Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Працоўныя з Магілёву ідуць на паклон да ўладаў 11:34, 29/11/2001
Працоўныя Магілёўскага машынабудаўнічага заводу накіравалі на імя главы дзяржавы адкрыты зварот. Яны просяць Аляксандра Лукашэнку стварыць "кампетэнтную камісію" з мэтай вываду прадпрыемства з крызы без яго ліквідацыі. "Са жніўня бягучага года, - гаворыцца ў звароце, - калектыву не выплочваецца зарплата. З-за адсутнасьці зваротных сродкаў завод апошнія два месяцы не працуе. Самае страшнае, што кіраўніцтва прадпрыемства апусьціла рукі і не бачыць пэрспектываў для ліквідацыі цяжкасьцей".
Крызіс завода рабочыя зьвязваюць з "заганным стылем працы ранейшых дырэктараў, якіх толькі сёлета зьмянілася трое, і поўнага бязьдзейства цяперашняга кіраўніка Міхаіла Кажамякі". На агульным сходзе працоўны калектыў выказаў недавер дырэктару Кажамяку і папрасіў Магілёўскі гарвыканкам - уласніка прадпрыемства - прызначыць на альтэрнатыўнай аснове новага кіраўніка, прапанаванага калектывам.
Аднак, як зазначаецца ў звароце, "замест таго, каб разабрацца ў прычынах бядотнага становішча прадпрыемства і вызначыць рэальныя шляхі выхаду з крызы, Магілёўскі гарвыканкам пайшоў па шляху найменшага супраціўленьня - даў згоду дырэктару заводу на заяву па ліквідацыі прадпрыемства".
"Гарадзкія ўлады нават не разглядаюць іншых варыянтаў аздараўленьня становішча, - пішуць працоўныя. - Нашы прапановы павісьлі ў паветры, на іх папросту не зьвяртаюць увагі. Перад кожным з нас навісла рэальная пагроза апынуцца на вуліцы без сродкаў да існаваньня... Напружанасьць у калектыве ўзмацняецца".