Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Рэдактар аршанскай газэты “Куцейна” пазбаўлены ліцэнзіі 11:04, 27/12/2001
Аршанскі гарвыканкам пастанавіў пазбавіць прадпрымальніцкай ліцэнзіі рэдактара незалежнай газэты “Куцейна” Віктара Андрэева. Са словаў рэдактара, пра тое, што яго вырашылі пазбавіць права на прадпрымальніцкую дзейнасьць, ён даведаўся выпадкова. Як высьвятлілася, яшчэ 5 сьнежня прайшло паседжаньне аршанскага гарвыканкаму, дзе прынялі адпаведнае рашэньне. Але афіцыйнае пісьмовае пацьверджаньне гэтаму Віктар Андрэеў атрымаў толькі напярэдадні Калядаў і толькі пасьля асабістага звароту ў гарвыканкам.
Тэкст дасланага дакумэнту выклікаў у Андрэева шэраг пытаньняў да прадстаўнікоў мясцовай вертыкалі, і вырашыць іх ён спадзяецца зараз выключна пры дапамозе судовых органаў. Справа ў тым, што як падставу для пазбаўленьня ліцэнзіі Віктару Андрэеву паказалі на два цалкам супярэчлівыя парушэньні прадпрымальніцкай дзейнасьці.
З аднаго боку, ён нібыта не ажыцьцяўляў гэтай дзейнасьці наогул напрацягу апошніх шасьці месяцаў, праз гэта ягоная ліцэнзія аўтаматычна падлягае скасаваньню. А з другога боку, як вынікае з дасланага афіцыйнага дакумэнту, у Віктара Андрэева адабралі ліцэнзію за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць.
Згодна гэтаму абвінавачаньню Аршанскі гарадзкі суд некалькі месяцаў таму прыняў рашэньне аб канфіскацыі адабранай напярэдадні верасьнёўскіх прэзыдэнцкіх выбараў рэдакцыйнай маёмасьці, у тым ліку кампутараў і рызографу. Але пракуратура і Віцебскі абласны суд вымушаныя былі адмяніць гэтае рашэньне і прыняць да ўвагі заяву Віктара Андрэева наконт парушэньняў падчас правядзеньня судовага паседжаньня.
Такім чынам, віну рэдактара “Куцейны” да гэтага часу суд не прызнаў, і Аршанскі выканкам, па словах Віктара Андрэева, відавочна пасьпяшаўся са сваім рашэньнем, якое загартаваны ў судовых спрэчках рэдактар зьбіраецца абскардзіць у абласным гаспадарчым судзе.
Як лічыць Андрэеў, сьпешнасьць гарадзкіх уладаў у пазбаўленьні ягонага права на прадпрымальніцкую дзейнасьць выкліканая, магчыма, тым, што замест забароненай “Куцейны” ён нядаўна зарэгістраваў новую незалежную гарадзкую газэту.