|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Татальны ўціск правоў чалавека ў Беларусі 11:06, 16/01/2002 --Людміла Мікалаеўна, на чым заснаваная падрыхтаваная вамі кроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі? --Яна заснаваная на інфармацыі вэб-сайту Хартыі’97, радыё “Свабода” і ў нейкай ступені радыё “Рацыя”. Я паспрабавала задаволіць попыт на праваабарончую інфармацыю, асабліва напярэдадні і падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Прычым попыт ня толькі зьнешні, але і ўнутраны. Таму што ўвага да падзеяў у нашай краіне рэзка актывізавалася. Я штомесяц рыхтавала матэрыял, у якім спрабавала аналізаваць сытуацыю з правамі чалавека ў Рэспубліцы Беларусь. У выніку атрымалася восем артыкулаў, падрыхтаваных напрацягу году. --Якія мэтады часьцей за ўсё выкарыстоўваюцца беларускімі ўладамі па выкараненьні іншадумства ў краіне? --Мэтады самыя разнастайныя: ад легальных заканадаўчых да падманных. Уладамі выкарыстоўваецца практыка парушэньняў правоў чалавека, папярэдне закладзеных у законах, дэкрэтах і ўказах. У першую чаргу хачу назваць дэкрэт №8, прыняты ўвесну мінулага году. Практыкуюцца й мэтады судовага перасьледу. Таксама нібыта легальнага, але палітычна заангажаванага і несправядлівага адносна актывістаў апазыцыі і ўсіх, хто змагаецца за свае правы. Зьбіцьцё, крадзеж аргтэхнікі – усё гэта зьведалі на сабе актывісты ня толькі нашай арганізацыі. --У якой сфэры часьцей за ўсё парушаюцца правы чалавека? --Зараз, напэўна, нельга сказаць, што ёсьць нейкая сфэра, дзе парушаюцца правы чалавека. Вядома, мы адсочваем пэўныя сэгмэнты грамадзкага жыцьця, парамэтры, абумоўленыя міжнароднымі Гэльсынскімі пагадненьнямі. І тут па ўсіх накірунках адчулі, як дзяржава націснула на ўсе педалі. Гэта й прэса, і няўрадавыя арганізацыі, і рэлігійныя канфесіі. Парушаецца права грамадзян зьмяніць урад – усе, хто прымаў удзел у выбарчым марафоне, па-за якімі-небудзь арганізацыямі, зьведалі на сабе ўціск. Хачу падкрэсьліць, што летась назіраўся татальны ўціск правоў чалавека ў Беларусі. --У ліку нязгодных уладам вы назвалі няўрадавыя арганізацыі. --Сярод няўрадавых арганізацыяў шмат апазыцыйных, якія змагаюцца за дэмакратыю, за правы чалавека. Зразумела, якое да іх стаўленьне пры аўтарытарным рэжыме. Трэба сказаць наўпрост: у існаваньні гэтых арганізацыяў Лукашэнка бачыць пагрозу сваёй аўтарытарнай уладзе і, натуральна, імкнецца іх нэйтралізаваць і загнаць у рэзэрвацыю. Дакладна так, як ён гэта робіць адносна незалежных сродкаў масавай інфармацыі. --У вашым дасьледаваньні адзначаецца абмежаваньне свабоды веравызнаньня. Якія факты вам вядомыя? --Напрыклад, пазбаўлены сану Ян Спасюк, настаяцель царквы ў вёсцы Клепічы Бераставіцкага раёну. Акрамя яго пазбавілі сану айца Леаніда Пляца, айца Вячаслава Гнядзько – гэта што датычыць праваслаўнай царквы. Што да каталіцкай, то можна згадаць фільм Азаронка на БТ “Душехваты”, у якім распальвалася рэлігійная нянавісьць, артыкулы супраць каталікоў і пратэстантаў, надрукаваныя ў некаторых дзяржаўных газэтах. Нельга забываць і факт фінансаваньня праваслаўнай царквы з дзяржбюджэту – ніякая іншая царква такіх прывілеяў ня мае. Афіцыйна й канстытуцыйна царква адасобленая ад дзяржавы, і яна не павінна фінансавацца з бюджэту. --Уціск свабоды слова – па-ранейшаму адзін з найлюбімых мэтодык, якія выкарыстоўваюцца ўладамі Беларусі. --Яно і зразумела: калі грамадзкасьць даведаецца праўду аб тым, што насамрэч адбываецца ў краіне, будзе цалкам іншая рэакцыя адносна ўладаў. Ва ўсялякай таталітарнай дзяржаве адбываецца ўціск прэсы і абмежаваньне ейнай дзейнасьці – яна нібыта і існуе, але паўплываць на грамадзкую думку ня можа. --Сёньня ўжо відавочна, што абраная Захадам “стратэгія дыялёгу” з афіцыйным Менскам не спрацавала. Як, на ваш погляд, могуць разьвівацца падзеі? --У гэтай сувязі важка згадаць заяву міністра замежных справаў Міхаіла Хвастова адносна місіі КНГ АБСЭ ў нашай краіне. Я мяркую, што для Захаду гэта сігнал, што палітыка прапанаванага імі дыялёгу не дала эфекту. Неабходна шукаць іншыя мэтады ўзьдзеяньня на кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь. Я хачу згадаць словы выканаўчага дырэктара Міжнароднай Лігі па правох чалавека Кэці Фіцпатрык, якая сказала, што “Захад павінен уплываць на Менск так, як ён уплываў на Савецкі Саюз: шляхам яснага і пасьлядоўнага асуджэньня”.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|