Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Свабодны прафсаюз металістаў МТЗ просіць падтрымкі ў барацьбе са свавольствам уладаў 11:10, 23/11/2001
Члены першаснай арганізацыі свабоднага прафсаюзу металістаў Менскага трактарнага заводу зьвярнуліся да кіраўніцтва Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай, Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў і прафкаму МТЗ з просьбаю падтрымаць іх “у барацьбе са свавольствам уладаў”. Як гаворыцца ў звароце, “улады ў рамках плянамернага наступу на правы працоўных вось ужо тры гады праводзяць няспынную працу па ліквідацыі прафсаюзнай арганізацыі свабоднага прафсаюзу металістаў на Менскім трактарным заводзе”.
З 1998 году, адміністрацыя МТЗ у аднабаковым парадку спыніла выконваць свае абавязацельствы па выкананьні ўмоваў калектыўнай дамовы з арганізацыяй СПМ, а старшыня прафсаюзнай арганізацыі Вячаслаў Козел не дапускаецца на тэрыторыю заводу і пазбаўлены тэлефоннай сувязі. Адміністрацыя МТЗ ухіляецца ад перамоваў па калектыўнай дамове. Пры гэтым не выконваецца рашэньне Рэспубліканскага працоўнага арбітражу ад 13 сакавіка 2000 году, якое абараняе правы працаўнікоў МТЗ – членаў свабоднага прафаюзу. Улады адмаўляюць прафсаюзнай арганізацыі ў рэгістрацыі, замарожаны ейны рахунак у банку.
Канфлікт абвастрыўся 14 лістапада гэтага году. Прадстаўнікі адміністрацыі прадпрыемства МТЗ “Культсэрвіс” без тлумачэньня прычынаў і пры адсутнасьці членаў прафсаюзу зламілі дзьверы ў пакой Савету прафсаюзнай арганізацыі і правялі там дошук. Прафсаюзу было прадпісана вызваліць памяшканьне. У супраціўным выпадку адміністрацыя “Культсэрвісу” пагражае самастойна вынесьці маёмасьць прафсаюзу на склад прадпрыемства.
У гэтай сытуацыі члены Свабоднага прафсаюзу металістаў МТЗ наладзілі кругласутачнае дзяжурства ў пакоі. Як адзначаецца ў звароце, “яны поўныя рашучасьці адэкватна адказаць на любыя дзеяньні ўладаў”. Прадстаўнікі “пярвічкі” СПМ трактарнага заводу заклікаюць калегаў з Федэрацыі прафсаюзаў і Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў праявіць салідарнасьць. Толькі так, адзначаецца ў звароце, можна адстаяць свае працоўныя правы і законныя інтарэсы.