 | ПАЛIТЫКА |  |

Уладзімер Ганчарык ня мае палітычнае пэрпэктывы 11:21, 13/12/2001

Палітычныя пэрспэктывы былых прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду, якіх падтрымлівала апазыцыя, лідэры грамадзкае думкі Беларусі ацэньваюць вельмі песымістычна. Асабліва адносна Ўладзімера Ганчарыка. Як сьведчаць дадзеныя апытаньня, праведзенага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, звыш 80% лідэраў, незалежна ад прадастаўляемых структураў. Лічаць, што ён такой пэрпэктывы ня мае. 
Бэльгія не зьмяніла сваёй пазыцыі адносна Беларусі 11:20, 13/12/2001

Прэсавы сакратар міністра замежных справаў Бэльгіі заявіў, што ягоная краіна цалкам падзяляе агульную эўрапейскую палітыку адносна Беларусі, а менавіта асуджае перасьлед прадстаўнікоў апазыцыі й незалежных сродкаў масавай інфармацыі. 
Галоўнага рэдактара “Пагоні” аштрафавалі на паўміліёны рублёў 11:19, 13/12/2001

Штрафам у памеры 50 мінімальных заробкаў быў пакараны сёньня галоўны рэдактар газэты “Пагоня” Мікалай Маркевіч. Такое рашэньне вынес судзьдзя па адміністратыўных справах Ленінскага раённага суда Гародні Зьміцер Дземчанка. Журналіста абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні, якое адбылося ў знак пратэсту супраць закрыцьця “Пагоні” 19 лістапада гэтага году ў Гародні. 
Падаткавая атака на “Грамадзянскія ініцыятывы” 11:18, 13/12/2001

Больш за 6 мільёнаў рублёў, ці амаль 4 тысячы даляраў, патрабуе пералічыць у бюджэт падаткавай інспэкцыі Чыгуначанага раёну Гомлі ад абласнога грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы”. На думку старшыні “Грамадзянскіх ініцыятываў” Віктара Карніенкі, такія эканамічныя санкцыі азначаюць фактычнае спыненьне дзейнасьці грамадзкай арганізацыі, якая займаецца ажыцьцяўленьнем ініцыятываў грамадзян у галіне абароны правоў чалавека і рашэньня сацыяльных праблемаў. 
Жыхаркі Бабруйску маюць намер пікетаваць Адміністрацыю прэзыдэнта 11:17, 13/12/2001

Чатыры жыхаркі Бабруйску (Магілёўская вобласьць) маюць намер правесьці 19 сьнежня каля будынку Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі ў Менску пікет супраць свавольства бабруйскіх уладаў. Як паведаміла БелаПАН адна з гэтых жанчын – Любоў Станкевіч, яна ўжо не спадзяецца дабівацца справядлівасьці ад мясцовых уладаў. 16 сакавіка гэтага году яе звольнілі з пасады старэйшага бухгальтара заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў нібыта за сыстэматычнае парушэньне працоўных абвязацельстваў. Рэальная прычына звальненьня па словах Станкевіча, стаў ейны канфлікт з адміністрацыяй прадпрыемства. Як сьцьвярджае Любоў Станкевіч, адміністрацыя сыстэматычна завышае сабекошт прадукцыі (пра што Станкевіч паведаміла кантралюючым органам), а таксама груба парушае чарговасьць на атрыманьне кватэр работнікамі заводу. 
Дзіўны падарунак на Каляды атрымала амэрыканская амбасада ў Менску 11:16, 13/12/2001, «Вечерний Минск»

Вечарам у мінулую суботу на тэрыторыі амбасады ЗША ў Беларусі адбылося загадкавае здарэньне. Начальнік службы бясьпекі амбасады Томас Торгас за некалькі мэтраў ад агароджы і цэнтральнага ўваходу ў консульскі будынак знайшоў дзіўны пакет памерам 20х30 см, на якім быў намаляваны сюжэт з мультфільму “Сьпячая пругажуня” і літара “М”—знак рэстарацыі “МсDonald`s”...пакет адправілі на дасьледаваньне піратэхнікаў спэцпадразьдзелу МУС “Алмаз”. 
Сымфанічны аркестар Белтэлерадыёкампаніі стаў нявыязным 11:15, 13/12/2001, «БДГ»

На БТ – новае надзвычайнае здарэньне, якое можа перарасьці з лякальнага канфлікту ў міжнародны скандал: кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў не дазволіў сымфанічнаму аркестру тэлерадыёкампаніі паехаць у Каляды на гастролі ў Італію. Праўда, 24 музыкі на свой страх і рызыку ўсё ж такі зьехалі.Але ніхто ня можа гарантаваць, што пасьля гэтага іх ня звольняць. Сам сп.Рыбакоў нібы вады ў рот набраў. 
Узбуджана крымінальная справа за замах на жыцьцё маёра міліцыі 11:14, 13/12/2001

Пракуратура Партызанскага раёну Менску ўзбудзіла крымінальную справу па артыкуле 14 ч.1 (замах на злачынства) і артыкул 139 ч.1 (забойства) Крымінальнага кодэксу РБ адносна менчука, які нанёс удар у грудзіну маёру міліцыі, намесьніку начальніка аддзелу Партызанскага райаддзелу “Ахова” Менску М.Розуму. 
Педагогі па-ранейшаму знаходзяцца ў галечы 11:13, 13/12/2001, www.praca.by

Сытуацыя з выплатай заробку па-ранейшаму застаецца напружанай. Асабліва выразна гэта праяўляецца, у прыватнасьці, у сфэры адукацыі. Сьведчаньнем гэтага зьўляюцца шматлікія звароты гарадзенскіх педагогаў ва ўсе магчымыя інстанцыі мясцовай вертыкалі. 
Адносна дырэктара ААТ “Гандлёвыя кантакты” узбуджана крымінальная справа 11:12, 13/12/2001

Супрацоўнікамі Ўпраўленьня Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю (ДФР КДК) рэспублікі па Менску й Менскай вобласьці ўзбуджана крымінальная справа адносна дырэктара ААТ “Гандлёвыя кантакты”. Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў ДФР КДК, ён нібыта ў пэрыяд з траўня па кастрычнік 2001 году праз краму, разьмешчаную ў сталіцы, ажыцьцяўляў розьнічны гандаль алькагольнай і тытунёвай прадукцыяй, ня маючы на тое ліцэнзіі. У выніку незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці быў атрыманы даход у асабліва буйным памеры на суму 52,7 міліёны рублёў. 
Лукашэнка “ператрахнул” Міністэрства абароны 11:11, 13/12/2001, Радыё Рацыя

Аляксандар Лукашэнка зрабіў шэраг кадравых прызначэньняў у Міністэрстве абароны. У выніку кадравых перастановак свае пасады пакінулі начальнік Войскамі супрацьпаветранай абароны генэрал Кастэнка і ягоны калега –былы галоўны лётчык, генэрал Булыгін. Кадравыя зьмены ў Міністэрстве абароны Беларусі адбыліся адначасова з рэфармаваньнем самога ваеннага ведамства ва ўзброеных сілах. Напрыклад, замест галоўнага штабу створаны Генэральны штаб. Вынікае, што рэформы ў штабе абмяжуюцца зьменай таблічкі. Да й кіраваць Генэральным штабам прызначаны былы начальнік Галоўнага штабу Сяргей Гурулёў. 
Акцыя пратэсту ля беларускай амбасады ў Бэрліне 11:10, 13/12/2001

Акцыя “Ланцуг неабыякавых людзей” прайшла 11 сьнежня ў Бэрліне (Нямеччына) каля будынку беларускай амбасады. Больш за гадзіну ўдзельнікі акцыі – беларускія студэнты Вольнага бэрлінскага ўнівэсытэту, студэнты Эўрапейскага ўнівэрсытэту Віадрына (Франкфурт-на-Одэры, “Amnesty International”) і студэнты з Эстоніі – сталі ў ланцуг і прастаялі насупраць будынку беларускай амбасады ў Трэптаў парку. Пікетоўцы трымалі ў руках вялізныя плякаты з фотаздымкамі беларускіх палітыкаў, якія зьніклі бяз зьвестак, і транспарант “Дзе яны? Куды зьніклі гэтыя людзі?”. Прадстаўнікі “Amnesty International” разгарнулі плякат “Amnesty International” – супраць спробаў людзей і за правы чалавека”. У беларускую амбасаду перадалі петыцыю, падпісаная ўсімі ўдзельнікамі пікету. 
“Палатачнікаў” абламілі і ў Швэцыі 11:09, 13/12/2001

Па запрашэньні аднаго зь лідэраў швэдзкіх сацыял-дэмакратаў, члена працоўнай групы па Беларусі ПА АБСЭ Урбана Аліна ў Швэцыі з 9 па 12 сьнежня знаходзіцца дэлегацыя зь Беларусі. У ейны склад уваходзяць лідэры шэрагу палітычных партыяў, дэпутаты Вярхоўнага Савету 13 скліканьня і члены “палаты прадстаўнікоў”. 
Суд над удзельнікамі “Ланцугу неабыякавых людзей” 11:08, 13/12/2001

Суд над старшынём Вілейскай раённай арганізацыі АГП Уладзімерам Малярчуком і двума ўдзельнікамі “Ланцугу неабыякавых людзей” 9 сьнежня Аляксеем Сюдакомі Андрэем Валынцом адбудзецца 14 сьнежня ў гарадкім судзе Вілейкі. Іх абвінавачваюць ў несанкцыянаваным пікетаваньні (арт.166,ч.1). 
Адвакаты Рохлінай настойваюць, каб суд наведаў Аляксандар Лукашэнка 11:07, 13/12/2001

У хуткім часе адвакат Анатоль Кучарэна, які абараняе ў судзе Тамару Рохліну, удаву генэрала, дэпутата расейскай Дзярждумы Ільва Рохліна, мае намер заявіць хадайніцтва аб пазове ў суд у якасьці сьведкі Аляксандра Лукашэнкі. Як паведаміў адвакат у тэлефоннай размове з карэспандэнтам БелаПАН, гэта адбудзецца адразу пасьля скачэньня допыту сьведак. 
“Чэсныя” журналісты наведалі Кітай 11:06, 13/12/2001

Дэлегацыя прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ на чале з намесьнікам дырэктара Нацыянальнага прэс-цэнтру Барысам Сьвятловым з 3 па 10 сьнежня знаходзілася з візытам у Кітайскай народнай Рэспубліцы. Як паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі, візыт адбыўся па запрашэньні Дэпартамэнту інфармацыі МЗС КНР і Кітайскай асацыяцыі па міжнародных абменах. У склад дэлегацыі ўвайшлі прадстаўнікі МЗС Беларусі, Белтэлерадыёкампаніі, газэт “Республика” і “Советская Белоруссия”, а таксама прадстаўнікі Бюро ІА “Интерфакс” у Беларусі. 
Працоўныя прасілі міласьціну ў аблвыканкаме 11:05, 13/12/2001

Працоўныя магілёўскага буданічага трэсту №12 нязвыклым чынам пратэстуюць супраць нявыплаты ім заробку. І, бадай, атрымаюць сваё і здымуць з пасады свайго кіраўніка. У магілёўскім трэсьце №12 не выплочваюць заробак з кастрычніка. З ініцыятывы актывістаў свабоднага прафсаюзу Юры Новікава й Аляксея Паўлоўскага пададалі адпаведную заяву ў суд. Аднак магілёўскія прадстаўнікі Феміды разглядаць яе не сьпяшаліся. 12 сьнежня два дзесяткі працоўных прыйшлі ў калідор магілёўскага аблвыканкаму, каб запісацца на прыём да ягонага старшыні Барыса Батуры. Аднак дарогу ім перакрылі міліцыянты. Тады некалькі працоўных зьнялі шапкі і сталі прасіць міласьціну ў аблвыканкамаўскіх чыноўнікаў, якія праходзілі побач. 
МУС і Мінабароны давялі прадпрыемства да банкруцтва 11:04, 13/12/2001

На мінулым тыдні спынілася Гомельскае прадпрыемства “Труд” па вытворчасьці абутку. Сярод прычынаў, што выклікалі спыненьне – вялікая запазычанасьць міністэртсваў унутраных справаў і абароны за атрыманую прадукцыю. 
“Палімір” не выконвае калектыўную дамову 11:03, 13/12/2001

На наваполацкім вытворчым аб’яднаньні “Палімір” спынена выкананьне шэрагу сацыяльна значных пунктаў калектыўнай дамовы. “За бортам” апынуліся сем дзён дадатковага адпачынку, матэрыяльная дапамога на аздараўленьне пры сыходзе ў адпачынак, кампенсацыя аплаты за навучаньне на платнай аснове работнікам прадпрыемства ці іхным дзецям, работ па зубапратэзаваньні, платных медычных паслугаў і шэрагу іншых, менш значных ільготаў і кампэнсацыяў. 
За тры месяцы тэмпы росту спажывецкіх коштаў павялічыліся ў шэсьць разоў 11:02, 13/12/2001

Амаль у шэсьць разоў за апошнія тры месяцы павялічыліся тэмпы росту спажывецкіх коштаў у Беларусі. Паводле дадзеных Міністэрства статыстыкі й аналізу, у лістападзе спажывецкія кошты ўзрасьлі на 4,6 адсоткі. Гэта ў 1,3 разы болей, чым у кастрычніку (3,6 адсодкі), у 2,2 разы болей, чым у верасьні (2,1 адсоткі), і ў 5,8 разы болей, чым у жніўні (0,8 адсоткі). Больш высокі паказчык месячнага росту летась быў зафікасаваны ў студзені (на 4,8 адсоткі). З пачатку году спажывецкія кошты павялічыліся на 38,5 адсоткі. Для параўнаньня: у лістападзе рост спажывецкіх коштаў у Расеі склаў 1,4 адсоткі, у Казахстане – 0,9, на Ўкраіне – 0,5. 
Транспарт зношаны да скрайняй ступені 11:01, 13/12/2001

Ступень зношанасьці рухомага складу транспартных арганізацыяў сталіцы выклікае трывогу гарадзкіх уладаў. Як паведаміў на сустрэчы з журналістамі начальнік упраўленьня транспарту й сувязі Мінгарвыканкаму Ўладзімер Сасноўскі, 65 адсоткаў аўтобусаў ( у тым ліку прыгарадных і міжнародных сувязяў), 64 адсоткі тралейбусаў і 55 адсоткаў трамваеў можна запісваць ў “старыя”. Што да вагонаў мэтрапалітэну, то яны маюць нарматыўную зношанасьць. 
|  |
|