Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Лукашэнка адправіў асабісты ліст Кадафі 11:11, 21/01/2002
Глава МЗС Беларусі Міхаіл Хвастоў падчас візыту ў Лібію быў прыняты лідэрам Лібійскай рэвалюцыі Муамарам Кадафі і перадаў яму асабісты ліст Аляксандра Лукашэнкі. Дэлегацыя “палаты прадстаўнікоў” на чале з Хвастовым знаходзілася ў Лібійскай Джамахірыі ў Трыпалі з 15 па 19 студзеня. У Трыпалі адбылося першае паседжаньне беларуска-лібійскай сумеснай камісіі па эканамічным, гандлёвым і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве.
Як перадала лібійскае агенцтва навінаў “Джана”, падчас візыту ў Лібію міністар замежных справаў Беларусі “выказаў удзячнасьць народным зьездам у Вялікай Джамахірыі, якія зьяўляюцца суверэннымі і маюць паўнамоцтвы прымаць рашэньні па ратыфікацыі пагадненьняў, падпісаных паміж Вялікай Джамахірыяй і Беларусяй”.
Такую заяву Хвастоў зрабіў падчас сустрэчы з прадстаўніком Усеагульнага народнага кангрэсу Лібіі, які згодна прынцыпам фармаваньня, нагадвае так званы Ўсебеларускі народны зьезд. Лібійскаму парлямэнту, як і беларускай “палатцы”, таксама трэба прызнаньне міжнародных структур, таму міністар Хвастоў атрымаў “запрашэньне накіраваць дэлегацыю ў Вялікую Джамахірыю, каб уласнымі вачыма пабачыць сапраўднае замацаваньне ўлады народа і дасягненьні, зробленыя на лібійскай зямлі дзякуючы вялікай рэвалюцыі 1 верасьня”. Менавіта 1 верасьня 1969 году лібійскій палкоўнік Муамар Кадафі ажыцьцявіў у краіне ваенны пераварот.
Міжнародныя назіральнікі адзначаюць, што афіцыйны Менск і Трыпалі выкарыстоўваць адзін аднаго перш усяго з мэтамі пашырэньня вельмі абмежаваных міжнародных кантактаў дзьвюх ізаляваных дзяржаваў. Хоць падчас лібійскага візыту Аляксандра Лукашэнкі ўвосень 2000 году шмат гаварылася аб пэрспэктывах буйных інвэстыцыяў з боку Лібіі ў беларускую эканоміку, у тым ліку аб укладаньні грошай у Менскі аўтазавод і стварэньні ў Беларусі вялікага сумеснага банка, далей размоваў справа не пайшла.
Радыё Свабода прыводзіць цікавую статыстыку гандлёвых аперацыяў паміж Беларусяй і Лібіяй з моманту ўсталяваньня дыпляматычных зносінаў у жніўні 1996 году. У 1997 годзе Беларусь прадала ў гэтую афрыканскую краіну лесаматэрыялаў на суму 7 500 даляраў і набыла там лекі коштам у 400 даляраў. У 1998 годзе беларуска-лібійскага гандлю наогул не было. А ў 2000-м беларускі экспарт у Лібію склаў ужо больш за 2 з паловаю мільёнаў даляраў, імпарту адтуль не было. У 2001 годзе, калі ў Трыпалі ўжо стала працаваць беларуская амбасада, экспарту ў Лібію таксама наогул не было.
Пры такой сытуацыі вельмі цікавай выглядае заява Міхаіла Хвастова на сустрэчы зь лібійскім прэм’ер-міністрам, якую перадала агенцтва “Джана”. “Беларускі міністар замежных справаў падкрэсьліў гатоўнасьць і жаданьне ягонай краіны ўмацаваць адмысловыя стасункі з Вялікай Джамахірыяй, асабліва пасьля візытаў і сустрэч, якія прайшлі паміж дзьвюма краінамі, з пэрспэктываю пашырэньня гэтых зносінаў і гэтага супрацоўніцтва, якое ахопіць усе галіны ў інтарэсах дзьвюх краінаў”.
Што гэта за такія адмысловыя стасункі, якія павінны ахапіць усе галіны? Афіцыйны Трыпалі звычайна нічога не камэнтуе. Беларускі бок таксама не занадта схільны распавядаць аб сваіх узаемаадносінах з краінай, якая яшчэ да тэрактаў у ЗША лічылася прытулкам міжнародных тэрарыстаў.