Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Міністар гандлю канфіскоўвае з шапікаў цыгарэты 11:12, 18/01/2002
Над Беларусяй разьвейваюцца аблокі тытунёвага смогу. Без усялякіх там законаў аб забароне паленьня ў грамадзка значных месцах, якія былі прынятыя ў пачатку гэтага тыдня расейскімі “думцамі”, а з рашэньня аднаго чалавека — новага міністра гандлю Аляксандра Кулічкова. Гэта, вядома, можа радаваць тую частку насельніцтва, якая ня паліць. Але вось для шматмільённай колькасьці палільшчыкаў, падобна, надыходзяць цяжкія часы.
Як паведамляе “БДГ”, зараз імпарцёры тытунёвых вырабаў заціхлі ў чаканьні новых ініцыятываў Аляксандра Кулічкова. Тытунёвы рынак стаў адным зь першых аб’ектаў увагі Кулічкова. Чаго вартыя толькі “неафіцыйныя рэкамэндацыі” ад чыноўнікаў Міністэрства гандлю ў самым пачатку гэтага году. Яны, у прыватнасьці, прадпісваюць “рэалізоўваць цыгарэты толькі непасрэдна ў арганізаваную гандлёвую сетку або праз аптовыя прадпрыемствы сыстэмы “Белбакалея” і “Белкаапсаюз”. Усім астатнім, у першую чаргу шапікам, праз якія праходзіў да нядаўняга часу самы значны аб’ём звароту імпартовых цыгарэтаў, продаж забаронены.
Далоў “комки”! – амаль загадалі імпарцёрам у Міністэрстве гандлю. У выніку зараз на рынку сталіцы адчуваецца дэфіцыт тытунёвых вырабаў. Паводле аптымістычных прагнозаў імпарцёраў, запасаў у дробнааптовай сетцы хопіць на 1-1,5 месяцаў. Атрымаўшы “каштоўнае” ўказаньне наконт працы з “камкамі”, імпарцёры дзеля ўласнай бясьпекі прыпынілі адгрузку цыгарэтаў названым Міністэрствам гандлю аптовым прадпрыемствам і прыватным прадпрымальнікам.
Вось такая цікавая сытуацыя. Адзіныя, хто сапраўды ў захапленьні ад “рэкамэндацыяў” Аляксандра Кулічкова, так гэта дастаткова падзабытыя ўсімі намі “бабулькі”, якія пасьпяшылі запоўніць нішу кантрабандай. І колькасьць “бабулек”, па прагнозах экспэртаў, абяцае расьці, таму што ініцыятывы новага міністра на тытунёвым рынку зусім не абмяжоўваюцца толькі “ўпарадкаваньнем” рэалізацыі імпартных тытунёвых вырабаў.
Згодна некаторай інфармацыі, Міністэрства гандлю выношвае ідэю наогул забараніць імпарт і рэалізацыю некаторых марак цыгарэтаў, якія складаюць канкурэнцыю прадукцыі мясцовых вытворцаў, і ў першую чаргу, цыгарэтам Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі. Называюцца, у прыватнасьці, такія папулярныя на беларускім рынку маркі, як "LD", "Балканская звезда". Ёсьць верагоднасьць, што ў гэты чорны сьпіс трапіць “Ява”, “Союз-Аполлон”. Усе гэтыя маркі знаходзяцца прыблізна ў адной коштавай нішы з прадукцыяй Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі. Кіраўніцтва JTI, аднаго з буйных сусьветных і расейскіх вытворцаў тытуню й вядомых імпарцёраў на беларускі рынак, яшчэ летась прыняло рашэньне адмовіцца ад паставак у Беларусь сваёй маркі “Наша Прима”, каб не дражніць мясцовых “патрыётаў”. Зрэшты, такая пазыцыя JTI не ўратавала. Міністэрства гандлю наогул пазбавіла JTI права паставак цыгарэт на беларускі рынак у І кварталі 2002 году і, хутчэй за ўсё, у 2002 годзе ў агуле. Ну, вядома, калі яна не пагодзіцца на некаторыя зьмены ў правілах гульні на ім...