Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
За звальненьнем з пасады начальніка ДАІ МУС палкоўніка міліцыі Аляксея Чуднікава падаў у адстаўку начальнік Менскай дзяржаўтаінспэкцыі палкоўнік Анатоль Сідарэня. На гэтай пасадзе ён прабыў больш за 10 гадоў. Даведацца пра прычыны адстаўкі галоўнага “даішніка” сталіцы аказалася справаю на рэдкасьць праблематычнай. Яно і зразумела: бо размова йшла пра гонар высокіх супрацоўнікаў далёка не шэраговага сілавога ведамства, якім сёньня зьяўляецца МУС.
Пачалося ўсё з трагічнай гібелі двух студэнтаў недзяржаўнага вну, зьбітых “Аудзі-100” (гл. "БГ" N41 ад 22 кастрычніка 2001г.). Няшчасны выпадак здарыўся ноччу пад Менскам, што дапамагло вадзіцелю зьбегчы, а целы ахвяраў – хлопца й дзяўчыны – так і засталіся ляжаць на праезджай частцы. У сувязі з гібельлю людзей, упраўленьне сьледчага камітэту па Менску й Менскай вобласьці 2 кастрычніка ўзбудзіла крымінальную справу па артыкулу за “парушэньне правілаў дарожнага руху ці эксплюатацыі аўтадарожных транспартных сродкаў, што пацягнула па неасьцярожнасьці гібель дзьвюх і больш асобаў”, дзе фігурыравала прозьвішча 25-гадовага інсьпектара ДПС ДАІ Кастрычніцкага РУУС сталіцы сяржанта міліцыі Віталя Зайца. Як высьвятлілася, другім пасажырам “Аудзі-100” быў старэйшы інсьпектар 2-га узводу Кастрычніцкага ДАІ старэйшы лейтынант Зьміцер Ламака.
Пасьля падзеі разгортваліся наступным чынам. Загадам міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава было прызначана службовае расьсьледаваньне. За ўчыненьне дзеяньняў, якія дыскрэдытуюць званьне супрацоўніка міліцыі, утойваньне факту ДТЗ ад кіраўніцтва Заяц і Ламака былі звольненыя са службы. Згодна загаду міністра, намесьніку начальніка ГУУС Менскага гарвыканкаму Сяргею Саланцу аб’яўленая строгая вымова. Гэтую ж меру дысцыплінарнага спагнаньня прымянілі да начальніка Кастрычніцкага РУУС Валеры Яромкіна, ягонага намесьніка Ігара Чубанава, а таксама начальніка аддзелу ДПС упраўленьня ДАІ Ігара Ваніцкага. Акрамя іх пад раздачу трапілі начальнік ДАІ Кастрычніцкага раёну Віктар Марцінкевіч і начальнік аддзелу ДПС упраўленьня ДАІ Аляксандар Кардаш – за адсутнасьць патрбнага кантролю абодвум аб’явілі аб няпоўнай службовай адпаведнасьці з паніжэньнем па пасадзе і выкарыстаньнем іх “па-за службай Дзяржаўтаінсьпекцыі”. Пытаньне аб няпоўнай службовай адпаведнасьці паўстала і адносна начальніка Менскага рэгіянальнага экспэртнага аддзелу №1 ДАІ Мінгарвыканкаму капітана міліцыі Мікалая Караткевіча.
Апошні пункт загаду шэфа МУС абавязваў першага намесьніка міністра генэрал-маёра Аляксандра Шчурко ўнесьці прапановы аб адказнасьці і адпаведнасьці займаемым пасадам начальніка упраўленьня ДАІ МУС Аляксея Чуднікава і намесьніка начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі – начальніка ўпраўленьня дзяржаўнай аўтаінсьпекцыі ГУУС Менскага гарвыканкаму Анатоля Сідарэні.
Як вядома, на пасаду начальніка рэспубліканскай ДАІ прызначаны падпалкоўнік Леанід Фармагей. Нядаўна ён быў камандзірам спэцпадразьдзяленьня “Страла”, адтуль сыйшоў на пасаду начальніка ўпраўленьня Дзяржаўтаінсьпекцыі Менскай вобласьці. Пасада начальніка сталічнай ДАІ пакуль вакантная.
На 30 лістапада заплянавана паседжаньне калегіі МУС, дзе будзе разглядацца у тым ліку і пытаньне аб стане дысцыпліны й законнасьці ў органах унутраных справаў краіны.