Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларусь зноў абвінавачваюць у продажы зброі экстрэмістам 11:17, 28/12/2001
Датычнасьць Беларусі да продажу зброі міжнародным тэрарыстам стала адной з асноўных тэмаў міжнароднага друку ў старым, 2001-м годзе. У сераду зьявілася чарговая публікацыя ў польскім друку, а ў чацьвер на гэты конт выказаўся міністар замежных справаў Беларусі Міхаіл Хвастоў, паведамляе Радыё Рацыя.
У шэрагу замежных сродкаў масавай інфармацыі зьявіліся публікацыі пра гандаль зброяй, які вядзе Беларусь з краінамі, што маюць сувязі з тэрарыстамі. Нагадаем, у кастрычніку са спасылкай на зьвесткі ЦРУ інфармацыйная агенцыя DPA паведаміла пра гандлёвыя стасункі беларускага ўраду з тэрарыстычнымі групоўкамі. Затым расейскія крыніцы паведамілі, што паводле зьвестак амэрыканскай выведкі, толькі за першую палову гэтага году Беларусь прадала зброі агулам на 500 міліёнаў даляраў. Асноўныя пакупнікі гэтага тавару - радыкальныя палестынскія арганізацыі, шэраг арабскіх ваенізаваных груповак, а таксама альбанскія баевікі. Кожная з гэтых арганізацыяў наўпрост ці апасродкава мае дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці.
Днямі да гэтай тэмы вярнуўся польскі штотыднёвік "Glos", які сьцьвярджае, што Беларусь яшчэ ў 1996 годзе стала адным з самых буйных у сьвеце экспартэраў зброі. Акрамя старой савецкай тэхнікі, Беларусь прадае таксама сучасную расейскую зброю пры пасярэдніцтве расейска-беларускіх фірмаў. Як сьцьвярджае далей польскі тыднёвік, галоўнымі пакупнікамі гэтай зброі зьяўляюцца дзяржавы, якіх амэрыканцы называюць краінамі-ізгоямі. "Для Масквы беларускі рэжым зьяўляецца цудоўным прыкрыцьцём у канкурэнтнай барацьбе з амэрыканцамі, а для Лукашэнкі гандаль зброяй - гэта цудоўная крыніца цьвёрдай валюты для фінансаваньня сваёй улады", піша польскі "Glos".
Натуральна, зьвесткі пра тое, што Беларусь гандлюе зброяй, - гэта сакрэт. Прадстаўнікі беларускіх сілавых міністэрстваў нязьменна абвяргаюць гэтую інфармацыю. Аспрэчыў гэтую інфармацыю ў чацьвер і міністар замежных справаў Беларусі Міхаіл Хвастоў. Ён зрабіў нават спэцыяльную заяву, у якой пацьвердзіў, што Беларусь не парушае забароны Рады бясьпекі ААН на гандаль зброяй з "крытычнымі" краінамі. Міністар таксама заявіў, што "ня можа пакінуць без увагі інфармацыю, якая распаўсюджваецца настойліва, скурпулёзна й навязьліва пра тое, што Беларусь падтрымлівае сувязь зь міжнароднымі тэрарыстамі й прадае ім зброю". Праўда, Міхаіл Хвастоў даручыў адпаведным упраўленьням Міністэрства замежных справаў дэтальна вывучыць гэтую інфармацыю. Вынікі аналізу пададуць толькі ў першай дэкадзе наступнага году.
Аднак ужо цяпер міністар Хвастоў абураўся, што, маўляў, Беларусі спрабуюць стварыць імідж краіны, якая ўяўляе праблему для сусьветнай супольнасьці ў пляне гандлю зброяй. Пры гэтым робяцца спасылкі на зьвесткі Варшаўскага цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў, на ізраільскі часопіс, агенцыю DPA, Стакгольмскі інстытут міжнародных дасьледаваньняў, інфармацыю ЦРУ. Па словах Міхаіла Хвастова, ягонае ведамства не знайшло пацьверджаньня, што пералічаныя крыніцы распаўсюджвалі згаданую інфармацыю ў друкаваным выглядзе.
Разам з тым, некаторыя факты пацьвярджаюць, што Беларусь стала транзытным калідорам для паставак зброі. Да прыкладу, пазалетась у Мачулішчах быў затрыманы грузавы самалёт, у якім знаходзіліся рухавікі ды іншыя дэталі для баявых верталётаў. Гэты груз, коштам 10 міліёнаў даляраў, перапраўляўся транзытам праз Беларусь з Расеі ў Анголу. Як ужо паведамляла Рацыя, непадалёк ад Менску, на тэрыторыі адной з вайсковых частак, былі знойдзеныя 6 рухавікоў да зьнішчальнікаў МІГ-29 коштам больш за 12 міліёнаў даляраў. Рухавікі прызначаліся для далейшага продажу ў Алжыр.