Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Адным з прыярытэтных накірункаў у дзейнасьці беларускай міліцыі ў новым годзе стане далейшае выяўленьне і папярэджаньне буйных злачынстваў у эканамічнай сфэры. Пра гэта ў інтэрвію «Інтэрфаксу» у сераду заявіў міністар унутраных справаў Беларусі Ўладзімер Навумаў.
Пракуратура Беларусі, між тым, ужо пачала працаваць у гэтым «прыярытэтным накірунку». Нагадаем, што толькі за два тыдні лістапада ў Беларусі пракурорамі было ўзбуджана 210 крымінальных справаў. Імі санкцыянавана ўтрыманьне за кратамі 720 чалавек, апратэставаныя судовыя пастановы па 71 справе, зь якіх 15 – з-за мяккасьці прызначанага пакараньня. Былі праведзеныя праверкі ў Дзяржаўным мытным камітэце й Рэспубліканскім аб`яднаньні дзяржаўных птушкагадоўчых прадпрыемстваў «Белптушкапрам».
Толькі за тыдзень, па выніках міжведамственнай праверкі, праведзенай пракуратурай сумесна з іншымі праваахоўчымі і кантралюючымі ворганамі ў РА «Белптушкапрам» узбуджана 122 крымінальныя справы, прад`яўлена ў суды 34 зыскі на суму больш за 300 млн.рублёў, 8 службовых асобаў вызваленыя ад займаемых пасадаў. Міністру сельскай гаспадаркі і харчаваньня, генэральнаму дырэктару аб`яднаньня «Белптушкапрам» унесеныя прадстаўленьні аб ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
Рэспубліканская Пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу па абвінавачаньні прэзыдэнта віцебскага футбольнага клюбу «Лакаматыў», дырэктара менскага ААТ «Інспа» і рэферы ФІФА, што скралі 25.882 даляраў, якія раней пералічыў саратаўскі клюб “Сокол-ПЖД”. Таксама работнікі Пракуратуры санкцыянавалі заключэньне пад варту начальніка аддзелу забесьпячэньня ААТ “Интехпром”, які рэалізаваў партыю каштоўных камянёў – прыродных ізумрудаў – за 5 тысячаў даляраў. Пад вартай знаходзіцца былы начальнік Упраўленьня чыгункай Віктар Рахманько, дырэктар ЗАТ “Атлант” Леанід Калугін, дырэктар ЗАТ Гандлёвы Мір “Кальцо” (найбуйны ў краіне аўтарынак) Аляксандар Васілеўскі, дырэктар аўтарынку Гадлёвага Дому “Ждановічы” А.Сярэбранікаў, адзін з кіраўнікоў будаўнічага рынку ва Ўруччы і г.д.