Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Швэдзкія партыі пратэстуюць супраць візавай палітыкі беларускіх уладаў 11:07, 17/01/2002
Кіраўнікі ўсіх партыяў, якія маюць свае прадстаўніцтвы ў парлямэнце Швэцыі, выступілі з адкрытым лістом, у якім заклікалі ўлады Беларусі зьмяніць візавую палітыку. “Без зразумелага тлумачэньня некалькім грамадзянам Швэцыі адмовілі ва ўезьдзе ў Беларусь. Некаторыя зь іх былі нават вымушаныя вяртацца з менскага аэрапорту, нягледзячы на тое, што іхныя візы былі ў парадку”, -- гаворыцца ў лісьце, які надрукавала 16 студзеня швэдзкае выданьне “Aftonbladet”.
У публікацыі адзначаецца, што ва ўезьдзе адмаўлялі прадстаўнікам няўрадавых арганізацыяў, якія маюць партнёраў у Беларусі, і журналістам асноўных швэдзкіх газэтаў. Швэдзкія палітыкі мяркуюць, што гэтыя адмовы маюць дзьве мэты: спыніць кантакты грамадзянскай супольнасьці Беларусі з замежнымі калегамі і ня даць замежнай прэсе магчымасьці працаваць у Беларусі.
“У апошні час у Заходняй Эўропе шмат размоваў аб спыненьні ізаляцыі Беларусі, аб неабходнасьці дыялёгу й кантактаў з уладамі й палітычнымі лідэрамі краіны, -- гаворыцца ў лісьце.— Але ў той самы час, як мы адчыняем новыя дзьверы, Менск адказвае на гэта і зачыняе іншыя. Такое стаўленьне, у рэшце рэшт, вядзе да самаразбурэньня, і пацьвярджае рэпутацыю Беларусі, як сумнага выключэньня ў Эўропе”.