Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Беларусі зьніжаецца аплата энэргіі грашыма 11:03, 27/12/2001
У Беларусі зьнізілася аплата энэргіі "жывымі грашыма", паведамілі ў дзяржаўным энэргетычным канцэрне. Паводле інфармацыі спэцыялістаў "Белэнэрга", за адзінаццаць месяцаў гэтага году спажыўцамі ў грашовай форме аплочана 35,4% спажытай энэргіі (агульная аплата - 85,7%), у той час аплата за 2000 год склала 44,7%. Практычна ўсе міністэрствы й канцэрны перавышаюць усталяваныя ўрадам улетку гэтага году межавыя нарматывы неграшовай формы спыненьня забавязаньняў па разьліках за ўжытую электрычную й цеплавую энэргію.
Як адзначылі ў канцэрне, у такіх умовах прадпрыемствы электраэнэргетыкі ня маюць магчымасьці фінансаваць у неабходным аб’ёме свае выдаткі на вытворчасьць энэргіі. Акрамя гэтага, павялічваецца колькасьць адтэрміновак, што прадастаўляюцца прадпрыемствам па пагашэньні запазычанасьці за энэргарэсурсы. На дадзены момант іхная сума складае 41,8 млрд. бел. руб., у той час як аналягічная адтэрміноўка арганізацыям па энэргазабесьпячэньню па прыроднаму газу значна меней - 6,9 млрд. бел. руб.
Як паведамілі ў "Белэнэрга", падведамственныя канцэрну "Белнафтахім" прадпрыемствы, маючы высокі ўзровень аплаты за ўжытую энэргію, не вырабляюць у поўным аб’ёме аплату грашыма. У лістападзе імі аплочана 28,5% пры нарматыве аплаты грашыма 40%. А, у прыватнасьці, прадпрыемствы нафтахімічнай прамысловасьці Магілёўскай вобласьці ў лістападзе аплацілі грашыма толькі 12,8%.
У прадпрыемстваў Мінпраму самы нізкі ўзровень плацяжоў у грашовым выяўленьні ў Менску, Менскай вобласьці – 12,5% і ў Гарадзенскай вобласьці - 13,1%. Запазычанасьць прадпрыемстваў міністэрства на 1 сьнежня 2001 г. складала 34,9 млрд. бел. руб., зь іх 11,2 млрд. бел. руб. знаходзіцца ў адтэрміноўцы (больш за палову прыпадае на прадпрыемствы Гомельскай вобласьці).
Прадпрыемствамі Мінбудархітэктуры ў лістападзе грашыма аплочана 28,1% ужытай энэргіі пры нарматыве 40%. Самы нізкі ўзровень плацяжоў у Віцебскай - 16,6% і Гарадзенскай абласьцях - 17,8%. Запазычанасць прадпрыемстваў міністэрства на пачатак сьнежня склалася на ўзроўні 19,2 млрд. бел. руб., зь якіх 11,3 млрд. бел. руб. прыпадае на адтэрміноўку.
Прадпрыемствы Мінжылкамгасу жывымі грашыма аплацілі 40% (нарматыў 70%). Сума запазычанасьці склала 12% ад агульнай сумы пазыкаў усіх спажыўцоў і дасягнула 69,7 млрд. бел. руб.