 | ПАЛIТЫКА |  |

Як распускалі звышдзяржаву 11:16, 07/12/2001

Першым пра распад СССР даведаўся не савецкі, а амэрыканскі прэзыдэнт, сцьвярджае Ягор Гайдар. “Размова йшла аб юрыдычным роспуску ядзернай звышдзяржавы, якая шмат гадоў разглядалася ў якасьці галоўнага патэнцыйнага ваеннага праціўніка ЗША, а мы ўсваю чаргу разглядалі іх як галоўнага ваеннага праціўніка. Адносіны паміж гэтымі двума дзяржавамі вызначалі – ці будзе існаваць сьвет ці не. Таму, калі, Ельцын і іншыя кіраўнікі падпісвалі пагадненьне то, па сутнасьці, бралі на сябе адказнасьць за захаваньне ядзернай бясьпекі. Цалкам натуральна, што першы званок быў да таго чалавека, які ў вышэйшай ступені зацікаўлены, каб у нас сытуацыя была бясьпечнай, а мы былі зацікаўленыя ў спакойнай рэакцыі гэтага боку”, -- заявіў Ягор Гайдар у інтэрвію “Российской газете”. Тэкст інтэрвію чытайце цалкам. 
Беларускі рэжым не прымае ўдзелу ў контртэрарыстычнай аперацыі 11:15, 07/12/2001

Рэальны ўзьнёсак Беларусі ў контратэрарыстычную аперацыю наўрадці магчыма назваць значным. Такая выснова напрошваецца з адказу дзяржаўнага сакратара Савету Бясьпекі краіны Генадзя Нявыгласа на пытаньне БелаПАН, прапанаванае на прэс-канферэнцыі 7 сьнежня па выніках паседжаньня Камітэту сакратароў саветаў бесьпекі дзяржаваў-удзельніц ДКБ: “Ці існуе рэальны ўзьнёсак Беларусі ў контратэрарытсычную аперацыю? Калі так, то які: фінансавы, матэрыяльны, гуманітарны?”
Пасьля 9 верасьня даўгі па заробках вырасьлі ў 25 разоў 11:14, 07/12/2001

Трэці месяц запар у Беларусі павялічваецца колькасьць людзей, якія ня могуць своечасова атрымаць заробак. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў даўгі вырасьлі ў 25 разоў. Паводле інфармацыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай, на 30 лістапада нявыплачаныя 51 міліярд 290 міліёнаў рублёў, ад усяго фонду зарабкаў гэта складае 11,8%. А ў мінулым месяцы гэтая лічба была толькі 9,6%. Найбольшыя даўгі на Гомельшчыне і Магілёўшчыне, аднак не на шмат адстае ад іх і Менская вобласьць. Згодна прафсаюзным зьвесткам, у параўнаньні з кастрычнікам у лістападзе даўгі вырасьлі на 10 міліярдаў рублёў. Між тым, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў гэтыя даўгі складалі толькі каля 2 міліярдаў рублёў. У такіх умовах, улады вымушаныя неадклдана шукаць грошы. Фінансавы дэфіцыт і правакуе Аляксандра Лукашэнку да разгортваньня рэспрэсіўнай кампаніі супраць старшынска-дырэкторскага корпусу й банкіраў. 
Крок наперад, два назад 11:13, 07/12/2001

Аляксандар Лукашэнка ўнёс карэктывы ў нарматыўныя акты, якія рэглямэнтуюць кантрольную дзейнасьць у рэспубліцы. Указам устаноўлена, што “рэвізія, плянавая праверка аднаго і таго ж суб’екта прадпрымальніцкай дзейнасьці можа ажыцьцяўляцца ня больш за адзін раз на год”. Дакумэнтам прадугледжана, што “пазаплянавыя праверкі й рэвізіі могуць праводзіцца толькі па даручэньні прэзыдэнта рэспублікі, Савету міністраў, Камітэту дзяржаўнага кантролю, Савету каардынацыі кантрольнай дзейнасьці, падаткавых, праваахоўчых і судовых органаў”.
Палякам з Ваўкавыску забараняюць выязджаць у Польшчу 11:12, 07/12/2001, BARCNEWS

Аддзел адукацыі Ваўкавыскага раёну (Гарадзенская вобласьць) выдаў пастанову, згодна зь якой навучэнцам, настаўнікам і супрацоўнікам полськай школы №8 Ваўкавыску забараняецца выезд у Польшчу бз узгадненьня з мясцовымі ўладамі. Ў лісьце за подпісам кіраўніка аддзелу адукацыі Міхаіла Матвейчыка, накіраванага дырэктару школы Рычарду Худзяку, гаворыцца: “Аддзел адукацыі Ваўкавыскага райвыканкаму інфармуе вас, што ўсялякія кантакты з Рэспублікай Польшча, мэтай якіх зьяўляецца абмен вопытам, павінны ўзгядняцца з абласным і раённымі аддзеламі адукацыі, а таксама з раённым выканаўчым камітэтам. З 1 сьнежня 2001 году забараняюцца ўсялякія выезды настаўнікаў навучэнцаў, адміністратыўнаа пэрсаналу без адпаведнага дазволу”.
Інвэстары скардзяцца на адсутнасьць стабільнасьці 11:11, 07/12/2001

Як заявіў на прэс-канферэнцыі ў Менску віцэ-прэзыдэнт італьянскага канцэрну “Івэко” Франка Феналіо, адна з галоўных праблемаў эканомікі Беларусі – адсутнасьць стабільнасьці ў доўгатэрміновай пэрспэктыве. Ён прыбыў у Менск з групаю кіраўнікоў канцэрну “Івэка” -- аднаго з буйных сусьветных вытворцаў, паведамляе БелаПАН. Мэта візыту італьянскай дэлегацыі – пазнаёміцца з мясцовым рынкам, ягонымі магчымасьцямі, працай афіцыйнага дылера і вызначыць стратэгію дзеяньня “Івэка” у Беларусі на будучыню. 
Арыштаваны дырэктар аўтарынку ГД “Ждановічы” 11:10, 07/12/2001

У Менску затрыманы дырэктар аўтарынку гандлёвага дому “Ждановічы” А.Сярэбранікаў. Як паведамілі “Інтэрфаксу” у ГУУС, А.Сярэбрэньнікаў быў затрыманы пры атрыманьні хабару ад пасярэдніка за гандлёвыя месцы на аўтарынку. У ГУУС таксама адзначылі, што за апошнія суткі ў сталіцы Беларусі было ўзбуджана 4 крымінальныя справы па факце атырманьня хабару. Акрамя таго, правааахоўчымі ворганамі рэспублікі затрымана дзьве службовыя асобы, якія займаліся буйнымі пастаўкамі для беларускай чыгункі. Беларускія СМІ сцьвярджаюць, што пад увагаю сьледчых знаходзіцца яшчэ некалькі кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія займаліся пастаўкамі энэргарэсурсаў на Беларускай чыгунцы. 
У Менску, рэгіёнах Беларусі й ў Эўропе адбудзецца акцыя “Ланцуг неабыякавых людзей” 11:09, 07/12/2001

9 сьнежня ў Менску і 50 рэгіёнах Беларусі пройдзе традыцыйная акцыя “Ланцуг неабыякавых людзей”, якую ладзіць Аб’яднаная грамадзянская партыя ў рамках кампаніі “Хочам ведаць праўду!” Такая інфармацыя прагучала на прэс-канферэнцыі лідэра АГП Анатоля Лябедзькі й намесьніка менскай гарадзкой арганізацыі АГП Леаніда Малахава, якая прайшла 6 сьнежня ў Менску. 
БГК пратэстуе супраць уціску ўладаў на грамадзкія арганізацыі 11:08, 07/12/2001

Беларускі Гэльсінскі камітэт выказвае незапакой уціскам уладаў на грамадзкія арганізацыі й актывістаў, які стаў масавым у прадвыбарчы пэрыяд, і не паслабляецца і па сёньня. На думку БГК, удзельнікі назіраньня за выбарамі пацярпелі ад рэпрэсіяў у выглядзе штрафу, пазбаўленьня прэміяў, звальненьняў з працы. Пачаўся ўціск на выкладчыкаў ВНУ. 
Апазыцыя па-ранейшаму ня мае доступу да дзяржаўных СМІ 11:07, 07/12/2001

Бязвынікова скончылася чарговая спроба кіраўніцтва Аб’яднанай грамадзянскай партыі выкласьці эканамічную праграму партыі на Беларускай тэлевізіі. Пра гэта заявіў кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька на прэсавай канферэнцыі 6 сьнежня ў Менску. Як вядома, у апошні час АГП выступіла з шэрагам ініцыятываў, накіраваных на пераадоленьне эканамічнага крызісу ў Беларусі. У прыватнасьці, ураду прапанавалі распрацаваную партыяй “Праграму сацыяльна-эканамічных рэфорамў для Беларусі”. 
Сусьветны Банк крытыкуе пляны ўраду аб пераводзе на безнаяўны разьлік пакупак звыш 200 даляраў 11:06, 07/12/2001

У сакавіку 2001 году на зацьвярджэньне Савету дырэктароў Сусьветнага банку павінна прадстаць новая стратэгія супрацоўніцтва паміж банкам і Беларусьсю. Але для гэтага беларускі ўрад павінен зрабіць значныя крокі па лібералізацыі эканомікі й паляпшэньня ўмоваў прадпрымальніцтва, паведаміў журналістам на прэс-канферэнцыі ў Менску 6 сьнежня дырэктар аддзелу Беларусі і Ўкраіны СБ Люка Барбанэ. Прадстаўнік Сусьветнага Банка назваў “неразумнымі мерамі” пляны ўраду аб пераводзе на абавязковы безнаяўны разьлік усіх пакупак звыш 200 даляраў. Прадстаўнік СБ адзначыў, што такія адміністратыўныя меры пазбавяць даверу да беларускага ўраду. “Мы б хацелі, каб урад сканцэнтраваўся на рэформах, а не на перыферыйных праблемах”, -- дадаў ён. 
Пленум Федэрацыі прафсаюзаў беларускай падтрымаў палітыку кіраўніцтва ФПБ 11:05, 07/12/2001

III пленум Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай (ФПБ), які прайшоў у Менску 6 сьнежня, падтрымаў палітыку кіраўніцтва ФПБ. На парадку дня пленуму, які праходзіў за зачыненымі дзвярыма, значылася адно пытаньне - аб далейшым развіцці прафсаюзнага руху ў святле рашэнняў III з`езда ФПБ. Лідэры некаторых прафсаюзаў да апошняга моманту настойвалі на ўнясеньні ў парадак дня пытаньня аб скліканьні нечарговага з`езду Федэрацыі для выказваньня недаверу кіраўніцтву ФПБ і ейнаму старшыні Уладзімеру Ганчарыку. 
Пакараньне за мітынг-рэквіем у памяць аб падарваным камуністамі касьцёле 11:04, 07/12/2001

Паўтары мільёны рублёў штрафу – такі прысуд атрымаў мастак Зьміцер Іваноўскі. Суд палічыў яго арганізатарам несанкцыянаванага мітынгу ў Гародні, які прайшоў 29 лістапада. Удзельнікі сабралісмя на месцы, дзе 40 гадоў таму ўлады разбурылі сярэднявечны касьцёл князя Вялікага княства Літоўскага Вітаўта. Гарвыканкам мітынг забараніў. Зьміцер Іваноўскі паевдаміў пра гэта прысутным і выказаў свае адносіны да рашэньня ўладаў. У судзе ён папрасіў суддзю Сяргея Ярашэвіча, што ў выпадку, калі той вырашыць яго пакараць, так лепей арыштам, а не штарафам. Мастак ня мае сталай працы, а ў сям’і двое дзяцей. 
Завод медычных прэпаратаў у Драгічыне пад пагрозаю закрыцьця 11:03, 07/12/2001

Прадпрыемства “Экзон” у Драгічыне, якое займаецца вырабам лекавых прэпаратаў, імкліва губляе расейскі рынак. Спэцыялісты мярнуюць, што ў наступным годзе гэта прывядзе да масавых скарачэньняў пэрсаналу прадпрыемства. Знайсьці новую працу ў невялікім мястэчку на Берасьцейшчыне амаль немагчыма. 
Кіраўніцтва МАЗу заяўляе пра сваё бяспраўе 11:02, 07/12/2001

Пытаньні магчымага акцыянаваньня Менскага аўтамабільнага заводу не ўваходзяць у кампетэнцыю кіраўніцтва прадпрыемства. Генэральны дырэктар МАЗу й ягоныя намесьнікі кіруюць працай прадпрыемства, але не займаюцца рашэньнем пытаньняў ягонай уласнасьці. Такі прэс-рэліз распаўсюдзіў цэнтар грамадзкіх сувязяў Менскага аўтазаводу ў сувязі з узмоцненай цікавасьцю з боку журналістаў да лёсу такога значнага для Беларусі прадпрыемства, як МАЗ. 
У Наваполацку няма чым плаціць заробак 11:01, 07/12/2001

Паводле інфармацыі ўпраўленьня па эканоміцы і рынкавых адносінах Наваполацкага гарвыканкаму запазычанасьць па заробку ў адным з самых пасьпяховых гарадоў краіны па стану на 28 лістапада складала 616 міліёнаў рублёў. Спэцыялісты зьвязваюць затрымкі з выплатай заробку з агульным крызісам непляцяжоў, які ў нашай эканоміцы ня толькі не спадае, але яшчэ і пагаршаецца. 
|  |
|