Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Габрэі скардзяцца міністру культуры Расеі на праявы ў Беларусі антысемітызму 11:15, 12/12/2001
Прэзыдэнт Сусьветнай асацыяцыі беларускіх габрэяў, зарэгістраванай у ЗША, Якаў Гутман накіраваў міністру культуры Расеі Міхаілу Швыдкаму ліст, у якім паведамляе аб праявах антысемітызму ў Беларусі. Ліст адпраўлены да адкрыцьця ў Менску 13 сьнежня Дзён расейскай культуры, на якія, як чакаецца, прыедзе міністар.
“Вяршыняю дзяржаўнага антысеміцкага айсбергу” ў Беларусі называецца ў лісьце незаконнае разбурэньне ў цэнтры Менску ўвосень гэтага году будынку былой сінагогі, які быў уключаны ў дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Акрамя таго, Гутман зьвяртае ўвагу Швыдкага на выданьне ў Менску ў 1999 годзе антысеміцкіх матэрыялаў, у тым ліку “Пратаколу сіонскіх мудрацоў”. У лісьце адзначаецца і той факт, што рэспубліканскае сьвята “Дажынкі” 2001 году праводзіліся ў Мозыры – месцы, дзе было спалена больш за 4 тысячы габрэяў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Ахвяры нацызму пахаваныя ў брацкіх магілах на тэрыторыі горада, і на тое, каб прывесці іх у парадак, грошай не знаходзіцца; у той самы час, адзначае Гутман, “знайшліся вялікія грошы на правядзеньне “Дажынак”.
Усьведамляючы сур’ёзнасьць сваіх абвінавачаньняў, аўтар ліста выказвае гатоўнасьць дакумэнтальна пацьвердзіць “кожную літару”. З надзеяй на “дзяржаўную мудрасьць і сумленьне” міністра культуры Расеі, Гутман просіць ягонай дапамогі ў вырашэньні пытаньня аб аднаўленьні будынку разбуранай сінагогі. “Стала цалкам відавочна, што ўнутры Беларусі гэтае пытаньне ня можа знайсьці свайго рашэньня”, -- гаворыцца ў лісьце.