Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Расейскія бровары ня хочуць быць падманутымі ўкладальнікамі 11:16, 15/01/2002
На мінулым тыдні ААТ “Крыніца” наведала ўрадавая камісія на чале зь віцэ-прэм’ерам Аляксандрам Папковым. Мэта візыту – ацэнка вынікаў першага этапу рэканструкцыі заводу ў рамках інвэстыцыйнага праэкту “Балтыка-Крыніца”. Між тым стала вядома, што ў сакавіку выпуск новага піва на ААТ “Крыніца”, як плянавалася па графіку, не пачнецца, паведамляе “Белорусская газета”.
Нагадаем, што яшчэ ўвосень мінулага году “Балтыка” пачала пастаўляць абсталяваньне ў “Крыніцу”. Пачалася маштабная рэканструкцыя трох асноўных цэхаў прадпрыемства. “Калектыў ужо ўвайшоў у рытм рэфармаваньня і бачыць рэальныя пэрспэктывы пераменаў, -- кажуць спэцыялісты прадпрыемства. – Але сёньня ўсе знаходзяцца ў стане непрыемнага чаканьня”. Зараз пастаўкі абсталяваньня на завод практычна спыненыя.
Па словах Антона Арцемьева, віцэ-прэзыдэнта скандынаўскага піўнога холдынгу ВВН, якому належыць 80% акцыяў ААТ “Піваваранная кампанія “Балтыка”, з-за таго, што сход акцыянэраў “Крыніцы” да гэтага часу не прыняў рашэньня аб эмісіі акцыяў, рэалізацыя праэкту ідзе не па зацьверджаным графіку.
“Мы таксама хацелі, каб працэс узгадненьняў адбываўся хутчэй, – сказаў віцэ-прэзыдэнт ВВП. – Калі мы першымі ўмацуемся на беларускім рынку, то пазыцыі “Балтыкі” будуць самымі выйгрышнымі. Але ў розных краінах узгадненьні адбываюцца па-рознаму”. Арцемьеў настроены аптымістычна і мяркуе, што “пакуль падставаў для панікі няма”.
І тым не менш пастанова Савету Міністраў аб чарговай эмісіі акцыяў на ААТ “Крыніца” не падпісваецца ўжо каля двух месяцаў. Шэраг назіральнікаў спасылаецца на нядаўняе паседжаньне з беларускім кіраўніком, дзе Лукашэнка сказаў прыкладна наступнае: маўляў, няхай спачатку кампанія цалкам рэканструіруе завод, а пасьля пачнем размовы аб продажы кантрольнага пакету акцыяў. Нагадаем, што “Балтыка” мае намер набыць пакет 50% плюс 1 акцыя. Але пакуль усё разгортываецца па раману Ільфа і Пятрова: стулы – вечарам, грошы — раніцой. Што, у рэшце рэшт, перастала задавальняць “Балтыку”, таму, трэба меркаваць, і спыніліся пастаўкі абсталяваньня. На заводзе асьцярожна кажуць, што, магчыма, новае піва зьявіцца ў канцы сакавіка ці сярэдзіне красавіка.