Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пачалося судовае разьбіральніцтва па абвінавачваньні ў парушэньні дэкрэту №8 11:09, 06/12/2001
5 сьнежня ў судзе Чыгуначнага раёну гораду Гомлі пачаўся судовы разбор па абвінавачаньні старшыні гомельскай гарадзкой маладзёвай арганізацыі "Гарт" Сяргея Адзінца ў парушэньні дэкрэту прэзыдэнта № 8 "Аб некаторых мерах па ўдасканальваньні парадку атрыманьня й выкарыстаньня замежнай бязвыплатнай дапамогі".
На думку раённай падатковай інсьпекцыі, якая вынесла пастанову ў дачыненьні да Сяргея Адзінца, у кампутарах утрымлівалася інфармацыя па падрыхтоўцы да выбараў прэзыдэнта, у прыватнасьці, паводле ўстанаўленьня незалежнага назіраньня, па правядзеньню агітацыйнай кампаніі, па дзейнасьці маладзёвага руху супраціву ЗУБР. У сувязі з гэтым падатковы орган лічыць, што аргтэхніка выкарыстоўвалася насуперак статутным мэтам арганізацыі, чым парушаны дэкрэт прэзыдэнта № 8. Нагадаем, што 3 кампутэры, 2 друкаркі, 2 сканэры й мадэм былі канфіскаваныя ў арганізацыі супрацоўнікамі ўпраўленьня КДБ па Гомельскай вобласьці падчас вобыску, які яны правялі 10 жніўня 2001 года ў офісе "Гарту" ў парадку расьсьледаваньня крымінальнай справы аб нанясеньні графіці антыдзяржаўнага зьместу на сьцены некалькіх будынкаў у Гомлі. Аднак праз некалькі месяцаў крымінальная справа была спынена, але аргтэхніку ўпраўленьне КДБ не вярнула, а накіравала на гэты конт ліст у падатковую інсьпекцыю.
Падчас судовага паседжаньня высьветлілася, што частка тэхнікі коштам 3,8 тысячы даляраў ЗША, а менавіта 2 кампутэры, друкарка, сканэр і мадэм атрыманы арганізацыяй у 2000 годзе ў бязвыплатнае карыстаньне тэрмінам на 5 гадоў у парадку гранта па Праграме партнёрства альянсу "Counterpart", якая фінансуецца Агенцтвам ЗША па міжнароднаму развіцьцю.
Як паведаміла суду кансультант фонду "Counterpart" Алена Кузьмініч, гэтая праграма прадастаўляе тэхнічную дапамогу грамадзкім арганізацыям у адпаведнасьці з пагадненьнем паміж урадамі ЗША й Беларусі аб супрацоўніцтве па аблягчэньні прадастаўленьня дапамогі, падпісаным 18 чэрвеня 1996 году. Значыць, як лічыць Алена Кузьмініч, дэкрэт прэзыдэнта № 8 не можа распаўсюджвацца на гэты грант. Юрыст арганізацыі "Гарт" Леанід Судаленка паведаміў БелаПАН, што ў момант канфіскацыі камп`ютэры не апячатваліся і таму прыналежнасць "Гарту" знойдзеных у іх файлаў з крамольнай інфармацыяй яшчэ трэба даказаць.
Суддзя Ганна Новік выклікала на наступнае паседжаньне суда, якое адбудзецца 13 сьнежня, дазнавацеля УКДБ Сьцепаненку і сьледчага УУС Вычыкава, якія вялі крымінальную справу аб графіці. Таксама ў судзе павінен даць паказаньні ўладальнік астатняй аргтэхнікі актывіст "Гарту" Алесь Карніенка.