Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Паводле інфармацыі з пракуратуры Менску сьледчы Сяргей Новікаў ужо не вядзе справу аб зьнікненьні Віктара Ганчара й Анатоля Красоўскага. Расьследаваньне зараз даручана ягонаму калегу, старэйшаму сьледчаму пракуратуры Ўладзімеру Чуманенку. Кіраўнік сьледчага аддзелу, дзе працуюць Новікаў і Чуманенка, Ягор Сіняк паведаміў Радыё Свабода, што зьмена сьледчага не азначае, што Новікаў працаваў блага. “Гэта звачайнае пераразьмеркаавньне абавязкаў у аддзеле”, -- сказаў загадчык аддзелам. Між тым, Зінаіда Гачар замену сьледчых не ўхваляе. Яна лічыць, што пасьля таго, як пракуратуру ачоліў Віктар Шэйман, расьсьледаваньне справы аб зьнікненьні ейнага мужа было зацягнутым. “Тое самае адбудзецца і з этай заменай сьледчых”, -- сказала яна.
Другі дзень на працэсе над Ігнатовічам і ягонымі саўдзельнікамі, якіх падазраюць сярод іншага ў выкраданьні Зьмітра Завадзкага, дапытваюць крымінальніка Сяргея Савушкіна. Непасрэдна Савушкіну выкраданьне Завадзкага сьледчыя не інкрымінавалі, але ў судзе прагучалі зьвесткі, якія ставяць пад сумнеў высновы сьледчых адносна недатычнасьці Савушкіна да зьнікненьня Завадзкага, — сьцьвярджаюць удзельнікі працэсу.
У Праваабарончы цэнтр “Вясна” працягваюць зьвяртацца людзі, якія былі звольненыя з працоўных месцаў за ўдзел у выбарчай кампаніі. 20 сьнежня напісаў заяву аб тым, што ня можа ўладкавацца на працу пасьля звальненьня былы рабочы Гарадзенскага аб’яднаньня “Азот” Юры Кохна. Падчас выбарчай кампаніі ён зьяўляўся назіральнікам ад Праваабарончага цэнтру “Вясна” на выбарчым участку ў вёсцы Жукевічы Гарадзенскага раёну, дакладней, у дзень выбараў ён ня быў дапушчаны назіраць за працэсам выбараў, як і ўсе назіральнікі ад гэтай арганізацыі. Але ягоная дзейнасьць не засталася не заўважанай адміністрацыяй “Азоту”, і ў канцы кастрычніка ён быў звольнены.
Разгляд адміністратыўнай справы па факце зьбіцьця ўдзельнікаў сустрэчы з выбаршчыкамі, сябраў ініцыятыўнай групы адзінага кандыдата ад апазыцыі Ўладзімера Ганчарыка падчас выбарчай кампаніі прайшло 21 сьнежня ў судзе Фрунзенскага раёну станцыі метро Пушкінская, калі да сябраў ініцыятыўнай групы Ігара Крэбса й Дар’і Каткоўскай падыйшлі невядомыя маладыя лююдзі і жорстка зьбілі іх. Пры гэтым Дар’і Каткоўскай наносіліся ўдары па галаве. У аднаго з пацярпелых мінаўкоў, які заступіўся за агітатараў, было выяленае лёккае страсеньне мазгоў.
Рашэньнем адміністрацыі Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту некалькі вядомых у горадзе навуковых, спартовых і грамадзкіх арганізацыяў пазбаўленыя юрыдычнай адрэсы ў гэтай установе. Сярод тых, хто атрымаў афіцыйную адмову за подпісам рэктара ўнівэрсытэту Ўладзімера Плецюхова, - мясцовая філія Геаграфічнае суполкі, Асацыяцыя палітычных навукаў, грамадзкае аб`яднаньне "Ўкраінская навукова-пэдагагічная суполка "Берагіня", гандбольны клюб "Рубікон" і, што самае дзіўнае, унівэрсытэцкая каманда Клюбу вясёлых і знаходлівых, створаная некалькі год таму.
Старшыня Беларускага саюза мастакоў Уладзімер Басалыга выступае за вяртаньне Дому літаратараў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. У размове з карэспандэнтам БелаПАН сп.Басалыга адзначыў, што СБП зараз знаходзіцца ў крытычным эканамічным стане. “Пасьля таго як Адміністрацыя адмовілася даціраваць дзейнасьць літаратурнага аб’днаньня, Саюз пісьменьнікаў апынуўся бяз сродкаў да існаваньня. Калі ж у безвыходным стане знаходзіцца аб’яднаньне літаратараў, асуджана ўся нацыянальная культура”, -- падкрэсьліў масатак.
Ва ўрадавых і палітычных колах Брытаніі адбыўся шэраг кансультацыяў, прысьвечаных пэрспэктывам дачыненьняў зь Беларусяй, а таксама каардынацыі Брытанскай і наагул Заходняй палітыкі да Беларусі. У рамках гэтых кансультацый Лёндан наведаў амбасадар Вялікай Брытаніі ў Менску Іан Келі, а таксама адбылася сустрэча кіраўніцтва Брытанскай Усепартыйнай Парлямэнцкай Групы па Беларусі зь Міністрам па справах Эўропы Пітэрам Гэйнам. Спэцыяльна для Радыё Свабода на пытаньні пра будучыню стасункаў Беларусі з Брытаніяй і Эўропай адказвае Лорд Понсанбі, Сакратар Брытанскай Усепартыйнай Парлямэнцкай Групы па Беларусі.
Суд Менскага раёну асудзіў абаронцу Курапатаў Юры Фабішэўскага да штрафу. Фабішэўскі быў затрыманы і зьбіты АМАПаўцамі ў Курапатах пры вядомых абставінах 8 лістапада. У РУУС Менскага раёну на яго былі складзеныя пратаколы па арт.166 ч.1 (парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Суд прызнаў яго вінаватым у парушэньні гэтых артыкулаў і прызначыў пакараньне ў выглядзе штрафу ў памеры 20 мінімальных заробкаў.
З такім пытаньнем зьвяртаецца да жыхароў Барысава ўлётка, расклееная актывістамі ЗУБРа па ўсім горадзе. Ва ўлётцы пазначаны тэлефоны начальніка ЖЭУ, галоўнага інжынэра й старшыні гарвыканкаму. Зубры заклікаюць патэлефанаваць і запытаць нядбайных чыноўнікаў, чаму так блага працуе ацяпленьне.
Па дадзеных на 21 сьнежня, тры сталічныя прадпрыемствы –ААТ “Менскпраектмэбля”, АП-214 “Кабінат жалезабетонных вырабаў” і ўнітарнае прадпрыемства “Берамбудспорт” яшчэ да гэтага часу ня выплацілі сваім работнікам заробак за кастрычнік. Гэтую інфармацыю карэспандэнту БЕЛТА прадаставіў першы намесьнік старшыні камітэту па працы Менгарвыканкаму Аляксандар Пятруня. Паводле ягоных словаў, цяжкасьці з выплатай заробку за лістапад паўсталі перад 32 сталічнымі прадпрыемствамі. Яны зьвярнуліся да ўраду з просьбай выдаткаваць крэдыт на выплату заробкаў у памеры 6,5 міліярды рублёў.
Даходная частка бюджэту Гарадзенскай вобласьці ў гэтым годзе недаатрымае каля 46 міліярдаў рублёў ці 10% заплянаванай сумы. Пра гэта на апошняй сэсіі абласнога савету паведаміў начальнік фінансавага ўпраўленьня аблвыканкаму Міхаіл Шабан. Каб зьвесьці канцы з канцамі, адказныя за бюджэт сёлета эканомілі на ўкладаньнях у капітальнае будаўніцтва й кампэнсацыі стратаў жыльлёва-камунальных службаў. На выплату бюджэтнікам заробкаў, аблвыканкам браў у “Беларусбанку” крэдыты. Даходнай часткі бюджэту-2002 заплянавана на траціну болей, чым сёлета. Рэзкае, напалову, скарачэньне выдаткаў будзе толькі ў капітальным будаўніцтве. Асыгнаваньні па астатніх артыкулах плянуецца павялічыць.
Гомельскі завод пускавых рухавікоў у цяжкім фінансавым становішчы. На заводзе падлічылі: калі выйсьці на ўзровень аб’ёмаў вытворчасьці ў 650-700 міліёнаў рублёў, то сярэдні заробак на прадпрыемстве складзе 170 тысячаў рублёў (крыху болей за 100 даляраў). Прычым тут улічваецца ня толькі сама вытворчасьць, але й магчымасьці рэалізацыі прадукцыі. Аднак на сёньняшні час тут выпускаецца прадукцыі менш – на 420 млн.рублёў, што натуральна ўплывае на заробак. На заводзе толькі нядаўна разьлічыліся з работнікамі за верасень. А каб выплаціць кастрычніцкі заробак, і разьлічыцца з падаткамі, прадпрыемству трэба дзесьці адшукаць яшчэ каля 15 міліёнаў. Пра лістпадаўскую размова нават ня йдзе.
Сёньня Віцескаму абласному фонду сацыяльнай абароны насельніцтва прадпрыемства й арганізацыі вінны каля 16 млрд.рублёў, ці больш за палову месячнай сумы, неабходнай для разьліку з пэнсыянэрамі. Самымі злоснымі неплацельшчыкамі, натуральна, зьяўляюцца гаспадаркі аграпрымасловага комплексу, а таксама Віцебскі домабудаўнічы камбінат, інструмэнтальны завод у Воршы, РПУП “Лёс”, ААТ “Віцебскмэбля”. З пачатку году патрэба ў сродках для выплаты пэнсіяў павялічылася амаль удвая, а вось сумы, якія ўдаецца сабраць абласному фонду сацыяльнай абароны, значна меней.
“Літва будзе імкнуцца зьмякчыць наступствы ўскладненага візавага рэжыму для жыхароў Калінінградзкай вобласьці Расеі, Беларусі й Украіны”, -- заявіў кіраўнік консульскага аддзелу МЗС Літвы Гядзімінас Шаўдзьвіціс.