 | ПАЛIТЫКА |  |

Звольнены кіраўнік Беларускай транспартнай пракуратуры 11:15, 21/01/2002

Мікалай Каралюк, кіраўнік Беларускай транспартнай пракуратуры за благое выкананьне службовых абавязкаў звольнены з органаў пракуратуры. Пра гэта заявіў на паседжаньні калегіі рэспубліканскай пракуратуры генэральны пракурор Віктар Шэйман. Па словах генэральнага пракурора Беларусі, звальненьне Мікалая Каралюка зьвязана з парушэньнямі на Беларускай чыгунцы, што былі выяўленыя ў канцы мінулага году комплекснай праверкай, якая праводзілася пракуратурай сумесна з органамі Дзяржкантролю рэспублікі. Транспартны пракурор нібыта закрываў вочы на супрацьзаконныя дзеяньні некаторых службовых асобаў Беларускай чыгункі, чые дзеяньні нанесьлі дзяржаве матэрыяльны ўрон на дзесяткі мільёнаў даляраў. Наступным крокам рэспубліканскай пракуратуры, пра які паведаміў на калегіі Віктар Шэйман, будзе комплексная праверка дзейнасьці Беларускай транспартнай пракуратуры. 
Арыштаванае кіраўніцтва Гомельскага тлушчавага камбінату 11:14, 21/01/2002

Кіраўнікі Гомельскага тлушчавага камбінату арыштаваныя праваахоўчымі органамі. Арыштаваным інкрымінуюць “злоўжываньне паўнамоцтвамі і службовым становішчам”, паведамляе Радыё Рацыя. Гомельскае ўпраўленьне сьледчага камітэту МУС распачала крымінальную справу за злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі асобнымі кіраўнікамі мясцовага тлушчавага камбінату яшчэ 11 студзеня. Да праверкі быў падключаны і аддзел барацьбы з эканамічнымі злачынствамі абласнога міліцэйскага ўпраўленьня. Згодна некаторых дадзеных, падчас заключэньня кантрактаў на пастаўку каўстычнай соды, якая выкарыстоўваецца для вытворчасьці мыла, камбінату нанесены ўрон больш чым на 600 тысячаў даляраў. 
Міхаілу Лявонаву адмовілі ў сустрэчы з жонкай 11:13, 21/01/2002

Жонцы былога дырэктара Менскага трактарнага заводу Міхаіла Лявонава адмовілі сустрэцца з мужам і ажыцьцяўляць яго абарону. Адвакат не выключае, што сьледзтва прызнала Алену Лявонаву сьведкай па справе, каб не дапускаць яе надалей у якасьці абаронцы. Жонка абвінавачанага мае намер змагацца за свае правы. 
МТЗ засталося жыць адзін дзень 11:12, 21/01/2002

Наяўныя сродкі, якія ёсьць у Менскага трактарнага завода, дазваляюць яму працаваць два дні – 21 і 22 студзеня. Пра гэта БелаПАН паведаміў прэсавы сакратар МТЗ Вадзім Біцан. Паводле ягоных словаў, сур’ёзныя праблемы ў прадпрыемства пачаліся пасьля распачатай крымінальнай справы адносна генэральнага дырэктара Міхаіла Лявонава і ягонага арышту. На гэта, а таксама на заявы аб тым, што крымінальныя справы ўзбуджаныя адносна яшчэ некалькіх службовых асобаў МТЗ, адрэагавалі як пастаўшчыкі камплектуючых, так і пакупнікі прадукцыі, якія раней рабілі папярэднюю аплату за тэхніку, адначыў В.Біцан. 
Лукашэнка адправіў асабісты ліст Кадафі 11:11, 21/01/2002

Глава МЗС Беларусі Міхаіл Хвастоў падчас візыту ў Лібію быў прыняты лідэрам Лібійскай рэвалюцыі Муамарам Кадафі і перадаў яму асабісты ліст Аляксандра Лукашэнкі. Дэлегацыя “палаты прадстаўнікоў” на чале з Хвастовым знаходзілася ў Лібійскай Джамахірыі ў Трыпалі з 15 па 19 студзеня. У Трыпалі адбылося першае паседжаньне беларуска-лібійскай сумеснай камісіі па эканамічным, гандлёвым і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве. 
ТВ-6 скарачае час вяшчаньня на Беларусь 11:10, 21/01/2002

З 1 сакавіка ў Беларусі на частаце расейскага тэлеканалу ТВ-6 штодзень з 23.50 да 17.30 замест праграм расейскага незалежнага тэлеканалу будзе вяшчаць “Першы музычны канал”, які ўзьнік усяго два тыдні таму і ідзе сёньня на хвалях ТВ-6 з поўначы да трох гадзін раніцы. “Першы музычны канал” – прадукт ААТ “Добровидение”, якое адначасова займаецца трансьляцыяй у Беларусі каналу ТВ-6. Дырэктар кампаніі Валеры Краўчук паведаміў прэсаваму цэнтру Хартыі, што штодзённае сямнаццацігадзінавае вяшчаньне “Першага музычнага канала” на частотах ТВ-6 нібы не прынясе ўрону каналу ТВ-6, дзённы эфір якога ўсё адно не акупаецца. У Беларусі будзе трансьлявацца толькі праймавы эфір ТВ-6 – з 17.30 да поўначы. Так што беларусам застаецца кожны дзень па 17 гадзінаў замест праграм ТВ-6 слухаць і глядзець расейскую і замежную папсу. Стваральнікам “Першага музычнага канала” хочацца параіць у адказ замест пашырэньня часу трансьляцыі свайго музычнага прадукта добра падумаць аб адкрытым парушэньні імі аўтарскіх правоў, паколькі паказ імі скрадзеных зь іншых музычных каналаў кліпаў інакш як пірацтвам не назавеш. 
Лукашэнка нанёс чарговы ўдар па прадпрымальніках 11:09, 21/01/2002

На думку прэзыдэнта Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандра Патупы, указ Лукашэнкі “Аб дадатковых мерах па ўрэгуляваньні эканамічных зносінаў”, які ўступіў у сілу 18 студзеня, сфармуляваў поле для дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, які “зараз можа рабіць усё”. “Пацьвярджаецца мая даўняя гіпотэза, КДК будзе працаваць як чацьвёртая галіна ўлады”, - адзначыў Патупа ў інтэрвію газэце “Известия”. Указ замацоўвае практыку пазасудовых экспрапрыяцый, бо ў шматлікіх сытуацыях, якія ўзьнікнуць пры ягонай рэалізацыі, камітэт можа адыграць ролю і сьледчага, і судзьдзі, і судовага выканаўцы, падкрэсьліў чалец саюзу. Ён упэўнены, што такі падыход зьнішчае беларускую эканоміку. 
БМЗ ня згодны з крымінальнай справай 11:08, 21/01/2002

На Беларускім металюргічным заводзе лічаць, што сума ўрону па распачатай нядаўна крымінальнай справе моцна завышаная. Пра гэта 18 студзеня паведаміў намесьнік генэральнага дырэктара па інфармацыйнай працы прадпрыемства Мікалай Аксёнаў. Крымінальная справа была распачатая некалькі дзён таму ўпраўленьнем Камітэту па арганізаванай злачыннасьці і карупцыі пры МУС Беларусі па Гомельскай вобласьці па частцы 3 артыкула 424 КК – злоўжываньне ўладаю ці службовымі паўнамоцтвамі. Сума прыкладнага ўрону называлася ў межах 111 мільёнаў рублёў. 
Гарадзенскія прадпрыемствы засталіся без электрычнасьці 11:07, 21/01/2002

Канцэрн “Белэнэрга” абавязаў свае арганізацыі па энэргазабесьпячэньню спыніць водпуск электраэнэргіі шэрагу прадпрыемстваў. Першымі пад гэтае ўказаньне трапілі прадпрыемствы-неплацельшчыкі Гарадзенскай вобласьці, якія маюць самыя нізкія паказчыкі па аплаце за ўжытыя энэргарэсурсы па рэспубліцы. З сёньняшняга дня будуць адключаныя да ўзроўню аварыйнай броні ад сетак энэргазабесьпячэньня камбінат будаўнічых матэрыялаў , "Гродножилстрой"; ААТ "Радиотехника", Лідзкі завод электравырабаў; завод "Оптик", УП "Опытный завод "Неман", гарадзенскі завод "БелТАПАЗ"; ААТ "Мостовдрев"; гарадзенскае РУПП "Гроднитекс"; ОАО "Лакокраска". 
Квасьнеўскі перадаў Пуціну зварот жонак рэпрэсаваных беларускіх палітыкаў 11:06, 21/01/2002

У пятніцу стала вядома, што зварот жонак рэпрэсаваных беларускіх апазыцыянэраў – Людмілы Карпенкі, Ірыны Красоўскай, Тацяны Клімавай, Вольгі Захаранкі, Сьвятланы Завадзкай і Зінаіды Ганчар – быў перададзены Ўладзімеру Пуціну. Падчас перамоваў у Варшаве прэзыдэнты Ўладзімер Пуцін і Аляксандар Квасьнеўскі, акрамя іншага, абмеркавалі й сытуацыю ў Беларусі. Пра гэта Аляксандр Квасьнеўскі ўпершыню заявіў у пятніцу польскаму радыё "Zet". Згодна інтэрвію, сытуацыю ў Беларусі прэзыдэнты Пуцін і Квасьнеўскі абмяркоўвалі ўжо ў першыя часы перамоваў. 
Міжпарлямэнцкі Зьвяз патрабуе знайсьці Віктара Ганчара й вызваліць Андрэя Клімава 11:05, 21/01/2002

У Жэневе на працягу мінулага тыдня адбывалася паседжаньне па абароне правоў Міжпарлямэнцкага Зьвязу. Разглядаліся справы й беларускіх парлямэнтараў: зьніклага Віктара Ганчара, зьняволенага Андрэя Клімава й Валерыя Шчукіна, які нядаўна адбыў трохмесяцовы тэрмін. “У справе Ганчара камісія выказала глыбокую занепакоенасьць тым, што, нягледзячы на доўгі час, які прайшоў з дня ягонага зьнікненьня, у расьсьледаваньні не назіраецца ніякага прагрэсу. І таму камісія вырашыла зьвярнуцца да беларускіх уладаў з патрабаваньнем правесьці расьсьледаваньне больш сур’ёзна. У справе Клімава камісія выказала занепакоенасьць у сувязі з працяглым утрыманьнем яго ў турме. Камісія патрабуе ад беларускіх уладаў ягонага вызваленьня”, - паведаміў Радыё Свабода аб выніках паседжаньня па абароне правоў генэральны сакратар Міжпарлямэнцкага Зьвязу Андэрс Джонсан. 
Дзейсны старшыня АБСЭ заявіў пра неабходнасьць працы ў Беларусі КНГ АБСЭ 11:04, 21/01/2002

Дзейсны старшыня АБСЭ, міністар замежных справаў Партугаліі Гаймэ Гама, у сваім выступе 17 студзеня на паседжаньні Сталага савету АБСЭ ў Вене, заявіў, што АБСЭ пад ягоным кіраўніцтвам будзе працягваць садзейнічаць працы Кансультатыўна-назіральнае групы ў Беларусі. 
Стасункі паміж Беларусяй і АБСЭ ў крызісе 11:03, 21/01/2002

Такое меркаваньне выказаў былы кіраўнік Кансультатыўна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік, у сваім выступе 18 студзеня ў Патсдаме на сэмінары “Палітычныя пэрспэктывы для Беларусі”. Па словах Віка, пакуль невядома, ці атрымае візу ягоны пераемнік на пасадзе кіраўніка КНГ АБСЭ. Зараз працягваюцца дыскусіі па мандаце групы, які ў 1997 годзе быў прыняты як мандат, які дае права садзейнічаць стварэньню дэмакратычных інстытутаў у Беларусі. Як заявіў Вік, “беларускае кіраўніцтва патрабуе міжнароднага прызнаньня, а тым часам прымае жорсткія меры адносна грамадзянскай супольнасьці”.
МТЗ спыніўся пасьля арышту дырэктара 11:02, 21/01/2002, Reuters

Прамысловы флагман Беларусі Менскі трактарны завод у пятніцу спыніў зборачную вытворчасьць, магчыма, да лютага, з-за таго, што арышт дырэктара Міхаіла Лявонава паралізаваў працу са сумежнікамі й збыт гатовай прадукцыі, паведаміў кіраўнік прэсавай службы МТЗ Вадзім Біцан. 
Калегія распачала праверку ненадзейных адвакатаў 11:01, 21/01/2002

Гомельская абласная калегія распачала праверку дзейнасьці аднаго зь вядомых адвакатаў Гомлі Зьмітра Іванішкі. Як адвакат Зьміцер Іванішка стаў вядомы тым, што апошнія гады выступаў абаронцам у “гучных” працэсах, у прыватнасьці, па справе Гомельскага медінстытуту, абараняючы прарэктара Ўладзімера Раўкова, і па справе сына Міхаіла Чыгіра. Зараз Зьміцер Іванішка выступае адвакатам Юры Зайцава. Бацька Андрэя Зайцава, сябра моладзевага руху супраціву ЗУБР, які скончыў жыцьцё самагубствам 20 сьнежня пад уціскам супрацоўнікаў КДБ, Юры Зайцаў і ягоны адвакат патрабуюць распачаць крымінальную справу па гэтым факце. 
|  |
|