Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
20 “мінімалак” за жаданьне ведаць праўду 11:05, 17/12/2001
У гарадзкім судзе Вялейкі суддзя Ўладзімер Емельяновіч аштрафаваў старшыню мясцовай арганізацыі АГП Ўладзімера Малярчука на 20 мінімальных заробкаў. У такую ж суму штрафу ацэньваецца жаданьне ведаць праўду аб зьніклых апанентах рэжыму і ў Аляксея Сюдака.
Уладзімер Малярчук так пракамэнтаваў рашэньне суддзі: “Нашы “незалежныя” суды судзяць нас толькі за тое, што ў нашай краіне знаходзяцца людзі, якія ставяць перад уладаю пытаньні. Я стаў з партрэтам Захаранкі. У судзе пытаюся: “Які патрэбны дазвол на маўклівае стаяньне?” А яны ў мяне: “Пра што вы думалі калі стаялі?” І зноў упарта хіляць да несанкцыянаванага пікетаваньня. Мы, натуральна, гэтае рашэньне абскардзім у абласным судзе”.
Лідэр АГП Анатоль Лябедзька адрэагаваў на гэтую навіну наступным чынам: “Сумную эстафету мясцовых уладаў Салігорску й Магілёву па вайне са сваімі ж грамадзянамі падхапілі Вялейка й Берасьце. Хачу яшчэ раз падкрэсьліць, што на правядзеньне такога кшталту мерапрыемстваў ніякага дазволу ні ў кога браць ня трэба. І гэта добра ведаюць у Менску і многіх іншых рэгіёнах краіны. Ня можа існаваць асаблівага заканадаўства для чыноўнікаў і міліцыі на месцах. Мы будзем зьвяртацца да кіраўніцтва Менскй вобласьці з прапановай, каб яны правялі тлумачальную размову з праваахоўчымі органамі й ўладамі Вялейкі. Яны павінны пачаць жыць паводле закона. Мы таксама будзем зьвязвацца зь міжнароднымі прававымі арганізацыямі і зьвернем іх увагу на гэтыя жахлівыя факты мясцовага бязьмежжа”.