Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Галоўнага рэдактара “Пагоні” аштрафавалі на паўміліёны рублёў 11:19, 13/12/2001
Штрафам у памеры 50 мінімальных заробкаў быў пакараны сёньня галоўны рэдактар газэты “Пагоня” Мікалай Маркевіч. Такое рашэньне вынес судзьдзя па адміністратыўных справах Ленінскага раённага суда Гародні Зьміцер Дземчанка. Журналіста абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні, якое адбылося ў знак пратэсту супраць закрыцьця “Пагоні” 19 лістапада гэтага году ў Гародні.
Мікалай Маркевіч сваёй віны не прызнаў. У сваім камэнтары пастановы, ён падкрэсьліў, што Канстытуцыя краіны гарантуе чалавеку права пратэставаць супраць незаконных дзеяньняў ўладаў. Па словах журналіста: “Тое, што ўлады стварылі антыканстытуцыйныя законы і на гэтай падставе судзяць савіх апанентаў – сьведчыць пра амаральнасьць гэтай улады”, -- заявіў Мікалай Маркевіч.
Акрамя таго, стала вядома, што ў Вышэйшы Гаспадарчы суд Рэспублікі Беларусь пададзеная скарга рэдактара гарадзенскай газэты “Пагоня” Мікалая Маркевіча. Нагадаем, што прыватнае выданьне было закрытае па рашэньні гэтага ж суда. Як тлумачыць Мікалай Маркевіч, “скарга ў любым выпадку прынясе карысьць, хоць наўрадці будзе задаволеная”. Аднак у гэтым выпадку, на ягоную думку, сьвет яшчэ раз пераканаецца, што закрыцьцё “Пагоні” – не “дзікі выпадак, а мэтанакіраваная палітыка беларускіх уладаў, накіраваная на ператварэньне незалежнай прэсы ў папялішча”.
Пасьля ліквідацыі газэты, на чым настаяла гарадзенская пракуратура. Мікалай Маркевіч паабяцаў, што зробіць усё, каб з сытуацыяй з прэсай у Беларусі зацікавіліся эўрапейскія структуры.
“Я пабываў у ў Вільні, і ў Варшаве, зрабіў усё, каб як мага больш людзей даведалася пра тое, што робіцца ў Беларусі. Спадзяюся, што будуць арганізаваныя парлямэнцкія слуханьні ў краінах-суседзях, магчыма эўрапейскія слуханьні аб савбодзе слова й СМІ ў Беларусі, -- сказаў Мікалай Маркевіч у інтэрвію “БДГ”. – Ёсьць надзея, што на гэтым этапе сам Лукашэнка зразумее, што выканаўцы, якія закрылі “Пагоню”, падклалі яму вялікую сьвіньню”.
Такім чынам, скарга рэдактара ў Вышэйшы Гаспадарчы суд дае шанец беларускім уладам хоць неяк выправіць сваю і так незайдросную рэпутацыю ворагаў прэсы. Толькі ці патрэбны ім імідж цывілізаванай улады – гэта яшчэ пытаньне.