Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Члены працоўнай групы па Беларусі вывучаюць сытуацыю з мас-медыя 11:15, 26/11/2001
Сёньняшні дзень знаходжаньня ў Менску спэцыяльнай рабочай групы па Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ ў складзе Уты Цапф і Урбана Аліна пачаўся зь дзелавога абеду з кіраўнікамі Беларускай асацыяцыі журналістаў. Прэзыдэнт БАЖ Жанна Ліцвіна, віцэ-прэзыдэнт Андрэй Бастунец і іншыя журналісты ахарактарызавалі сытуацыю з мас-медыя ў краіне як неадпаведную стандартам свабоды слова. Прадстаўнікі БАЖ прывялі шмат фактаў уціску ўладаў на незалежныя СМІ.
У прыватнасьці, да кіраўнікоў і журналістаў шэрагу незалежных газэтаў (“Вольны горад”, “Пагоня”, “Рабочы”) існуе судовы перасьлед за распаўсюд нібы паклёпніцкіх матэрыялаў адносна Аляксандра Лукашэнкі. А газэта “Пагоня” наогул закрыта, хоць, на думку незалежных юрыстаў, такое рашэньне суда ня мела пад сабой ніякіх падставаў.
Прадстаўнікі БАЖ зьвярнулі ўвагу дэлегацыі і на эканамічную дыскрымінацыю незалежных мас-медыя. Тарыфы на друк і дастаўку незалежных газэтаў значна пераўзыходзяць аналягічныя тарыфы для дзяржаўных СМІ. Плянуецца, што з 1 студзеня 2002 году яны будуць павялічаныя яшчэ ў паўтары разы.
Кіраўніцтва БАЖ папрасіла дэлегацыю падтрымаць ініцыятыву Беларускай асацыяцыі журналістаў аб правядзеньні міжнародных слуханьняў аб становішчы СМІ ў Беларусі.
У другой палове дня дэлегацыя плянуе сустрэцца зь міністрам інфармацыі Беларусі Міхаілам Падгайным. Як сказала Ута Цапф, мэта гэтай сустрэчы – атрымаць адказы на ўзьніклыя ў дэлегацыі пытаньні, а таксама пачуць думку міністра наконт сытуацыі з СМІ ў Беларусі. Не выклікае сумневаў і тое, што ягоны погляд на сытуацыю зь беларускімі СМІ будзе дыямэтральна супрацьлеглым.