Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
За Калугіна ручаюцца працоўныя, а Рахманько гатовы «здаць» калегі – «дэпутаты» 11:16, 23/11/2001
Былы кіраўнік Беларускай чыгункі Віктар Рахманько, вызвалены ад сваёй пасады 22 лістапада, згодна Канстытуцыі ня можа быць арыштаваным бяз згоды верхняй палаты “парлямэнту”. Аднак у гэтай сытуацыі ўсё вырашыцца адназначна: калегі, калі пра гэта просіць Лукашэнка, дадуць згоду на зьняцьце імунітэту з Віктара Рахманько. А пасьля ён можа падзяліць лёс некаторых экс-міністраў, якія зьведалі казённай ежы. Да суда і пасьля...
Пакуль вядома, што ніякіх матэрыялаў з Пракуратуры, датычных да далейшага лёсу былога начальніка беларускай чыгункі й “дэпутата” Віктара Рахманько, у палату тэрытарыяльнага прадстаўніцтва беларускага “парлямэнту” пакуль не паступіла. Справа ў тым, што калі ў праваахоўчых ворганах зьяўляецца неабходнасьць арыштаваць парлямэнтара ці іншым чынам пазбавіць яго асабістай свабоды, то, згодна артыкулу 102 Канстытуцыі, зрабіць гэта можна толькі з папярэдняй згоды “савету рэспублікі” – за выключэньнем выпадкаў зьдзяйсьненьня дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства, а таксама затрымання на месцы зьдзяйсьненьня злачынства.
Што да факту ўзбуджэньня крымінальнае справы адносна Віктара Рахманько, то артыкулам 47 закону “Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу РБ” прадугледжана: “Крымінальная справа адносна дэпутата Палаты прадстаўніка, члена Савету Рэспублікі можа быць узбуджаным толькі генэральным пракурорам РБ...” Што і было зроблена Віктарам Шэйманам. Крымінальная справа адносна “дэпутата” будзе разглядацца толькі Вярхоўным судом.
І адносна ўчорашняга арышту кіраўніка ЗАТ “Атлант” Леаніда Калугіна – сёньня працоўны калектыў ЗАТ “Атлант” на сваім сходзе выказаў поўны давер Л.Калугіну. Удзельнікі сходу заявілі пра сваю ўпэўненасьць у невіноўнасьці Л.Калугіна і выступілі з прапановамі зьвярнуцца да кіраўніцтва краіны і праваахоўчых ворганаў з просьбай зьмяніць Л.Калугіну меру пакараньня і выпусьціць яго з-пад варты пад падпіску аб нявыезьдзе. Афіцыйныя прадстаўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю РБ пакуль адмаўляюцца камэнтаваць арышт кіраўніка буйнога прадпрыемства.