|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Беларусь займае 148 месца па ўзроўню эканамічных свабодаў 11:19, 21/11/2001, «Наша Свабода» Найбольш свабоднымі былі прызнаныя Ганконг, Сінгапур і Новая Зеландыя. Прыкладна аднолькавы рэйтынг пасьля іх маюць Эстонія, Ірляндыя, Люксембург, Галяндыя й ЗША. Аднак, нягледзячы ні на што, Беларусь таксама апынулася наперадзе некаторых краінаў – усё гэта, дарэчы, нашыя добрыя сябры. Узбекістан, Туркменістан, Іран, Лаос, Куба й Лівія яшчэ не дасягнулі «дасканаласьці» – па некаторых паказчыках яны яшчэ дэманструюць пэўныя паслабленьні ў сваёй эканоміцы. А вось Ірак і Паўночная Карэя маюць «круглыя пяцёркі». Гэта значыць, што эканамічных свабодаў там няма ні на 1%. Асобна ў сьпісе стаяць яшчэ пяць афрыканскіх краінаў – Ангола, Бурундзі, Дэмакратычная Рэспубліка Конга (былы Заір), Сьера-Леоне і Судан. Ва ўсіх гэтых дзяржавах ішла або ідзе вайна, і, натуральна, зьвестак пра свабоду эканомікі там няма. Але беларусы могуць ганарыцца сваёй – няхай і нязначнай – перавагай над імі. «Індэкс эканамічнай свабоды-2002» зьяўляецца фактычна даведнікам для патэнцыйных інвестараў: куды варта ўкладаць грошы, а куды – не. З такой адзнакай, якую мае сёньня Беларусь, грошай з-за мяжы трэба будзе чакаць вельмі доўга. Таму аптымізм, якім сачыцца кіраўніцтва Беларусі і абяцае ў 2002 годзе прыцягнуць мільярд замежных інвестыцыяў, абсалютна не зразумелы. Глядзіце самі – вось што Heritage Foundation паведамляе пра нашу краіну: «Беларусь - адна з найменш рэфармаваных і найбольш рэпрэсіўных краінаў былога Савецкага Саюза. Яе індустрыяльная база састарэла, ейная эканоміка знаходзіцца ў заняпадзе, а яе агульны антыбізнэсовы клімат і адсутнасьць структурных рэформаў у спалучэньні з квітнеючай арганізаванай злачыннасьцю, карупцыяй й кантрабандай працягвае адпужваць замежнае інвеставаньне. У сьнежні 1999 году Беларусь падпісала саюз з Расейскай Федэрацыяй, які прадугледжвае стварэньне адзінай эканамічнай зоны ўключна з агульнай валютай, агульнай заканадаўчай і падатковай сыстэмамі, і вельмі шчыльнымі палітычнымі й вайсковымі сувязямі. Аднак, працэс гэты ідзе вельмі марудна. Прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка не паважае сваю палітычную апазыцыю, і некаторыя зь ягоных палітычных апанентаў бясьсьледна зьніклі. Пяцігадовая эканамічная праграма, ухваленая ў траўні 2000 года, прадугледжвае па-ранейшаму буйнамаштабнае ўмяшальніцтва дзяржавы ў эканоміку. Нягледзячы на тое, што саюз з Расеяй патрабуе паскарэньня прыватызацыйных працэсаў, існуючае заканадаўства забараняе патэнцыйным інвестарам мець больш за 50% акцыяў прамысловых прадпрыемстваў. Гэтаксама прыватнае землеўладаньне застаецца немагчымым у сельскагаспадарчым сэктары, дзе па-ранейшаму пануюць калгасы й саўгасы, што засталіся з савецкіх часоў. З прычыны сваёй няздольнасьці пачаць істотныя структурныя рэформы Беларусь ня мае магчымасьці атрымоўваць крэдыты ад Міжнароднага валютнага фонду – апошні такі крэдыт быў атрыманы ў 1995 годзе. Сёлета дзяржаўнае ўмяшальніцтва Беларусі ў эканоміку ацэненае на 1 бал горш. У выніку агульная адзнака сёлета пагоршылася на 0.10 бала і склала 4.35 з 5 магчымых па ступені эканамічнай несвабоды. Гандлёвая палітыка Адзнака: 3-стабільна (умераны ўзровень пратэкцыянізму) У Беларусі сярэдні тарыфны паказчык складае 4,79%. Нетарыфныя бар’еры ўключаюць вельмі высокі кошт ліцэнзіяў для кампаніяў, што займаюцца імпартаваньнем, а таксама некаторыя валютныя абмежаваньні для прадпрыемстваў, што спрабуюць імпартаваць сыравіну. Падатковы цяжар урада Адзнака – Падаходнае і карпаратыўнае падаткаабкладаньне: 3.5-лепш (высокія стаўкі падаткаў) Адзнака – Дзяржаўныя выдаткі: 5-стабільна (вельмі высокі ўзровень дзяржаўных выдаткаў) Выніковая адзнака: 4.5-стабільна (вельмі высокі кошт ураду) Найвышэйшая стаўка падаходнага падатку ў Беларусі складае 30%; сярэдні падаткаплацельшчык вымушаны плаціць па найвышэйшай 30%-най стаўцы. Найвышэйшы падатак на прыбытак кампаніяў складае 25% (раней – 30%). У 1999 годзе дзяржаўныя выдаткі склалі 32,3% валавага ўнутранага прадукту (ВУП). Дзяржаўнае ўмяшальніцтва ў эканоміку Адзнака: 4-горш (высокі ўзровень) Дзяржава спажывае каля 20% ВУП. У 1999 годзе Беларусь атрымала 2,15% ад усіх сваіх даходаў за кошт дзяржаўных прадпрыемстваў і ад выкарыстаньня маёмасьці, што належыць дзяржаве. Аднак ня трэба, базуючыся на гэтай лічбе, недаацэньваць сапраўдную ролю Беларускай дзяржавы ў эканоміцы. Паводле аддзелу інфармацыі чаcопіса The Economist, «пры нежаданьні адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі пайсьці на любыя фундаментальныя рэформы беларускай эканомікі, буйныя прамысловыя прадпрыемствы, што Беларусь атрымала ў спадчыну ад савецкіх часоў, застаюцца пад дзяржаўным кантролем, а іхняя прадукцыя па-ранейшаму складае большую частку нацыянальнай прамысловай вытворчасьці. Нават, калі ў выніку прыватызацыі ўзьнікаюць «недзяржаўныя» прадпрыемствы (у тым ліку – камэрцыйныя банкі), то яны па-ранейшаму застаюцца пад кантролем дзяржавы... У сельскай гаспадарцы саўгасы й калгасы працягваюць адыгрываць галоўную ролю». Прыняўшы да ўвагі павелічэньне дзяржаўнага ўмяшальніцтва ў эканоміку, адзнака ўраду Беларусі за ўмяшальніцтва ў эканоміку пагоршылася сёлета на 1 бал. Грашовая палітыка Адзнака: 5-стабільна (вельмі высокі ўзровень інфляцыі) З 1991 па 2000 сярэднеўзважаны гадавы паказчык інфляцыі ў Беларусі складае 199,61%. Прыток капіталу і замежнае інвеставанне Адзнака: 4-стабільна (значныя бар’еры) Палітычная нестабільнасьць, антызаходнія настроі, неэфектыўная бюракратыя, карупцыя, адсутнасьць прыватызацыі – усё гэта ідзе не на карысьць прыходу замежных інвестыцыяў. Дзяржава не дазваляе замежнікам валодаць зямлёй. Аддзел інфармацыі часопісу The Economist паведамляе, што «памер замежнага наўпроставага інвеставаньня – цяпер нейкія 256 мільёнаў даляраў – здаецца, па-ранейшаму застаецца найменшым для ўсяго рэгіёну. Нешматлiкія заходнія інвестары, якія адважыліся ўсё ж прыйсьці, ужо пакуюць валізкі, сутыкнуўшыся з неўтаймаванай і свавольнай бюракратыяй. Нават амэрыканскі Ford, узорна-паказальны беларускі інвестар з 1996 года, пераносіць свой аўтамабільны завод пад Санкт-Пецярбург». Банкаўская справа і фінансы Адзнака: 4-стабільна (высокі ўзровень абмежаванняў) Дзяржава працягвае ажыцьцяўляць занадта пільны кантроль за ўсёй банкаўскай індустрыяй. Беларускае заканадаўства прадпісвае, каб замежнае інвеставаньне ў банкаўскую справу, страхаваньне й біржы не перавышала 49% ад агульнага пакета акцыяў. Паводле аддзелу інфармацыі часопіса The Economist, «на пачатку 2001 года каля 27 камэрцыйных банкаў працягвалі сваю дзейнасьць... Гэтаксама камэрцыйныя банкі, хоць намінальна і незалежныя, часта траплялі пад прэс дзяржавы – ад іх патрабавалі выдаваць стратныя крэдыты прадпрыемствам некаторых галінаў прамысловасьці, а таксама набываць дзяржаўныя каштоўныя паперы. Нягледзячы на абяцаньні скончыць гэтую практыку, што ўрад даваў МВФ, ціск на камэрцыйныя банкі з патрабаваньнем прафінансаваць сельскагаспадарчы сэктар, працягваліся ў першым квартале 2001 года...» Узровень заробкаў і цэны Адзнака: 5-стабільна (вельмі высокі ўзровень умяшальніцтва) Усе прадпрыемствы трапляюць пад жорсткі цэнавы кантроль. Паводле Worldinformation.com, «прэзыдэнт Лукашэнка паступова адмяніў эканамічныя рэформы... зноў быў уведзены кантроль за коштамі... і дзяржава працягвае папярэджваць сыстэмны крызіс эканомікі коштам субсыдаваных крэдытаў прадпрыемствам, калгасам і саўгасам». BISNIS, рэсурсны цэнтр амэрыканскага Міністэрства гандлю для Новых Незалежных Дзяржаваў, паведамляе, што «ўсім беларускім прадпрыемствам, як дзяржаўным, так і камерцыйным, цяпер забараняецца падвышаць свае гуртовыя і раздробныя цэны вышэй за пэўныя ліміты, вызначаныя ўрадам». Маёмасныя правы Адзнака: 4-стабільна (нізкі ўзровень абароны) Заканадаўчая сістэма не можа ў поўнай меры забяспечыць абарону прыватнай маёмасці, а неэфектыўная судовая сістэма часта прымае супярэчлівыя рашэнні. Два гады таму, кіраўнік Беларусі падпісаў дэкрэт, які дазваляе прэзідэнту нацыяналізаваць маёмасць любой юрыдычнай або фізічнай асобы, якая толькі падазраецца ў нанясенні шкоды Беларускай дзяржаве. Паводле Дзяржаўнага дэпартамента ЗША, «на практыцы судовая ўлада не з’яўляецца незалежнай і нездольная стварыць супрацьвагу выканаўчый уладзе і яе прадстаўнікам. Рэформы, зацверджаныя ў 1995 годзе і скіраваныя на падтрымку незалежнасці судовай улады, застаюцца нявыкананымі... Прэзідэнт паводле Канстытуцыі таксама мае ўладу прызначаць і звальняць з пасады ўсіх цывільных і вайсковых суддзяў...» Бюракратызацыя эканомікі Адзнака: 5-стабільна (вельмі высокі ўзровень) Рэгулятыўна-бюракратычная сістэма ў Беларусі з’яўляецца па сутнасці антыпрадпрымальніцкай. Паводле Дзярждэпартамента ЗША, «палітычнае кіраўніцтва краіны супраціўляецца любым значным эканамічным рэформам і застаецца ідэалагічна прыхільным да планавай эканомікі». Аддзел інфармацыі часопіса The Economist апісвае карупцыю як «неўтаймаваную» і паведамляе, што дзяржава дамінуе ў эканоміцы праз «буйныя прадпрыемствы, што належаць дзяржаве або кантралююцца ёй, і чыё далейшае існаванне будзе заставацца асноўнай палітычнай мэтай – нягледзячы на іхнюю састарэласць і неэфектыўнасць». Вялікая колькасць як беларускіх, так і замежных кампаніяў пакінулі краіну з-за істотных і самавольных абмежаванняў, чый лік толькі падвышаецца. Чорны рынак Адзнака: 5-стабільна (вельмі высокі ўзровень актыўнасці) Чорны рынак, які ўжо быў досыць развіты, калі Беларусь была Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай, яшчэ павялічыўся ў памеры «дзякуючы» павольнаму ходу эканамічных рэформаў. Кантроль за цэнамі і нармаванне гэтаксама спрыяюць хуткаму развіццю ўжо квітнеючага нелегальнага сектара. Актыўнасць чорнага рынку праяўляецца ў кантрабандзе спажывецкіх тавараў і наркотыкаў, нелегальным аказанні транспартных і іншых паслугаў, а таксама і ў парушэнні правоў інтэлектуальнай уласнасці – такіх, як пірацтва аўдыё- і відэапрадукцыі і праграмнага забеспячэння. Аддзел інфармацыі часопіса The Economist прыводзіць у якасці прыкладу шырока распаўсюджаны незаконны гандаль валютай, які адбываецца дзякуючы «паўсюднаму кантролю за цэнамі, што толькі «раскручвае» чорны рынак».
|