ці арышт да 6 месяцаў, або абмежаваньне волі тэрмінам на тры гады і нават пазбаўленьне свабоды на два гады.