Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ад расейцаў няма адбою 11:15, 20/12/2001, «Время новостей»
Аляксандар Лукашэнка абвесьціў пачатак “новой государственной политики в области акционирования и приватизации”, што можа выклікаць узмацненьне прысутнасьці расейскага бізнэсу ў Беларусі. Учора Лукашэнка правёў нараду па разьвіцьці нафтахімічнага комплексу Беларусі й назваў мерапрыемства “точкой отсчета” новай палітыкі. Нафтахімічная галіна прыцягвае пільную ўвагу патэнцыйных расейскіх інвэстараў — зараз на разглядзе ў Лукашэнкі знаходзіцца шэраг прапановаў па акцыяніраваньні галінаў, што паступілі ад некалькіх буйных расейскіх кампаніяў.
Пляны па маштабнай прыватызацыі нафтахімічнага комплексу разьлічаныя на наступны год. Прыкладную суму зьнешніх інвэстыцыяў у беларускім урадзе ацэньваюць у 1 млрд. даляраў.
Адна з апошніх прапановаў – ад ЛУКОЙЛу. Яна прадугледжвае стварэньне нафтахолдынгу на базе паўночнага “куста” прадпрыемстваў галіны. У холдынг павінны ўвайсьці нафтаперапрацоўчы завод “Нафтан”, ВА “Палімір”, ВА “Азот” і магілёўскае “Хімвалакно”. ЛУКОЙЛ, магчыма ў альянсе з “Ітэрай” разьлічвае атрымаць у гэтым кансорцыуме 51% пакету акцыяў. Узамен Вагіт Алекпераў паабяцаў унесьці ў беларускую эканоміку славуты міліярд даляраў. 380 млн. патрэбныя для правядзеньня поўнай мадэрнізацыі “Нафтану”, 74 млн.—для мадэрнізацыі “Паліміру”. Акрамя таго, ёсьць плян будаўніцтва на “Паліміры” заводу па вытворчасьці поліэтылену высокага ціску. Праект ацэньваецца ў 100 млн. даляраў.
Аднак беларускія ўлады, хутчэй за ўсё, лічаць больш пэрспэктыўным партнёрам “Сургутнефтегаз”. У 2000 годзе гэтая кампанія забясьпечвала 80% паставак сыравіны на “Нафтан” і 40% -- на “Палімір”, у той час як ЛУКОЙЛ забясьпечваў “Палімір” прыкладна 15% сыравіны. Як заявіў Аляксандар Лукашэнка, інвэстар павінен мець ня толькі інвэстыцыйныя рэсурсы, але й сыравіну для пастаўкі яго на акцыянаваныя прадпрыемствы. Праўда, “Сургутнефтегаз” да гэтага часу разглядаў Беларусь выключна як рынак збыту. На наступны год гэтая кампанія плянуе паставіць да 10 млн. т нафты.
У “Белнафтахіма” існуе ўласны праект стварэньня паўночнага нафтахімічнага кансорцыума, куды павінны ўвайсьці “Палімір”, “Нафтан”, Новаполацкая ТЭЦ-4. Адзін з праектаў прадугледжвае пераўтварэньне канцэрну “Белнафтахім” у дзяржаўнае ўнітарнае прадпрыемства зь ягоным акцыянаваньнем. “Усяго зараз разглядаецца сем-восем прапановаў, што паступілі ад расейскіх кампаніяў... некаторыя прадпрыемствы будуць акцыяніравацца з захаваньнем 100-адсоткавага пакету акцыяў у дзяржавы. Пасьля, 10, 20 ці 30% пакету акцыяў будуць выстаўляцца на продаж. Калі некалькі пакупнікоў аб’яднаюцца і выкажуць жаданьне атрымаць кантрольны пакет акцыяў, гэтыя прапановы будуць уважліва вывучацца”, -- сказаў газэце “Время новостей” намесьнік главы адміністрацыі прэзыдэнта па эканоміцы Леанід Козік. Сам Лукашэнка заявіў, што на першым этапе кантрольны пакет акцыяў пры акцыяніраваньні прадпрыемстваў абавязкова павінен заставацца ў дзяржавы.