 | ПАЛIТЫКА |  |

Чыгуначнікам не да сьвята 11:42, 29/11/2001, Радыё Рацыя

28 лістапада Беларуская чыгунка мелася сьвяткаваць свой юбілей. Але сьвята было адкладзенае на няпэўны тэрмін. 130 гадоў таму па чыгуначнай лініі Масква-Варшава пачаўся рух цягнікоў. Першы цягнік выйшаў з Воршы, таму супрацоўнікі тамтэйшага дэпо рыхтаваліся да сьвята асабліва старанна й нават замовілі на Менскім гадзіньнікавым заводзе адмысловыя гадзіньнікі з выявамі помніка К. Заслонаву й паравоза. Меркавалася, што на ўрачыстым паседжаньні будуць узнагароджаныя кожны другі з 1,5-тысячнага калектыву чыгуначнікаў. Аднак сьвяткаваньням перашкодзіў арышт кіраўніка Беларускай чыгункі Рахманько. Цяпер у Воршу наехала правяральшчыкаў з Камітэту фінансавых расьсьледаваньняў. 
Расейскі й беларускі рэжымы зноў кажуць пра адзіную ваенную групоўку 11:41, 29/11/2001

Падчас сумеснай калегіі ваенных ведамстваў Расеі й Беларусі, што завяршылася ў Маскве, абмяркоўваліся пытаньні аб парадку ўпраўленьня рэгіянальнай групоўкай войскаў Расеі й Беларусі, а таксама дапрацаваны праект сумеснай праграмы ўзбраеньня дзяржаў-удзельніц саюзнага ўтварэньня на пэрыяд 2001-2005. 
На заводзе “Ратон” – свая “мінімалка” 11:40, 29/11/2001

З 14500 да 19500 рублёў павялічваеццаа ў сьнежні сярэднерэспубліканская тарыфная стаўка першага разраду пасьля чарговага росту мінімальнага заробку. А вось Гомельскае ВП “Ратон” працягвае жыць па сваіх мерках: арганізацыя ўсталявала тут памер тарыфнай стаўкі першага разраду ў 7200 рублёў і ніяк не пагаджаецца хоць неяк наблізіць яе да ўзроўню сярэднерэспубліканскай. Такім чынам, на прадпрыемстве спрабуюць вырашыць праблему лішкавых людзей: не скарачэньнем, што цягне за сабой значныя фінансавыя выдаткі, а “выцісканьнем”, стварэньнем такіх умоваў, каб людзі сыходзілі самі. Вядома, што на “Ратоне” гатовыя пазбавіцца ад 500 працаўнікоў, якія сталі непатрэбнымі. 
Арганізацыі таксама крадуць электрычнасьць 11:39, 29/11/2001

Сотнямі налічваецца колькасьць неплацежаздольных абанентаў у сямі раёнах Гомельшчыны, якія абслугоўваюць філію РУП “Гомельэнэрга” – “Мазырскія электрасеці”. Толькі з пачатку году адключылі за даўгі каля 800 аб’ектаў, сярод якіх больш за дзесятак прадпрыемстваў рознай формы ўласнасьці, а асноўная частка – прыватныя дамы. Энэргетыкі адзначаюць і такі факт: калі раней крадзяжамі электраэнэргіі грашылі прыватнікі, то зараз колькасьць злачынстваў ня толькі вырасла, але і папоўнілася саліднымі з выгляду прадпрыемствамі й арганізацыямі. 
Беларусь марыць пра саюз з недаверлівай Расеяй 11:38, 29/11/2001, Cristian Science Monitor

Прадстаўнікам Захаду, якія заклікаюць да пашырэньня НАТА, варта зьвярнуць увагу на тое, што на ўсходнім фронце ўсё ня так і проста. Можа паказацца, што надзеі Менску на ўмацаваньне створанага ў 1999 г. расейска-беларускага “славянскага” саюзу, адна з задачаў якога – супярэчыць усходнему паходу НАТА – атрымалі чарговае падмацаваньне. Аляксандар Лукашэнка сцьвярджае, што атрымаў сакрушальную перамогу і набраў 75% галасоў на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах. Пры гэтым Дзярждэпартамэнт ЗША заяўляе, што ня можа прызнаць гэтыя вынікі, а эўрапейскія назіральнікі назвалі выбары “недэмакратычнымі”. Чалавек, якога часта называюць “апошнім эўрапейскім дыктатарам” можа правесьці пры ўладзе яшчэ пяць гадоў, спрабуючы ўбіць квадратны цьвік свайго савецкага сацыялістычнага рэжыму ў кругую расейскую, усё больш і больш рынкава арыентаваную дзірку. 
Лукашэнка працягвае перамовы з “ЛУКОЙЛам” 11:37, 29/11/2001

Праекты ўзаемавыгоднага супрацоўніцтва, якія расейскае адкрытае акцыянернае таварыства “Нафтавая кампанія “ЛУКОЙЛ” хацела б рэалізаваць у Беларусі, абмяркоўваліся сёньня на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком кампаніі Вагітам Алекперавым. 
КДБ шукае тэрарыстаў у студэнцкім асяродку 11:36, 29/11/2001

У Камітэце дзяржаўнай бяспекі Беларусі не выключаюць, што ў краіне пад выглядам замежных студэнтаў могуць знаходзіцца асобы, датычныя да міжнародных тэрарыстычных арганізацыяў. Пра гэта 28 лістапада заявіў намесьнік старшыні беларускага КДБ Валянцін Нікіцін. 
У Берасьцейскай вобласьці магчымыя абмежаваньні падачы цяпла ў дамы і "веерныя" адключэньні электраэнэргіі 11:35, 29/11/2001

Кіраўніцтва Берасьцейскай вобласьці не выключае, што ў цяперашні ацяпляльны пэрыяд могуць быць уведзены абмежаваньні падачы цяпла ў дамы, а таксама "веерныя" адключэньні электраэнэргіі ў гарадох і раёнах вобласьці. Паводле зьвестак БелаПАН, пра гэта гаварылася на нарадзе ў старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму Васіля Далгалёва, якая адбылася напачатку бягучага тыдня і ў якой узялі ўдзел прэзыдэнты канцэрнаў "Белэнэрга" - Яўген Мішук і "Белпаліўгаза" - Эдуард Таўпенец. 
Працоўныя з Магілёву ідуць на паклон да ўладаў 11:34, 29/11/2001

Працоўныя Магілёўскага машынабудаўнічага заводу накіравалі на імя главы дзяржавы адкрыты зварот. Яны просяць Аляксандра Лукашэнку стварыць "кампетэнтную камісію" з мэтай вываду прадпрыемства з крызы без яго ліквідацыі. "Са жніўня бягучага года, - гаворыцца ў звароце, - калектыву не выплочваецца зарплата. З-за адсутнасьці зваротных сродкаў завод апошнія два месяцы не працуе. Самае страшнае, што кіраўніцтва прадпрыемства апусьціла рукі і не бачыць пэрспектываў для ліквідацыі цяжкасьцей".
Жнівеньскі заробак у лістападзе 11:33, 29/11/2001

выплачаны нарэшце на Гомельскім радыёзаводзе на гэтым тыдні. Калі з працоўным калектывам разьлічацца за верасень, пакуль невядома. 
Тэрмін за хабар 11:32, 29/11/2001

Да 10 месяцаў арышту з канфіскацыяй маёмасьці і забаронай займаць якую-небудзь пасаду, зьвязаную з арганізацыйнай дзейнасьцю, суд Цэнтральнага раёну Гомлі прысудзіў былога першага прарэктара Гомельскага медінстутута Яўгена Сакалоўскага. Яго прызналі віноўным у адным эпізодзе атрыманьня хабару. У сувязі з тым, што да вынясеньня прысуду падсудны 10 месяцаў знаходзіўся пад вартай, асуджаны быў вызвалены з-пад варты ў залі суда. 
На беларускім рынку прадаецца ад 25 да 50 адсоткаў падробак 11:31, 29/11/2001

Па сьведчаньні шэрагу буйных міжнародных кампаніяў, аб’ём падробленай прадукцыі, што рэалізуецца на тэрыторыі Беларусі пад прыкрыцьцём таварных знакаў, складае ад 25 да 50 адсоткаў. Людзі рызыкуюць сваім здароўем, калі набываюць нізкаякасныя лекі, напоі й прадукты харчаваньня. Фальшыўкі, што запаланілі рынак, падрываюць давер да вядомых таварных знакаў і брэндаў. Вялізныя сродкі, недаатрыманыя ў выглядзе падаткаў, мытных пошлінаў і іншых збораў, губляе і дзяржбюджэт. Зьніжаецца аб’ём айчынных і замежных інвестыцыяў, паколькі капіталы ідуць туды, дзе абарона аўтарскіх правоў арганізавана больш надзейна. Парушэньні правоў інтэлектуальнай уласнасьці зьяўляюцца адной з галоўных перашкодаў разьвіцьця двухбаковых гандлёвых зносінаў паміж дзяржаваю й краінамі Эўразьвязу. Такі лейтматыў дыскусіі, што адбылася на міжнародным сэмінары для суддзяў, які завяршыўся ў Менску 29 лістапада. 
“Калядны” беспарольны тарыф 11:30, 29/11/2001

уводзіць з 1 сьнежня гэтага году па 31 студзеня 2002 году рэспубліканскае аб’яднаньне "Белтелеком" для ўсіх карыстальнікаў беспарольнага доступу ў Інтэрнэт. Ягоная велічыня ў сярэднем на 10 адсоткаў ніжэй звычайнага. Дзеяньне новага тарыфу распаўсюджваецца на працу ў Інтэрнэце ў працоўныя дні з 8.00 да 20 гадзінаў. У астатні час тарыфы засталіся ранейшымі. 
Абвінавачаньне былому дырэктару ЗАТ "Атлант" Леаніду Калугіну будзе прад`яўлена 30 лістапада 11:29, 29/11/2001

Абвінавачаньне былому дырэктару менскага ЗАТ "Атлант" Леаніду Калугіну будзе прад`яўлена 30 лістапада, паведамляе БелаПАН. Сёньня яму прад`яўлены абвінавачанні па артыкулах 424, частка 3 Крымінальнага кодэксу (злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі); 225 (невяртаньне з-за мяжы замежнай валюты); 233, частка 2 (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць). Калугін, у прыватнасьці, абвінавачваецца ў нямэтавым выкарыстоўваньні крэдыту ў памеры 14,5 млн. даляраў ЗША, а таксама ў тым, што адмовіўся закрыць разліковы рахунак прадпрыемства ў адным з маскоўскіх банкаў і вярнуць у Беларусь сродкі, якія былі выручаны ад продажу халадзільнікаў у Расеі. Апрача таго, Калугін абвінавачваецца ў незаконным продажы золата й срэбра. 
Віктар Шэйман не жадае сустракацца з Зінаідай Ганчар? 11:28, 29/11/2001

“Народная воля” ўжо пісала аб тым, што жонка Віктара Ганчара, пасьля таго як у прэсе апублікавалі рапарты генэрала Лапаціка й палкоўніка Алкаева, цьвёрда вырашыла сустрэцца з высокапастаўленымі персонамі, чые прозьвішчы згадваюцца ў дакумэнтах і пазначаны “Сов.секретно”. Прыкладна чатыры месяцы таму Зінаіда напісала ліст з просьбай аб сустрэчы генэральнаму пракурору Беларусі Віктару Шэйману. 
Сьлізкая сьцяжынка: за што арыштаваны глава Беларускай чыгункі 11:27, 29/11/2001, Время Новостей

Актыўнасьць генпракуратуры Расеі, што ўзялася за высокапастаўленых чыноўнікаў, стала заразьлівай для беларускіх калег. Напярэдадні перамоваў у Маскве Ўладзімера Пуціна з Аляксандрам Лукашэнкам, пры спробе пакінуць краіну быў затрыманы былы кіраўнік Беларускай чыгункі Віктар Рахманько. У Менску справу Рахманько зьвязваюць са справаю ягонага расейскага калегі Мікалая Анісенкі. Двух чыгуначнікаў зьвязваюць добрыя асабістыя адносіны. Кажуць, нібыта ў свой час прызначэньне Рахманькі на пасаду начальніка БЧ пралябіраваў менавіта сп.Анісенка. 
Што за чыноўнік, якога баіцца нават Лукашэнка? 11:26, 29/11/2001

Падчас сустрэчы з актывам Менску й Менскай вобласьці Лукашэнка доўга трымаў па стойцы “смирно” старшыню аблвыканкаму Мікалая Дамашкевіча і вымаўляў яго за ўчынкі нейкага раённага “вертыкальшчыка”. Прозьвішча яго ён не назваў. Але даў зразумець, што размова йдзе пра крымінальныя рэчы. Абураны Аляксандар Рыгоравіч рэзка пытаўся ў Дамашкевіча: “Скажи, скажи, как он попал к тебе на работу?” Нібыта ня ведае – бо сам падпісвае ўказы аб прызначэньні чыноўнікаў на “вертыкальныя” пасады. Зрэшты, калі ёсьць сур’ёзныя прэтэнзіі да нейкага раённага начальніка, чаму б не назваць прозьвішча? Але Лукашэнка не назваў, прамаўчаў і Дамашкевіч. А па вобласьці пайшлі чуткі. У той самы дзень у прафсаюзнай газэце “Беларускі час” зьявіўся артыкул пад назовам “Салодкае жыцьцё можа скончыцца”. Напэўна, размова там ідзе пра таго чыноўніка, якога так “драконіў” Лукашэнка. 
Дванаццаць прэзыдэнтаў на юбілей мерцьвяка 11:25, 29/11/2001, Известия

Да 10-годдзя Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў расейскі Цэнтрабанк выпускае манеты: медна-нікелевы рубель і срэбныя тры рублі. Калі лічыць па наміналу, то ў агуле атрымоўваецца 10 мільёнаў і 22 з паловаю тысячы рублёў – не так і шмат у якасьці падарунка да юбілею адразу дванаццаці дзяржавам. Але ўсё ж варта набыць манетку. На памяць. Да наступнай круглай даты ЦБ можа не зрабіць такі крок – магчыма, краіны СНД будуць адзначаць зусім іншыя сьвяты. Юбілей адзначаць у пятніцу урачыста-працоўным самітам. Беларусь і Казахстан марылі стаць гаспадарамі сустрэчы – асноўныя дакумэнты Садружнасьці былі падпісаныя 10 гадоў таму менавіта на іх тэрыторыях, у Белавежскай пушчы і Алма-Аце. Перамагла Масква – як заўсёды, першая сярод роўных краінаў Садружнасьці. 
Лідэр АГП зьвярнуўся ў швэйцарскія банкі з заклікам рассакрэціць рахункі беларускага рэжыму 11:24, 29/11/2001

Анатоль Лябедзька, лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі, заклікае рассакрэціць банкаўскія рахункі ў швейцарскіх банках. Аб гэтым ён заявіў 27 лістапада ў Гародні на прэс-канферэнцыі й сустрэчы з партыйным актывам і грамадзкасьцю горада. 
Міністар Навумаў абяцае скараціць органы ўнутраных справаў 11:23, 29/11/2001

Адказваючы на пытаньне БелаПАН аб магчымых кадравых зьменах у МУС, Уладзімер Навумаў падчас свайго візіту ў Берасьце 28 лістапада сказаў, што "органы ўнутраных справаў будуць падвергнутыя скарачэньню", адпаведны праект указу ўжо ляжыць на стале ў прэзыдэнта. "Мы кіраўніцкі апарат скароцім адсоткаў на 15, у цэлым сыстэму - значна, - зазначыў міністар. - Што тычыцца упраўленьняў унутраных спраў і райаддзелаў - ніводзін чалавек скарочаны ня будзе. Тут мая пазыцыя нязьменная. Скарачэньне будзе адбывацца за кошт тых супрацоўнікаў, якія набіраліся ў аддзелы, што ствараліся пры МУС гадамі, і якія канкрэтна не прыкладаюць намаганьняў для барацьбы са злачыннасьцю і ў ахове грамадзкага парадку". 
Беларускія ўнутраныя войскі пераймаюць досьвед у расейцаў 11:22, 29/11/2001

У сераду ў Растоўскай вобласьці прайшлі самыя буйныя за апошнія гады навучаньні ўнутраных войскаў МУС Расеі. Генэралам прадэманстравалі зачыстку пабудаванай на палігоне ўмоўнай вёскі з выкарыстаньнем танкаў і авіяцыі. У навучаньнях удзел прымалі групы спэцназу, АМАПу, танкавы ўзвод, артылерыя і авіяцыя. Сцэнар навучаньняў – група баевікоў да 70 чалавек пры падтрымцы мясцовых жыхароў пранікла ў вёску для захопу часовага аддзелу ўнутраных справаў і зьдзейсьненьня тэракту. 
Праект падатковага кодэксу не адпавядае ідэі лібералізацыі эканомікі 11:21, 29/11/2001

Праект агульнай часткі Падатковага кодэкса, які будзе прадстаўлены 29 лістапада «палаце прадстаўнікоў» для прыняцьця ў першым чытаньні, не адпавядае ня толькі ідэі лібералізацыі эканомікі, але і прынятым у цывілізаваных краінах нормам эканамічных стасункаў, а таксама супярэчыць Канстытуцыі і дамовам Рэспублікі Беларусь. Такое меркаваньне ад імя экспэртаў аналітычнай групы рэспубліканскага грамадзкага аб`яднаньня "Альтэрнатыва XXI" выказаў БелаПАН старшыня выканкаму гэтай арганізацыі Сяргей Балыкін. 
Колькасьць беспрацоўных у Беларусі дасягнула 104,1 тысячаў 11:20, 29/11/2001

За 10 месяцаў гэтага году колькасьць беспрацоўных у Беларусі павялічылася на 8,7 адсоткі і дасягнула 104,1 тыс., што складае 2,3 адсоткі эканамічна актыўнага насельніцтва. Самы высокі ўзровень беспрацоўя - у Магілёўскай і Віцебскай абласьцях (3 адсоткі), самы нізкі - у Менску (1,5 адсоткі). Доля жанчын сярод беспрацоўных - 59,4 адсоткаў, моладзі ва ўзросьце да 30 гадоў - 53,7. 
На рынку каштоўных папер становіцца ўсё меней ігракоў 11:19, 29/11/2001

Колькасьць прафэсійных удзельнікаў рынку каштоўных папер у Беларусі за дзесяць месяцаў 2001 года скарацілася на 20 адсоткаў. Такія зьвесткі 28 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Менску паведаміў намесьнік старшыні Камітэту па каштоўных паперах пры Савеце Міністраў Валеры Кулажанка. 
І толькі на Беларусі не назіраецца росту жыцьця 11:18, 29/11/2001

Расейскія дасьледчыкі правялі параўнальны аналіз працягласьці жыцьця ў Расеі, Літве, Латвіі, Эстоніі, Беларусі й Ўкраіне, у нашых суседзяў. Вось кароткі фрагмент зь іх. Сур’ёзнае пагаршэньне сытуацыі з працягласьцю жыцьця пачалося ў пачатку 1990-х. Нібы нейкая сіла прыціскае ў гэтыя гады крывыя на графіках уніз. У Расеі з 1991 па 1994 год працягласьць жыцьця мужчын зьнізілася на 6,3, у Латвіі – на 5 гадоў, на Ўкраіне – на 4,1 гады, у Літве і Эстоніі – на 3,7, у Беларусі – на 2,8 гады. У жанчын працягласьць жыцьця зьменшылася, але тым не менш – ад 1,3 гадоў у Беларусі, да 3,2 гадоў у Расеі. 
Жабрацкая вёска ня можа плаціць за электрычнасьць 11:17, 29/11/2001

Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Беларусі аплочваюць толькі 40 адсоткаў спажытай энэргіі. Паводле інфармацыі прэс-службы канцэрну "Белэнэрга", да 1 лістапада пазыкі гэтай катэгорыі спажыўцоў дасягнулі 336,1 млрд. рублёў, што складае 60,9 адсоткаў ад усёй сумы запазычанасьці (551,5 млрд. рублёў; за вылічэннем перадаплаты і прадастаўленых адтэрміновак - 498,9 млрд.). Гэта адбываецца "нягледзячы на збор ураджаю і магчымасць сельгасспажыўцоў восенню рабіць разлікі, а таксама прадастаўленне сельгасспажыўцам, якія забяспечваюць поўную аплату наяўнага спажываньня, скідкі да тарыфу ў памеры 11,2 адсоткаў".
Жонка Ганчара перасьцерагае Пуціна ад кантактаў з Лукашэнкам 11:16, 29/11/2001

Жонка вядомага беларускага палітыка Віктара Ганчара, які зьнік 16 верасьня 1999 году, накіравала адкрыты ліст прэзыдэнту РФ Уладзімеру Пуціну. У лісьце Зінаіда Ганчар заклікае Пуціна “спыніць палітычныя злачынствы ў “саюзнай дзяржаве”.
Арыштаваны віцэ-прэзыдэнт фірмы “Пушэ” 11:15, 29/11/2001

Віцэ-прэзыдэнт закрытага акцыянэрнага таварыства “Пушэ” Сяргей Чарнышэвіч арыштаваны ў Менску. Яго абвінавачваюць у вымываньні й крадзяжы крэдыту ў 12 мільёнаў даляраў, які фірма атрымала яшчэ ў 1995 годзе. 25 кастрычніка 2000 году адносна Чарнышэвіча распачалі крымінальную справу. Віцэ-прэзыдэнта “Пушэ” аб’явілі ў вышук. Пасьля справу спынілі. Зараз яна зноў у вытворчасьці, Чарнышэвіч арыштаваны. Некалькі гадоў таму Беларусь быў вымушаны пакінуць прэзыдэнт “Пушэ” Пупейка, які зараз жыве й працуе ў Польшчы. Сярод “грахоў”, якія яму навесіла ўлада, Пупейка абвінавачваўся, у прыватнасьці, у фінансаваньні апазыцыі. 
ЦВК закрыў справу аб знойдзеных на могілках выбарчых бюлетнях 11:14, 29/11/2001

Пра тое, што ў Берэзіно на могілках хтосьці выкінуў некалькі сотняў запоўненых выбарчых бюлятнёў, у ЦВК паведамілі актывісты Беларускага Гэльсінскага камітэту. Бюлетэні выкарыстоўваліся ў мінулую восень на “парлямэнцкіх выбарах” і былі запоўненыя за дэпутата ў “палату прадстаўнікоў” Пятра Іваненку. Аднак ЦВК вырашыў, што знойдзеныя на могілках бюлетэні ня сьведчаць пра парушэньні падчас выбараў. 
Завадзкі сустрэў у Чачэніі беларускі “эскадрон сьмерці”? 11:13, 29/11/2001

Былы супрацоўнік КДБ Генадзь Угляніца і актывіст арганізацыі “Край” Андрэй Жарнасек, якія знаходзяцца ў Нарвэгіі, заяўляюць, што групоўка Ігнатовіча не датычная да зьнікненьня журналіста Зьміцера Завадзкага. У інтэрвію Радыё Свабода яны заявілі, што Завадзкаму адпомсьцілі байцы спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня (СОБР) пад камандаваньнем Зьміцера Паўлючэнкі (гэты атрад вядомы ў Беларусі як база “эскадрону сьмерці”, якая зьнічтажала няўгодных рэжыму Лукашэнкі людзей). 
Лукашэнка будзе размаўляць з расейцамі пра космас 11:12, 29/11/2001

Аляксандар Лукашэнка наведае сёньня ў рамках свайго візыту ў Маскву расейскую касьмічную карпарацыю “Энэргія”. Як паведамілі напярэдадні ў РКК, беларускі лідэр будзе аглядаць шэраг вытворчых цэхаў карпарацыі й правядзе перамовы з прэзыдэнтам РКК “Энэргія”, акадэмікам Юры Сямёнавым аб пэрспэктывах разьвіцьця супрацоўніцтва паміж навукоўцамі Расеі й Беларусі ў справе дасьледаваньня касьмічнай прасторы. У прыватнасьці, як чакаецца, будуць закранацца пытаньні выкарыстаньня расейскага сэгмэнту Міжнароднай касьмічнай станцыі для правядзеньня навукова-дасьледчыцкіх экспэрымэнтаў, якія прапануюць навукоўцы Беларусі. 
Барыса Ельцына зноў прарочаць у прэзыдэнты 11:11, 29/11/2001, Газета.Ру

Аляксандар Лукашэнка, які прыехаў у сераду ў Маскву на юбілейны саміт краінаў СНД, правёз з сабой праект дакумэнту пад назовам “Канстытуцыйныя прынцыпы саюзнае дзяржавы”. Як паведамляе “Інтэрфакс” са спасылкаю на неназваныя крыніцы ў выканаўчых органах “саюзу Расеі й Беларусі”, у праекце прадугледжаныя пасады прэзыдэнта й віцэ-прэзыдэнта. Называецца й верагодны кандыдат на пасаду главы расейска-беларускага саюзу – першы прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын. 
Камандуючыя памежнымі войскамі краінаў СНД абмяркуюць праблемы аховы межаў 11:10, 29/11/2001

У чацьвер адкрываецца 42-е паседжаньне Cавету камандуючых памежнымі войскамі (СКПВ) дзяржаў – удзельніц СНД. Удзельнікі паседжаньня будуць абмяркоўваць пытаньні становішча на межах СНД і актуальныя праблемы супрацоўніцтва памежных ведамстваў. Таксама плянуецца разгледзіць праэкты Канцэпцыі ўзгодненай памежнай палітыкі, Праграмы ўдасканаленьня супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц СНД у супрацьдзеяньні найбольш небясьпечным формам трансмежавай злачыннасьці й плян працы Савету камандуючых памежнымі войскамі на 2002 год. 
Малдова не гатовая аб’ядноўвацца з Расеяй і Беларусьсю 11:09, 29/11/2001, РИА "Новости"

Малдова не гатовая ўступіць у “саюз Расеі й Беларусі”. Пра гэта паведаміў глава малдоўскага зьнешнепалітычнага ведамства Мікалай Дудэў. Па ягоных словах, “мы рупліва вывучаем працэс расейска-беларускай інтэграцыі”. Пры ўдзеле ў такіх структурах, адзначыў глава малдоўскага зьнешнепалітычнага ведамства, “мы кіруемся, у першую чаргу, эканамічнымі інтарэсамі”.
Польшча адкладае ўвядзеньне візавага рэжыму для грамадзянаў Беларусі, Украіны й Расеі 11:08, 29/11/2001

У сераду ўлады Польшчы заявлі, што адкладаюць увядзеньне візавага рэжыму адносна Расеі, Украіны й Беларусі. Увядзеньне візавага рэжыму зьяўляецца абавязковай умовай для прыняцьця Польшчы ў Эўразьвяз у 2003 годзе. Аднак, як заявіў у сераду на перамовах з Эўразьвязам у Брусэлі польскі дыппрадстаўнік, абмежаванасьць у сродках бюджэту не дазваляе Польшчы ўвесьці візы для грамадзянаў Расеі, Украіны й Беларусі ў 2001 годзе. Увядзеньне стане магчымым толькі ў пачатку 2003 году. 
Замежных інвестараў не прыцягвае інвестыцыйны клімат у Беларусі 11:07, 29/11/2001

28 лістапада завяршыўся візыт у Беларусь віцэ-прэзыдэнта Міжнароднага агенцтва па гарантаваньні інвестыцыяў ( Multilateral Investment Guarantee Agency) Ангусу Скрымжу. Мэтай візыту было вывучэньне ў нашай краіне інвестыцыйнага клімату. У рамках візыту Скрымжу сустрэўся з першым віцэ-прэм’ерам ураду Андрэеем Кабяковым, кіраўнікамі шэрагу міністэрстваў і прадпрымальніцкіх саюзаў. На выніковай прэс-канферэнцыі віцэ-прэзыдэнт MIGA параіў прадстаўнікам улады актывізаваць у Беларусі эканамічныя рэформы. Нягледзячы на імкненьне беларускага кіраўніцтва зьмяніць на міжнароднай арэне негатыўны інвестыцыйны імідж, прагрэсу тут, на думку эспэртаў, не назіраецца. “Замежных інвестараў пужае пазасудовая канфіскацыя недзяржаўнай уласнасьці, якая ў апошнія гады праводзілася ў Беларусі па асабістым указаньні Аляксандра Лукашэнкі”, -- падкрэсьліў Скрымжу. 
Беларуская стабільнасьць залежыць ад коштаў на расейскую нафту 11:06, 29/11/2001

Нягледзячы на спад сусьветных коштаў на нафту, нафтаздабываючай галіны Беларусі пакуль банкруцтва не пагражае. Як паведамляе “Союз-инфо”, да канца 2001 году здабыча гэтай сыравіны ў Беларусі дасягне 1 млн. 840 тыс. тонаў, што адпавядае аб’ёму нафтаздабычы мінулага году. Канцэрн “Белнафтахім” усталёўвае свае кошты на нафту, сабекошт якой ніжэй за замежны. Вядома, кошт на нафту будзе пэрыядычна пераглядацца ў адпаведнасьці з сусьветнымі тэндэнцыямі, але гэта будзе тычыцца толькі экспартуемай на Захад сыравіны. Сытуацыя на ўнутраным рынку нафтапрадуктаў будзе залежыць ад кошту на нафту, што завозіцца ў Беларусь з Расеі. 
Увоз у Расею прадукцыі з утрыманьнем сьпірту з усіх кріанаў ЭўрАзЭС, акрамя Беларусі, будзе абкладацца пошлінамі 11:05, 29/11/2001, РИА "Новости"

Расейская ўрадавая камісія па абарончых мерах у зьнешнім гандлі і мытна-тарыфнай палітыцы на сваім паседжаньні ў сераду прыняла рашэньне ўсталяваць з 1 студзеня 2002 году імпартную пошліну на этылавы сьпірт. Пра гэта паведамілі ў сераду ў сакратэрыяце камісіі. На 80%-ы сьпірт памеры пошліны складуць 2 эўра за адзін літар, а за больш 80%-ы – 4 эўра за літар. У 1999 годзе на ўвоз у краіну этылавага сьпірту была ўведзена забарона, дзеяньне якой спыняецца 31 сьнежня гэтага году. Камісія таксама вырашыла, што пошліна павінна распаўсюджвацца на краіны эўраазыяцкай супольнасьці, за выключэньнем Беларусі. Да ўвядзеньня забароны на ўвоз этылавага сьпірту з краінаў ЭўраАзЭС сьпірт завозілі бяз пошлінаў. 
“Белдзяржстрах” плянуе распачаць выплату страхавых пазыкаў за апошнія 10 гадоў бяз грошай 11:04, 29/11/2001

“Белдзяржстрах” плянуе распачаць выплату насельніцтву страхавых пазыкаў за апошнія дзесяць гадоў з асабістых сродкаў. Пра гэта 28 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Менску паведаміў генэральны дырэктар прадпрыемства Віктар Шуст. 
818 хабараў за 10 месяцаў – бачная частка айсбергу 11:03, 29/11/2001

За 10 месяцаў гэтага году ў Беларусі выяўленыя 818 выпадкаў хабарніцтва, 25% якіх зафіксавана ў бюджэтнай сфэры (з іх, у сваю чаргу, дзьве трэці выпадкаў прыпадае на абарону здароўя й адукацыю). Такія зьвесткі прывёў намесьнік начальніка ўпраўленьня па барацьбе з эканамічнай злачыннасьцю крымінальнай міліцыі МУС Рэспублікі Беларусь Іван Рамановіч. Ён паведаміў, што маса выпадкаў вымагальніцтва назіраецца з боку работнікаў дзяржаўнай аўтамабільнай інсьпекцыі. “Барацьбе з гэтай вельмі небясьпечнай зьяваю, што падрывае давер грамадзянаў да дзейснай улады, замінае недасканаласьць крымінальна-працэсуальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь”, -- сказаў Рамановіч. 
У сталіцы Інданэзіі арыштаваны сын экс-прэзыдэнта Сухарты 11:02, 29/11/2001

Паліцыя Інданэзіі арыштавала сына былога прэзыдэнта краіны Сухарта Хумота Томмі Сухарта (Hutomo "Tommy" Suharto). Як паведаміў Reuters афіцыйны прадстаўнік паліцыі Джакарты Антон Бахрул Алам (Jakarta, Anton Bahrul Alam), Томмі Сухарта быў арыштаваны 28 лістапада ў Бінтаро (Bintaro), прыгарадзе Джакарты. Падрабязнасьці затрыманьня не паведамляюцца. 
Мэксіка прызналася ў масавых катаваньнях і пакараньні сьмерцю членаў апазыцыі 11:01, 29/11/2001, Лента.Ру

Пасьля дзесяцігодзьдзяў маўчаньня мэксыканскі ўрад прызнаў, што як мінімум 74 прадстаўніка дзяржаўных структураў фігуруюць як пацярпелыя ў справах аб зьнікненьнях, катаваньнях і пакараньнях сьмерцю ўдзельнікаў левай апазыцыі за пэрыяд з пачатку 70-х да канца 80-х, паведамляе Reuters. 
|  |
|