Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Лукашэнка падавіць бунт. Бяссэнсоўна і жорстка 11:08, 23/11/2001, КоммерсантЪ
Учора ў Менску быў арыштаваны начальнік упраўленьня чыгункі, член Савету рэспублікі нацыянальнага сходу Беларусі Віктар Рахманько. Акрамя таго, затрыманы дырэктар прадпрыемства па вытворчасьці халадзільнікаў “Атлант” Леанід Калугін, а таксама дырэктар менскага стадыёну “Трактар” Уладзімер Алейнікаў. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, “на чарзе яшчэ чалавек пятнадцаць”.
Скандал вакол Беларускай чыгункі разгарэўся пасьля праверкі, праведзенай камітэтам дзяржкантролю. Яна выклікала гнеўныя заявы Аляксандра Лукашэнкі аб “вопиющих образцах коррупции, расхитительства и злоупотреблениях властью” з боку службовых асобаў упраўленьня БЧ. Таму нядзіўна, што пры арышце ня бралі ў разьлік ні дэпутацкую недатыкальнасьць спадара Рахманькі, ні той факт, што ў “нацыянальны сход” ён быў прызначаны самім Лукашэнкам. Цікава, што традыцыйны для Аляксандра Лукашэнкі ўдар па сталу быў выкліканы актам праверкі, у якім, па словах спэцыялістаў, няма нічога страшнага.
Дакумэнт з 80 старонак утрымлівае толькі сьпіс дробных парушэньняў, па якіх крымінальныя справы заводзіць няма асаблівых падставаў. Адзінае, да чаго здолелі прычыпіцца сьледчыя, -- пастаўкі нафтапрадуктаў для БЧ. Знайшлася ўсяго адна левая партыя 20 т паліва (менш, чым зьмяшчаецца ў адну чыгуначную цыстэрну), якую кантралёры ацанілі ў 25 тыс.даляраў. Па іншай справе быў арыштаваны дырэктар прадпрыемства па вытворчасьці халадзільнікаў “Атлант” Леанід Калугін. У Беларусі ён перш за ўсё вядомы сваёй непамернай любоўю да праваслаўнай царквы, ажно да арганізацыі абавязковых малебнаў для супрацоўнікаў “Атланту”. Былы добры знаёмы Лукашэнкі Леанід Калугін трапіў у няміласьць, пасьля таго як улетку нечакана вылучыў сваю кандыдатуру на выбары главы дзяржавы. Спачатку гэта ўспрынялі як тактычны ход каманды Лукашэнкі: Аляксандар Лукашэнка і Леанід Калугін выходзяць у другі тур, а пасьля кіраўнік “Атланту” сваю кандыдатуру здымае. Аднак спадар Калугін не набраў неабходных для ўдзелу ў выбарах 100 тыс. подпісаў і ў сьпіс кандыдатаў ня трапіў. Аналітыкі патлумачылі спробу балятавацца дзівакаватасьцю Леаніда Калугіна. Аднак Аляксандра Лукашэнку такія тлумачэньні, напэўна, не задаволілі.
На мінулым тыдні стала вядома, што з ініцыятывы камітэту дзяржкантролю на прадпрыемстве “Атлант” уводзіцца “залатая акцыя”. У выніку дзяржава, якая мае 26,5% акцыяў, атрымала правы ўладальніка кантрольнага пакету. Афіцыйна новаўвядзеньне тлумачылася тым, што прадпрыемства не разьлічылася за 44 млн. даляраў японскага крэдыту, выдаткаванага ў 1993 годзе пад гарантыі ўраду Беларусі. Запазычанасьць меркавалася пагасіць да верасьня гэтага году. Пра тое, што гэта ня ўдасца, стала вядома папярэдне. У ліпені старшыня Мінфіну павінен быў правесьці з японскім бокам перамовы аб адтэрміноўцы выплаты крэдыту на 3-3,5 гады. Але сустрэчы зашкодзіла раптоўнае вылучэньне спадара Калугіна на пасаду прэзыдэнта, а таксама сьмерць чыноўніка Мінфіну, які зьбіраўся весьці гэтыя перамовы. У выніку запазычанасьць “Атланту” да гэтага часу складае больш за 20 млн. даляраў. Напэўна, у Беларусі пачынаецца буйнамаштабная чыстка. Ужо прад’яўлена абвінавачваньне ў атрыманьні хабару й фінансавых парушэньнях дырэктару сталічнага стадыёну “Трактар” Уладзімеру Алейнікаву. Магчыма, гэта першы крок сьледчых ворганаў на шляху да дырэктара Менскага трактарнага завода Міхаіла Лявонава. Так ці інакш, няма сумневаў, што трэба чакаць новых гучных справаў. Як заявіў учора Аляксандар Лукашэнка, "на очереди еще человек пятнадцать". Пры гэтым ён падкрэсьліў, што асабліва шмат крыміналу ён назірае ў Міністэрстве аховы здароўя. Так што ў хуткім часе Беларусь, напэўна, чакае “справа дактароў”.