Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Суд адмаўляецца выклікаць сьведак, якія могуць праліць сьвятло на выкраданьне Зьмітра Завадзкага 11:19, 17/12/2001
На працэсе па справе групы былога афіцэра спэцпадразьдзелу МУС Беларусі “Алмаз” Валеры Ігнатовіча, якую вядзе Менскі абласны суд, адхілена хадайніцтва аб выкліку ў якасьці сьведкі былога міністра сельскай гаспадаркі й харчаваньня Васіля Лявонава. Як стала вядома БелаПАН, хадайніцтва паступіла ад прадстаўнікоў пацярпелага боку. Яны лічаць, што Васіль Лявонаў, які падчас прэзыдэнцкай прадвыбарчай кампаніі сустракаўся з экс-пракурорам Беларусі Алегам Бажэлкам, можа пацьвердзіць сьведчаньні супрацоўніка ГРТ Паўла Шарамета.
26 лістапада Шарамет распавёў суду аб сваёй размове з Бажэлкам, згодна якой атрымоўвалася, што ўвосень 2000 году сьледзтва практычна раскрыла справу аб выкраданьні аператара ГРТ Зьмітра Завадзкага. Некаторыя з затрыманых нібыта паведамілі, што “заказ” на выкраданьне Завадзкага сыходзіў ад кіраўніцтва Савету бясьпекі Беларусі. Аднак, як заявіў Шарамет са спасылкаю на Бажэлку, пасьля ўмяшальніцтва Аляксандра Лукашэнкі й прызначэньня Генэральным пракурорам Беларусі былога старшыні Савету бясьпекі Віктара Шэймана сьледчыя дзеяньні былі практычна зьвернутыя, абвінавачаныя свае сьведчаньні зьмянілі ці наогул адмовіліся адказваць на пытаньні. Пры гэтым некаторыя падазроныя былі вызваленыя з-пад арышту, адзін зь іх – былы супрацоўнік АМАПу Антон Кобзар, што спачатку даў сьведчаньні, якія прызнавалі віну, -- памёр пры нявысьветленых абставінах увесну 2001 году.
Выкліканы 7 сьнежня ў Менскі вабласны суд у якасьці сьведкі былы генэральны пракурор Алег Бажэлка адмаўляў факт сустрэчы і нават знаёмства з Паўлам Шараметам, а на большасьць пытаньняў наогул адмовіўся размаўляць, спасылаючыся на арт.60 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, дзе гаворыцца, што ўдзельнікі па вытворчасьці крымінальнай справы ня могуць быць дапытанымі ў якасьці сьведак у судзе. Разгляд эпізоду, зьвязанага з выкраданьнем Зьміцера Завадзкага, фактычна завершаны на гэтым тыдні. Дапытаныя практычна ўсе сьведкі, якія фігурыравалі ў крымінальнай справе. Аднак ня выключана, што ў далейшым могуць быць выкліканыя дадатковыя сьведкі, у тым ліку і Васіль Лявонаў, калі прадстаўнікам пацярпелых удасца даказаць, што ён валодае істотнымі зьвесткамі аб выкраданьні Завадзкага.