Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Новы закон для журналістаў фактычна ўводзіць цэнзуру 11:23, 03/12/2001
Новыя папраўкі ў Закон аб друку, што ўносяць кардынальныя зьмены ў існаваньне сродкаў мас-мэдыя ў Беларусі, прадстаўлены Міністэрствам інфармацыі Беларусі (былы Дзяржкамдрук) на абмеркаваньне грамадзкасьці. Сам разгляд закону ў парлямэнце пройдзе на пачатку вясны будучага году. Але ўжо зараз праект паправак цалкам можна прачытаць на нашым сайце WWW.BARCNEWS.ORG.
Менавіта абмеркаваньню дадзеных паправак да Закону і быў прымеркаваны круглы стол, што прайшоў 30 лістапада ў грамадзкім прэс-цэнтры Дому прэсы. На ім прысутнічалі аўтары паправак, прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў, журналісты дзяржаўных і незалежных СМІ. Дарэчы, прадстаўнікоў апошніх было значна больш, чым журналістаў дзяржаўных СМІ. Гэты факт, на думку прысутных, паказвае, хто больш зацікаўлены ў зьяўленьні прагрэсіўнага й дэмакратычнага закону.
Адзін з аўтараў паправак, начальнік прававога ўпраўленьня Міністэрства інфармацыі Ігар Коваль і пазнаёміў удзельнікаў круглага стала з прапанаванымі зьменамі. Так, прапануецца прыбраць патрабаваньне аб абавязковым выкарыстаньні ў выданьнях нормаў кадыфікаванай літаратурнай мовы. Акрамя таго, магчыма, што ў будучым любы 16-гадовы грамадзянін Беларусі, які зьяўляецца юрыдычнай асобай ці прыватным прадпрымальнікам, атрымае права зарэгістраваць сродак масавай інфармацыі, у якім 30% зможа мець і замежны заснавальнік. Рэгістрацыя будзе адбывацца толькі ў Міністэрстве інфармацыі, а СМІ будзе заносіцца ў Адзіны дзяржаўны рэестар сродкаў масавай інфармацыі. Толькі пасьля гэтага выданьне зможа функцыянаваць. Таксама прапануецца стварыць Грамадзкі камітэт зь дзесяці чалавек, які б разглядаў спрэчныя пытаньні, пытаньні журналісцкай этыкі і да т. п. Па словах сп. Коваля, "шмат пытаньняў па СМІ можна было б вырашыць не выносячы папярэджаньні, а шляхам абмеркаваньня". Скарачаецца ў праекце ў два разы і колькасьць падставаў для вынясеньня папярэджаньня СМІ. Адным з новаўвядзеньняў будучага закону мяркуецца стаць паняцьце "глябальныя інфармацыйны сеткі". Такім чынам, беларускія інтэрнэт-выданьні змогуць займець рэгістрацыю і працаваць у поўнай адпаведнасьці з законам.
Міхаіл Пастухоў, кіраўнік Цэнтру прававой абароны СМІ пры БАЖ, ацаніў дадзены праект закону як "ня крок наперад, а новае абмежаваньне свабоды слова і інфармацыі". Свае словы ён аргумэнтаваў заўвагамі па праекце, зробленымі юрыстамі Цэнтру. На іх думку, становішча беларускіх СМІ, і асабліва незалежных, значна пагоршыцца, калі будуць прыняты ў новым законе артыкул 6, які дае пашыранае тлумачэньне паняцьцю злоўжываньня масавай інфармацыяй, што можа прывесьці да закрыцьця выданьня; артыкул 8, у якім прадугледжваецца фінансаваньне дзяржаўных СМІ зь бюджэту, а фінансаваньне незалежных мэдыяў з-за межаў краіны і ананімна значна абмяжоўваецца. Выклікае занепакоенасьць у сп. Пастухова і артыкул 20, які прадугледжвае пазасудовае ануляваньне Міністэрствам інфармацыі рэгістрацыі СМІ ў выніку ліквідацыі юрыдычнай асобы, што заснавала выданьне, а таксама артыкул 68, які пакідае існуючую практыку спыненьня выданьня СМІ па ініцыятыве пракурораў усіх узроўняў. На думку экспэртаў, артыкул 16, згодна зь якім любому выданьню з накладам ад 1 да 500 асобнікаў для выхаду ў сьвет неабходна прад`явіць кантрольны экзэмпляр у мясцовы выканкам, практычна ўводзіць цэнзуру.