Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пракуратура прызнала Курапаты месцам захаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў 11:05, 14/12/2001
Пракуратура Рэспублікі Беларусь афіцыйна пацьвердзіла факт масавых расстрэлаў грамадзянаў краіны ворганамі НКВД у Курапатах. Пра гэта гаворыцца ў лісьце, які быў адпраўлены на адрэсу грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты”, якая патрабавала рассакрэціць вынікі апошняга расьсьледаваньня на месцы захаваньняў. Аднак абнародаваць гэтыя зьвесткі ў дзяржаўных СМІ пракуратура адмаўляецца.
Як паведамляе Радыё Рацыя, гэтае прызнаньне пракуратура зрабіла не па асабістай ініцыятыве, а пасьля адпаведнага пісьмовага звароту грамадзкай арганізацыі “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты”. Актывісты ініцыятывы вымушаныя былі патрабаваць гэта ў сувязі з цяперашнімі падзеямі ў Курапатах, а таксама са шматлікімі спробамі псэўданавукоўцаў абвергнуць праўду пра Курапаты. І вось толькі праз два гады пасьля завяршэньня апошняга сьледзьва дзяржкамісія Пракуратуры Беларусі афіцыйна прызнала той факт, што Курапаты зьяўляюцца месцам масавага забойства ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 1930-40-х гадоў. Пра гэта журналістам падчас прэсавай канферэнцыі паведамілі сябры арганізацыі “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты”, сярод якіх быў гісторык, дасьледчык сталінскіх рэпрэсіяў Ігар Кузьняцоў.
“Гэты дакумэнт утрымлівае адзін вельмі істотны параграф, які дае дакладны адказ на пытаньне, хто і кім забіты ў Курапатах. Я яго працытую: “Як першапачатковым, так і дадатковым расьсьледаваньнем ўстаноўлена, што ў 1937-1940-х гадах органамі НКВД з месцаў утрыманьня вывозіліся ва ўрочышча Курапаты людзі і там расстрэльваліся”, -- паведаміў Ігар Кузьняцоў.
Акрамя таго, члены ініцыятывы патрабавалі, каб вынікі расьследаваньня курапацкай справы былі агучаныя праз дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. Аднак у лісьце, адпраўленым на адрэсу арганізацыі, пракуратура заявіла, што рабіць гэтага не зьбіраецца. І нават больш за тое: разам з пацьвярджэньнем палітычных забойстваў нашых суайчыньнікаў, пракурорскія работнікі пішуць таксама аб фактах, якія нібыта сьведчаць пра так званы нямецкі сьлед. Маўляў, у Курапатах дзейнічалі ня толькі нквдзісты, але, магчыма, і нацысты. Па словах археолягаў, якія праводзілі эксгумацыю магілаў, гэтыя высновы не вытрымліваюць ніякай крытыкі.
Члены камісіі, археолягі Андрэй Мяцельскі і Валянціна Вяргей паведамілі наступнае: “Напрыклад, у апошняй магіле, дзе былі знойдзены косьці 370 чалавек, людзей склалі штабелямі, перасыпалі зямлёю, зьверху расклалі вогнішча з іхняга адзеньня і рэчаў. Быў знойдзены абутак 1930-х гадоў, шклянкі, грабенчыкі, нават паперы аб канфіскацыі рэчаў. Немцы дакумэнтаў на атабраныя рэчы, наколькі мне вядома, не выдавалі. Акрамя таго, у магілах не было знойдзена касьцей ніводнага дзіцёнка, а як стралялі немцы – вядома. Знойдзеныя рэчы кажуць пра тое, што людзей адпраўлялі ў Курапаты адразу з этапу, адкуль яны прыбывалі са сваімі рэчамі. Гэта кажа пра тое, што людзей не трымалі ў камерах і не праводзілі ніякага сьледзтва. Гэта сапраўдны генацыд супраць народа. Падобнае па маштабах злачынства адбывалася, магчыма, толькі ў Камбоджы. Гэта была грамадзянская вайна ўзброенай улады супраць бяззбройнага народа”.
Прысутныя на прэс-канферэнцыі навукоўцы, археолягі, сябры ініцыятывы ў адзін голас сьцьвярджалі, што пракурорскае рэагаваньне на патрабаваньне грамадзкасьці ня спыніць будаўніцтва дарогі. Адзінае – што зараз у артадоксаў савецкай ідэялёгіі зь ветэранскіх арганізацыяў скараціліся шанцы сьпісаць злачынствы сваёй сыстэмы на іншыя народы ці палітыканства апазыцыянэраў. Адзнаку сёньняшнім падзеям у Курапатах дала дачка рэпрэсаванага паэта Мая Кляшторная:
“Калі ў 1960-х гадах у Курапатах праводзілі дарогу ўпершыню, так толькі КДБ і вярхушка ўлады ведала, што гэта за месца. Але ім было ўсё роўна. А сёння, калі мы ведаем, што тут адбывалася, калі мы бачым, як гэтая вялізная дарога душыць Курапаты, і мы зьяўляемся безьдзейснымі сьведкамі гэтага барбарства, то жыць проста немагчыма...”