Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Аднавіўся суд над міліцыянтамі, якія катавалі людзей на допытах 11:05, 16/01/2002
У судзе Фрунзенскага раёну Менску пасьля амаль двухмесячнага перапынку аднавіўся судовы працэс над былым намесьнікам начальніка сьледчага аддзелу міліцыі Першамайскага раёну Віктарам Крамсаевым і групай ягоных падначаленых. Іх абвінавачваюць у катаваньні людзей на допытах. У менскіх судах ёсьць яшчэ некалькі крымінальных справаў супраць міліцыянтаў.
Намесьніка начальніка сьледчага аддзелу Першамайскага ўпраўленьня міліцыі Віктара Крамсаева, а таксама трох ягоных падначаленых і ўчастковага інспэктара абвінавачваюць у тым, што колькі гадоў запар яны “выбівалі” сьведчаньні ў падазраваных. Гэты міліцыянт з залатым зубам усяляў жах у людзей. Скалечаныя некалькі разоў падавалі скаргі ў пракуратуру. Пасьля шматлікіх праверак пракуратура, нарэшце, адкрыла крымінальную справу. Былых міліцыянтаў арыштавалі й зьмесьцілі ў сьледчы ізалятар КДБ.
Калі справа трапіла ў суд, арыштаваным зьмянілі меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе. Праз некалькі паседжаньняў суд аб’явіў перапынак, каб сьледзтва прад’явіла новыя доказы віны падсудных.
Каб высьвятліць, чаму такія справы часта доўга ляжаць у судах, Радыё Свабода зьвярнулася за камэнтарам да адваката Андрэя Крупянкіна:
“Калі пройдзе нейкі час пасьля зьбіцьця ў міліцыі, то робіцца ўсё звычайна так: чалавек быў дома, напрыклад два дні, а часам, што і тры гадзіны, і ня так і проста яму пасьля даказаць, што менавіта міліцыянты яго зьбілі.
Міліцыянты настойваюць на тым, што чалавека зьбілі дзесьці ў іншым месцы. Пры гэтым яны спасылаюцца на тое, што хуткую дапамогу яму ня выклікалі. Нават, калі і выклікаюць хуткую, медыкі ставяцца скептычна да такіх людзей, бо міліцыянты заўсёды ім кажуць, што чалавек учыніў нейкае страшнае злачынства.
Наколькі я ведаю, у справе Крамсаева пракуратура каля дваццаці разоў адмаўляла ва ўзбуджэньні крымінальнае справы, а пасьля адбыўся нейкі эпізод, які здолелі даказаць. Вось ён і стаў апошняй кропляй. Крымінальная справа дайшла да суда, але іншым пацярпелым цяжка даказаць, што менавіта гэтыя міліцыянты іх зьбівалі”.
Адвакаты міліцыянтаў лічаць, што ўжо на гэтым тыдні можна будзе пачуць прысуд у справе.
У Заводзкім судзе Менску знаходзіцца крымінальная справа яшчэ на двух міліцыянтаў – Андрэя Маляўку і Леаніда Корабава. Яны забілі ў медвыцьвярозьніку начальніка зьмены заводу гадзіньнікаў Аляксандра Кулакова.
А ў Маскоўскі суд на днях трапіла справа сяржанта міліцыі Сяргея Малашкенкі. Ён летась зьбіў супрацоўніка міжраённай пракуратуры падчас вулічнага патруляваньня.