|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Анатоль Лябедзька: “эскадрон сьмерці” – гэта рэальнасьць 11:07, 21/12/2001, "Сегодня" --Вынікі міжнародных назіральнікаў былі адназначнымі: вынікі прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі былі сфальсыфікаваныя. Наколькі сур’ёзныя парушэньні, якія вы асабіста назіралі? --Лукашэнка пачаў сваю прадвыбарчую агітацыю ў невызначаныя законам тэрміны – за два гады(!) да дня галасаваньня, калі заўчасна памёр адзін з самых канкурэнтаў “бацькі”, член АГП Генадзь Карпенка. Пасьля гэтага зьніклі два патэнцыйныя кандыдаты ад нашай партыі – былы міністар унутраных справаў генэрал Захаранка й першы намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету рэспублікі Віктар Ганчар. Ужо падчас выбарчай кампаніі па справе зьявіліся копіі справаздач выдачы расстрэльнага пісталету з пацьверджаньнем сьведкаў – супрацоўнікаў правааахоўчых органаў... Нядаўна Лукашэнка засім адкрыта заявіў, што да яго прыходзіла некалькі тысячаў “воров в законе”. Яны далі яму справаздачу і сказалі, што прагаласавалі за яго. Гэта адбылося пасьля таго, як Лукашэнка аддаў загад зьліквідаваць некалькі крымінальных аўтарытэтаў, у прыватнасьці, Шчаўліка.. Зараз таксама йдзе судовы працэс па справе зьнікненьня журналіста ОРТ Зьмітра Завадзкага. Па гэтай справе праходзіць шэраг афіцэраў службы бясьпекі прэзыдэнта. Але гэта, на нашу думку, проста пошук уладамі стрэлачнікаў, а не людзей, якія аддавалі загад выкрасьці карэспандэнта... --Наколькі адпавядае рэчаіснасьці інфармацыя аб існаванні так званага “эскадрону сьмерці”, які нібыта займаецца выкраданьнем і забойствам няўгодных Лукашэнку людзей? Напрыклад, распавядаюць, што некаторых апазыцыянэраў “эскароншчыкі” у прамым сэнсе закаталі ў асфальт, і гэтыя месцы ў Менску людзі спрабуюцть абыйсьці бокам... --“Эскадрон сьмерці” – гэта рэчаіснасьць. На жаль, тыя 60 старонак дакумэнтаў, якія былі прадстаўленыя, не даюць падставаў сумнявацца ў фізычнай ліквідацыі нашых калег. Праўда, мы пра гэта імкнемся дома публічна не казаць, каб пашкадаваць нэрвы іхніх сваякоў.. --На Ўкраіне, дарэчы, ёсьць палітыкі, якія дастаткова адкрыта падтрымліваюць Лукашэнку і сьцьвярджаюць, што беларусы жывуць лепш... --У Лукашэнкі стратэгічны сазьнік на Ўкраіне – гэта камуністы й спн.Вітрэнка. Пятро Сіманенка дастаткова часта “сьвяціўся” на нашай тэлевізіі падчас прэзыдэнцкай кампаніі. Ён двойчы прыяжджаў у Беларусь. Таксама сьвядома запрашалі Зюгнава, Жырыноўскага. Гэтых людзей можна далучыць да “піар”-каманды па падтрымцы Лукашэнкі. Мне падаецца, калі Сіманенка і Вітрэнка атрымаюць на будучых парлямэнцкіх выбарах посьпех, у пэрспэктыве гэта прывядзе вас толькі да эканамічнай і палітычнай крызы. Па сваім цяперашнім разьвіцьці Ўкраіна ўжо гадоў на 7-8 апярэджвае Беларусь па ўсіх паказчыках. Тое, што ў нас добра жывецца – гэта чарговы міф, створаны рэжымам Лукашэнкі. --Але народ яго падтрымлівае!.. --Таму што дабрабыт 80% насельніцтва залежыць толькі ад Лукашэнкі. Ён адзін вырашае, каму й калі выплочваць заробкі й пэнсіі... --Нягледзячы на рэжым, як вы кажаце, у Менску ўсё ж такі існуе й апазыцыя. Вы, напрыклад, маеце магчымасьць прыяжджаць сюды, кантактаваць з журналістамі... --У нас – “аксамітная” дыктатура. Вядома, у Беларусі ніколі ня будзе канцлягероў, але мы маем палітвязьняў. Любога чалавека, асабліва кіраўніка якога-небудзь прадпрыемства, можна за адзін дзень пасадзіць на лаву падсудных. Лукашэнка пэрыядычна праводзіць такія “піар”-акцыі: “узорна-паказальныя” пасадкі ў турму. Вось нядаўна публічна было заяўлена, што пракуратура мае намер узбудзіць 700 крымінальных справаў. Аказваецца, Лукашэнку ня вельмі спадабалася, як паводзіла сябе намэнклятура падчас выбарчай кампаніі. --А што ў Беларусі няма ссваіх алігархаў, якія маглі нейкім чынам паўплываць на некаторыя рашэньні прэзыдэнта? -У нас, у адрозьненьні ад Украіны, алігарх адзін—Лукашэнка. Ён сёньня ў Беларусі самы багаты й забясьпечаны чалавек. Калі нават крымінальныя групоўкі маюць свае законы, то ў Лукашэнкі іх проста няма... --Вядома, што Беларусь уваходзіць у дзесятку краінаў-экспартэраў зброі. Хто ў вас кантралюе гэты працэс? --Часта зброя прадаецца нелегальна. Мы маем усе падставы меркаваць, што і частка продажу расейскага ўзбраеньня незаконна адбывалася праз нашу краіну. Лукашэнка актыўна падтрымлівае кантакты з адыёзнымі палітычнымі рэжымамі. 11 верасьня адбылася трагедыя ў Амэрыцы, а 12 чысла ў Менск прыехаў прадстаўнік вышэйшай ваеннай рады Лівіі. У гэтай сфэры існуе “супрацоўніцтва” і з Іранам, з Іракам. Рынак ўзбраеньня ў дзяржаве кантралюе выключна Лукашэнка. Нядаўна міністар фінансаў адкрыта прызнаўся дэпутатам, што Беларусь прадае зброю. Але грошай гэтых у даходнай частцы бюджэту няма!.. Вядома, што ў нас існуе два бюджэты: адзін той, які разглядае Вярхоўны Савет, другі—пэрсанальныя рахункі Лукашэнкі, куды і пералічваюцца сродкі па продажы зброі. Дарэчы, за гэтыя грошы Лукашэнка ва ўсіх вялікіх гарадах краіны пабудаваў лядовыя стадыёны. Вельмі любіць катаццца на каньках.. --Зараз у Беларусі актыўна абмяркоўваюць тэму “пасьпяховай ваенай кар’еры” сына Лукашэнкі... --Ягоны сын скончыў факультэт міжнародных зносінаў. У войску не служыў. Але адправіўся на заставу свайго бацькі нібыта прадэманстраваць сувязі традыцыяў і пакаленьняў. Там Лукашэнка-малодшы быў адзначаны айцом і атрымаў высокую дзяржаўную узнагароду. Дарэчы, “зьнізу” у краіне ўжо пачынаюць гучаць прапановы аб адкрыцьці помніка жывому “правадыру нацыі”... --А вы не баіцёся за сваё жыцьцё, што пасьля такіх шчырых заяваў вас дома могуць... --Натуральна, страшна. Толькі я праз усё гэта прайшоў і адчуваньні мае агрубелі. Я меў чатыры адсідкі. Мяне зьбівалі на ганку ўласнай кватэры. Гэта з сумнага...Але ёсьць і пазытыўнае. Два дні таму я выйграў суд у самага буйнога беларускага “тэлекілера”. Гэта сэнсацыя! Я ня ведаю. Як справа пойдзе надалей. Але барацьбу мы ня спынім. І спадзяемся, што Ўкраіна нас падтрымае!..
|