Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пракуратура запытала ў “дэпутатаў” дазвол рэпрэсіраваць іх калегу 11:20, 28/11/2001
У “савет рэспублікі нацыянальнага сходу” паступіла, нарэшце, паведамленьне з пракуратуры даць згоду на пазбаўленьне кіраўніка Беларускай чыгункі Віктара Рахманько “дэпутацкай недатыкальнасьці”. З моманту завядзеньня крымінальнае справы супраць члена “савету” Рахманькі прайшоў тыдзень.
Як ужо паведамлялася, генэральны пракурор рэспублікі Віктар Шэйман даклаў главе беларускай дзяржавы пра вынайдзеныя падчас праверак на БЧ, шматлікія факты парушэньня заканадаўства пры ажыцьцяўленьні фінансава-гаспадарчай дзейнасьці. Дапушчаных злоўжываньняў пры рамонце транспартных сродкаў і пастаўцы паліва для патрэбаў чыгункі, пры будаўніцтве й разьмеркаваньні жылых памяшканняў хапіла, каб пераканаць Аляксандра Лукашэнку зьняць кіраўніка Беларускай чыгункі з пасады і падтрымаць прапанову аб узбуджэньні крымінальнае справы.
Арыштаваць Віктара Рахманько не дазваляе Канстытуцыя, таму што экс-начальнік БЧ зьяўляецца членам “верхняй палаты парлямэнту”.
Дзень таму “сьпікер верхняй палаты” заявіў журналістам, што ў “савет рэспублікі” не паступалі дакумэнты з пракуратуры на Рахманько. Значыць, не паўставала пытаньне і пра пазбаўленьне яго дэпутацкай недатыкальнасьці. І тым не менш экс-начальнік БЧ затрыманы, па некаторых зьвестках, на вуліцы, калі накіроўваўся на сустрэчу са сваімі польскімі сябрамі, што прыехалі ў Менск, і зьмешчаны ў сьледчы ізалятар. Гэта сьведчыць, па-першае, аб тым, што за Віктарам Рахманько назіралі. Па-другое, калі яго зьмесьцілі пад варту, значыць, згодна закону, ён зьдзейсьніў з палякамі здраду радзіме. Другога варыянту для арышту заканадаўства не прадугледжвае...
Спробы журналістаў атрымаць камэнтар адносна зьмяшчэньня Віктара Рахманько ў адзін зь менскіх СІЗА ня мелі посьпеху. Адказныя работнікі МУС адмаўляюцца абмяркоўваць гэтую тэму. Усё, што адбылося з Віктарам Рахманько, яшчэ раз даказвае, што парлямэнцкая недатыкальнасьць у Беларусі, як і сам “парлямэнт” – пусты гук, дэклярацыя і ня больш за тое. Больш таго, ніхто не сумняваецца, што іншыя “сенатары” абараняць калегу ня стануць. Пра сябе думаць трэба...