Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
АГП патрабуе адстаўкі старшыні КДБ 11:06, 28/12/2001
Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП) Беларусі зьвярнулася да старшыні Камітэту дзяржбясьпекі рэспублікі Леаніда Ерына з заклікам пайсьці ў адстаўку. Падставаю для звароту стала самазабойства гомельскага актывіста ЗУБРа Андрэя Зайцава, які, на думку партыі, “ня вытрымаў ціску й шантажу з боку мясцовага КДБ”. На месцы здарэньня знойдзена аўдыёкасэта з запісам тэлефоннай размовы А.Зайцава з супрацоўнікам КДБ й заявы ў Беларускі Гэльсынскі камітэт аб абставінах ягонай вярбоўкі ў органы дзяржбясьпекі, гаворыцца ў звароце партыі.
“20 сьнежня ў Гомлі скочыў жыцьцё самагубствам Андрэй Зайцаў. Малады чалавек ня вытрымаў уціску й шантажу з боку мясцовага КДБ. Гэты выпадак дае падставы яшчэ раз сьцьвярджаць, што парушэньні правоў грамадзянаў Беларусі носяць бяспрэцэндэнтны татальны характар, -- гаворыцца ў заяве АГП. Краіна ахутаная павуціньнем разнастайных спэцпадразьдзелаў, якія на грошы падаткаплацельшчыкаў праводзяць антызаконную дзейнасьць супраць грамадзян Беларусі. Толькі на 2002 год спэцслужбам выдаткоўваецца амаль 30 млрд. рублёў. Ва ўмовах сёньняшняга палітычнага рэжыму дзейнасьць КДБ і іншых спэцслужбаў у значнай ступені сыходзіць выключна да палітычнага зыску й перасьледу іншадумцаў.
Вядомыя шматлікія выпадкі й прыклады, калі работнікі спэцслужбаў у парушэньне Канстытуцыі выкарыстоўваюць псыхалягічны шантаж, гвалт адносна грамадзянаў краіны, і асабліва моладзі, з мэтай прымусіць іх супрацоўнічаць са спэцслужбамі.
Сьмерць Андрэя Зайцава на сумленьні тых, хто кіруе ў Беларусі, хто вызначае правілы, паводле якіх спэцслужбы ператвараюцца ў легальна дзейсныя “эскадроны сьмерці”.
КДБ перайшоў мяжу, якая называецца закон і мараль. І гэта адбылося не 20 сьнежня, калі дваццацічатырохгадовы малады чалавек ня вытрымаў псыхалягічнга ўціску і скончыў жыцьцё самагубствам. Гэта здарылася ў лістападзе 1996 году, калі спэцслужбы краіны сталі судзельнікамі дзяржаўнага перавароту ў Беларусі.
Людзі, задумайцеся, бо заўтра ахвярай шантажу можа стаць ваш дзіцёнак, і трагедыя можа прыйсьці ў ваш дом. І гэтая небясьпечнасьць будзе існаваць да таго часу, пакуль мы ня зьменім сыстэму ўлады, пакуль не прымусім усіх бяз выключэньня жыць паводле Канстытуцыі, пакуль не паставім дзейнасьць спцэслужбаў пад жорсткі грамадзкі й парлямэнцкі кантроль”.
У сувязі з гэтым, Аб’яднаная грамадзянская партыя заклікае старшыню КДБ Беларусі, кіраўніка Гомельскага ўпраўленьня КДБ неадкладна пайсьці ў адстаўку. АГП запатрабавала ад Пракуратуры Рэспублікі Беларусь правядзеньня расьсьледаваньня, як дадзенага выпадку фактычнага забойства, так і мэтадаў, формаў дзейнасьці КДБ адносна апанентаў сёньняшняга палітычнага рэжыму.
Акрамя таго, партыя прапануе праваабарончым арганізацыям ініцыіраваць стварэньне незалежнай грамадзкай камісіі па расьсьледаваньні ўсіх абставінаў сьмерці Андрэя Зайцава й заклікае дэмакратычныя партыі, грамадзкія аб’яднаньні, незалежныя мас-медыя аб’яднаць намаганьні па стварэньні сыстэмы абароны моладзі ад узьдзеяньня спэцслужбаў.