Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Польскія інвестары заракліся ня мець справаў зь Беларусьсю 11:13, 30/11/2001, RR
Беларускія спажыўцы чакаляды “Terravita” і не падазраюць, што прычына незвычайнага для Беларусі росквіту вытворчасьці стала звычайнае ашуканства. Польскае выданьне Super Express у чацьвярговым нумары падае гісторыю беларускага махляра Канстанціна К., які скраў у польскіх бізнэсоўцаў цэлы завод па вытворчасьці чакаляды, збудаваны пад Менскам. Паспрабаваўшы знайсьці справядлівасьці ў беларускіх уладных структурах, польскія бізнэсоўцы пераканаліся, што законаў у Беларусі ўвогуле няма.
Гісторыя пра тое, як прадпрыемства па вытворчасьці чакаляды, збудаванае на польскія грошы пад Менскам, у Стоўбцах, перайшло ў рукі беларускага бізнэсоўца Канстанціна К., выглядае даволі трывіяльна. Нетрывіяльнымі выглядаюць паводзіны беларускіх уладаў, якія адмовіліся дапамагаць польскаму боку ў вяртаньні самай буйной польскай інвэстыцыі ў Беларусь - мільёна даляраў.
Пачалося ўсё з таго, што 34-гадовы грамадзянін Беларусі здолеў пераканаць палякаў у сваёй сумленнасьці й цягам некалькіх гадоў быў прадстаўніком польскай фірмы "Terravita”, якая прадавала ў Беларусь чакаляду. У 1997 годзе ў Беларусі было зарэгістравана сумеснае прадпрыемства "Eurovita». Польскі бок меў 2/3 акцыяў, астатняе - Канстанцін К. Менавіта тады й было прынятае рашэньне пра будоўлю фабрыкі у Стоўбцах, што за 50 кілямэтраў ад Менску.
Палякі прывезьлі й запусьцілі на фабрыцы лінію для вытворчасьці чакаляды коштам 700 тыс. даляраў, - паведаміў Мацей Выбраноўскі, тэхнічны дырэктар "Тэравіты". На прадпрыемстве працавалі 100 чалавек, якія за кошт фірмы прайшлі адпаведнае навучаньне. Цягам двух гадоў усё ішло добра. "Тэравіта" прывозіла чакалядную масу, а беларусы фармавалі яе ў пліткі. Улетку 1999 году палякі заінсталявалі другую лінію коштам 360 тыс. даляраў для вытворчасьці чакаляднае масы.
Ужо ўвесну таго ж году высьветлілася, што Канстанцін К. сфальшаваў усе дакумэнты на абсталяваньне. З гэтай "ліпы" вынікала, што ўсё абсталяваньне ён купіў у ЗША, а "Тэравіта" яго толькі заінсталявала, -заявіў у інтэрвію Super Express`у Януш Гофман, прававы дарадца "Тэравіты", які паказвае тэчку адпаведных дакумэнтаў.
І вось тут пачалася самая цікавая частка гэтай гісторыі, зьвязаная з рэакцяй уладаў Беларусі. Ашуканы польскі бок зьвярнуўся ў беларускую рэспубліканскую пракуратуру з просьбай узбудзіць справу. Аднак там адмовіліся гэта зрабіць, патлумачыўшы, што гэта гаспадарчая спрэчка й ніякага злачынства тут няма. Абскардзіўшы гэтае рашэньне, палякі зноў безвынікова паспрабавалі ўзбудзіць крымінальную справу. "У Беларусі мы натыкнуліся на мур ашуканства й адчулі сябе цалкам бяспраўнымі. Усе легальныя польскія дакумэнты ў Беларусі раптам ператварыліся ў несапраўдныя. Такое адчуванье, што ў Беларусі законаў увогуле не існуе", - гаворыць прававы дарадца "Тэравіты" сп. Гофман. Ён спасылаецца на размовы з Канстанцінам К., які чуецца ў Беларусі ў поўнай бясьпецы.
"Мы пакінулі ў Беларусі мільён даляраў. Гэта самая буйная польская інвэстыцыя ў Беларусі. І якую удзячнасьць мы атрымалі ад беларускіх уладаў?" - у роспачы пытаецца прэзыдэнт "Тэравіты" сп. Ціхоўскі, які папярэджвае іншых польскіх бізнэсмэнаў пра небясьпеку любых кантактаў зь Беларусьсю. Кіраўнік "Тэравіты", якая ўваходзіць у сотню самых буйных польскіх прадпрыемстваў, з абурэньнем канстатуе, што беларускія ўлады ня толькі не абаранілі самую буйную польскую інвэстыцыю, але й дазволілі Канстанціну К. выкарыстоўваць гандлёвую марку чакаляды "Тэравіта". "Гэта тое ж самае, калі б у Польшчы хтосьці захацеў зарэгістраваць на сваё імя, напрыклад, фірму Wrangler", - гаворыць Ціхоўскі. Беларусу ўдалося ня толькі гэта. Сёньня Канстанцін К. вырабляе 500 тонаў чэкаляды й мае штомесяц 100 тысячаў даляраў прыбытку.
У сваю чаргу прэзыдэнт сапраўднай "Тэравіты" сп. Ціхоўскі клянецца, што цягам бліжэйшых гадоў ніводзін сур`ёзны польскі бізнэсовец не пакіне ў Беларусі ані злотага.