Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Улады помсьцяць 11:05, 23/11/2001, “Народная воля”
Председатель Шкловской районной организации Белорусского народного фронта Старшыня Шклоўскай раённай арганізацыі Беларускага народнага фронту Рыгор Костусеў, які шэсьць гадоў працаваў дырэктарам раённай жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, стаў беспрацоўным. Як ён сцьвярджае, улады прымусілі яго напісаць заяву па ўласным жаданьні. Першыя кпіны прадстаўнікоў улады ў бок дырэктара жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Шклоўскага раёну прагучалі ў 1995 годзе, калі яго абралі старшынём мясцовай арганізацыі Фронту. Пасьля, праз год, ён увайшоў у склад Сэйму БНФ. Усе гэтыя гады ён актыўна ўдзельнічаў у палітычных акцыях. Калі пачаліся прэзыдэнцкія выбары, узначаліў раённую ініцыятыўную групу Сямёна Домаша. Ягоная актыўная палітычная дзейнасьць была як бяльмо на воку для мясцовай вертыкалі. Як так, Шклоўшчына – радзіма Лукашэнкі, а тут такія выступы.
Нарэшце, прычапіцца не было да чаго. Дырэктар са сваёй працай спраўляўся. Пацьвярджаў граматамі. Летась ў спаборніцтвах па эксплуатацыі жыльлёвага фонду жыльлёва-камунальная гаспадарка Шклоўскага раёну заняла першае месца ў Магілёўскай вобласьці, другое – у краіне. Спробы звольніць яго з працы пацярпелі няўдачу. Спадар Костусеў катэгарычна адмаўляўся пісаць заяву аб звальненьні з працы па ўласным жаданьні.
Таму людзі пры ўладзе пайшлі па іншаму сцэнару. Пры аблвыканкаме мірна існавала дробная камунальная служба, так званае рамонтна-будаўнічае ўпраўленьне. Рашэньнем улады яго перадалі ў раённую ўласнасьць. А пасьля вырашылі аб’яднаць з мясцовай жыльлёва-камунальнай гаспадаркай, той самай, якой кіруе Костусёў. У выніку гэтага гаспадарка набыла новы статус.
Адпаведна трэба прызначыць новага кіраўніка. У выніку намесьнік старшыні райвыканкаму Яўген Семянковіч прадстаўляе новага дырэктара – начальніка гэтага ж упраўленьня, у складзе якога – 46 прадстаўнікоў. Заўважце, але не спадара Костусева пад кіраўніцтвам якога ў жыльлёва-камунальнай гаспадарцы Шклоўскага раёну працавала звыш 500 чалавек. Яму прапанавалі сьціплую пасаду – галоўнага механіка. Супрацоўнік ЖКГ напісаў ліст у райвыканкам, але гэта не дапамагло. Рыгор Костусёў ня вытрымаў. “Я ня мог болей трываць, працаваць у такой атмасфэры, – адзначыў былы дырэктар. – Увесь час прыціскаюць, шукаюць кампрамат, пужаюць. Я зразумеў, што мяне выціснуць у любым выпадку”.
Рыгор Костусёў шукае працу. Ягоны лёс хутчэй не выключэньне, а тыповая прыкмета нашага часу. Без працы засталіся дзесяткі й сотні нашых суайчыньнікаў, былых незалежных назіральнікаў, актывістаў ініцыятыўных групаў кандыдатаў у прэзыдэнты. Напэўна, гэта не апошнія ахвяры дзяржаўнай машыны. Яны яшчэ будуць. Але наўрадці гэтыя меры дапамогуць уладам захаваць уладу. Хутчэй, вырасьце колькасьць незадаволеных апазыцыйных людзей. І актыўнасьці ў іх прыбавіцца.