Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
GAZETA WYBORCZA: “ТУТЭЙШЫХ” ЗАБАРАНІЛІ ЗА ТОЕ Ж, ЗА ШТО Ў 1942 ГОДЗЕ ЗАПЛАЦІЎ ЖЫЦЬЦЁМ ЯНКА КУПАЛА – ЗА БЕЛАРУСКАСЬЦЬ 11:05, 21/11/2001
Польская прэса працягвае камэнтаваць забарону на Беларусі купалаўскай п’есы “Тутэйшыя”. Напярэдадні артыкул “Скандал у Менску” зьмясьціла і найбольш масавая і аўтарытэтная польская штодзённая Gazeta Wyborcza.
“У Менску забаранілі п’есу “Тутэйшыя” клясыка беларускай літаратуры Янкі Купалы. Забаранілі ў тэатры, які носіць ягонае імя”, - так пачынаецца артыкул “Скандал у Менску”, надрукаваны напярэдадні ў Gazetcie Wyborczej.
Тое, што адбылося з п’есай беларускага клясыка, старэйшае пакаленьне палякаў напэўна здолее зразумець. У Польшчы таксама забаранілі “Дзядоў” Дэймка, толькі было гэта ў 1968 годзе. Камуністычны рэжым Уладзіслава Гамулкі палічыў гэтую п’есу занадта нацыялістычнай ды шкоднай. Напэўна, нейкія афіцыйныя падставы для забароны, як зараз у Беларусі, былі тады і ў Польшчы, але пра гэта зараз ніхто ўжо ня памятае.
“Што ж ёсьць у гэтай п’есе настолькі небясьпечнага, што яна, як за савецкім часам, ізноў трапіла пад увагу цэнзараў? Напэўна, за тое ж самае, за што ў 42-м годзе ў Маскве жыцьцём заплаціў яе аўтар Янка Купала - Беларускасьць”, - адзначае газэта.
Меавіта беларускасьць, бо “ніхто ў Беларусі ня верыць, што п’есу зьнялі з-за быццам бы зьнішчаных дэкарацыяў”.
Далей Gazeta Wyborcza піша, што ў падзеях п’есы лёгка пазнаць цяперашнюю палітыку Аляксандра Лукашэнкі, якая накіраваная на аб’яднаньне з Расеяй. Як і галоўны герой “Тутэйшых”, кіраўнік Беларусі адкідае ўсё беларускае ды любіць гаварыць пра “адзіную расейскую мову”.
Цяперашнім беларускім уладам напэўна не падабаецца і тое, што ў час спектакляў у купалаўскім тэатры зьяўляюцца забароненыя бел-чырвона-белыя сьцягі, а па сканчэньні дзеі ўзрушаныя гледачы яшчэ доўга скандуюць “Жыве Беларусь!”.