Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Узровень сьнежаньскай інфляцыі ў Беларусі аказаўся вышэйшым за гадавую інфляцыю ў Кіргізіі 11:03, 15/01/2002
У сьнежні ў Беларусі зафіксаваны самы высокі ў 2001 годзе рост спажывецкіх коштаў - на 5,5 адсоткаў. Папярэдні рэкорд належаў студзеню - 4,8 адсоткаў. За год кошты ўзрасьлі на 46,1 адсоткі, што некалькі вышэй за восеньскія прагнозы ўраду (42 - 45 адсоткаў).
Са студзеня па жнівень тэмпы росту спажывецкіх коштаў зьнізіліся ў 6 разоў (з 4,8 адсоткаў у студзені да 3,9 у лютым і сакавіку, 3,3 у красавіку, 2,6 у траўні, 2,1 у чэрвені, 1,6 у ліпені, 0,8 у жніўні), аднак з верасьня па сьнежань узрасьлі ў 6,9 разоў (да 2,1 адсоткаў у верасьні, 3,6 у кастрычніку, 4,6 у лістападзе, 5,5 у сьнежні).
У параўнаньні з 2000 годам інфляцыя ў Беларусі зьнізілася ў 2,3 разы (з 107,5 да 46,1 адсоткаў), але на фоне іншых краін СНД застаецца вельмі высокай. Да прыкладу, у Расеі спажывецкія кошты ўзрасьлі за 2001 год на 18,6 адсоткі (у тым ліку ў сьежні на 1,6 адсоткі), у Казахстане - на 6,4 (у сьнежні - на 1), у Малдове - на 6,3 (на 1,9), на Украіне - на 6,1 (на 1,6). Гадавая інфляцыя ў Кіргізіі аказалася ніжэйшай за сьнежаньскую інфляцыю ў Беларусі - 4 адсоткі.