 | ПАЛIТЫКА |  |

Улады перашкаджаюць прыезду ў Беларусь дэлегацыі ПА АБСЭ 11:22, 23/01/2002

Прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Адрыян Севярын выступіў у Стразбургу на сэсіі ПА Рады Эўропы. Адносна Беларусі Адрыян Севярын заявіў, што ў лютым дэлегацыя ПА АБСЭ ня здолее наведаць Беларусь, бо “...беларускія ўлады высунулі непрымальныя ўмовы для прыезду”. Адказнасьць за стала благія адносіны Беларусі зь міжнароднай супольнасьцю Прэзыдэнт ПА АБСЭ усклаў на беларускае кіраўніцтва і ахарактарызаваў такую палітыку, як “самаізаляцыю”. Адрыян Севярын таксама выказаў занепакоенасьць “несяброўскімі” адносінам афіцыйнага Менску да “нашых інстытутаў”, як ён сказаў, маючы на ўвазе барацьбу беларускіх уладаў зь місіяй КНГ АБСЭ. Ён заявіў: “Мы ня маем намеру адступаць ад нашых прынцыпаў. І нам не павінны навязвацца нейкія формы пагроз”.
Вік камэнтуе адмову выдаць яму ўязную візу 11:21, 23/01/2002

Былы кіраўнік КНГ АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік пракамэнтаваў факт адмовы беларускіх уладаў выдаць яму ўязную візу для ўдзелу ў першым паседжаньні ў Менску 25-26 студзеня міжнароднай назіральнай рады Цэнтру эўрапейскіх і трансатлянтычных дасьледаваньняў Эўрапейскага гуманітрнага ўнівэрсітэту. У заяве для прэсы амбасадар Вік выказаў спачуваньне адносна дзеяньняў беларускіх уладаў, якія, паводле ягоных словаў, ня далі яму магчымасьці дапамагчы разьвіцьцю Цэнтра – аднаго зь нямногіх незалежных інстытутаў у Менску, дзе беларускія навукоўцы могуць супрацоўнічаць з калегамі з суседніх краін. “Адмова ў выдачы візы супадае па часе з шэрагам іншых негатыўных рашэньняў беларускіх уладаў, якія датычаць стварэньня ўмоваў для паляпшэньня адносінаў паміж краінай і эўрапейскімі інстытутамі”, -- заявіў Ганс-Георг Вік. 
У судзе дапытаныя экспэрты, якія праводзілі агляд аўтамабілю Завадзкага 11:20, 23/01/2002

На судовым працэсе па справе “групы” былога афіцэра спэцпадразьдзелу “Алмаз” Валерыя Ігнатовіча дапытаныя экспэрты, якія праводзілі агляд аўтамабілю аператара ГРТ Зьмітра Завадзкага. Як вядома, гэты аўтамабіль быў знойдзены каля будынку Нацыянальнага аэрапорту “Менск-2” раніцай 7 ліпеня 2000 году. Самога Завадзкага, які павінен быў сустрэць Паўла Шарамета, у машыне не было, і з гэтага дня пра ягонае месцазнаходжаньне невядома. 
БАЖ пратэстуе супраць закрыцьця ТВ-6 11:19, 23/01/2002

Беларуская асацыяцыя журналістаў выказвае занепакоенасьць у сувязі з сытуацыяй вакол расейскага тэлеканалу ТВ-6. Вяшчаньне каналу прыпынена 22 студзеня ў адпаведнасьці з загадам міністра друку Расеі Міхаіла Лесіна “для абароны правоў грамадзян на атрыманьне інфармацыі і эфектоўнага выкарыстаньня частаты”. “Спыненьне вяшчаньня каналу ТВ-6 мы ставім у адзін шэраг са зьменай кіраўніцтва НТВ вясной 2001 году, закрыцьцём газэты “Сегодня”, асуджэньнем журналіста Рыгора Пасько, -- гаворыцца ў заяве БАЖ.— БАЖ выказвае салідарнасьць з журналістамі, права якіх на распаўсюд інфармацыі й свабоднае выказваньне думкі было парушанае”.
Сытуацыя на МТЗ застаецца вострай 11:18, 23/01/2002

Сытуацыя на Менскім трактарным заводзе працягвае заставацца складанай. Без дапамогі дзяржавы прадпрыемства працаваць ня зможа, заявілі БелаПАН у адміністрацыі МТЗ. Там паведамілі, што пошуку шляхоў для выхаду з крытычнага становішча была прысьвечана нарада, якая прайшла на заводзе 22 студзеня. На ёй прадстаўнікі Міністэрства прамысловасьці зьвярнуліся да пастаўшчыкоў камплектуючых з просьбай дапамагчы прадпрыемству працягнуць працу, аднак і ў партнёраў МТЗ у Беларусі зараз становішча цяжкае. У прыватнасьці, размова йдзе аб Менскім маторным заводзе. Нягледзячы на гэта, кіраўніцтва Мінпраму абавязала Менскі трактарны завод працягваць працаваць і далей, праўда, як гэта будзе зарганізавана, прадстаўнік адміністрацыі МТЗ, які пажадаў застацца невядомым, сказаць пакуль ня здолеў. 
Профсоюзы протестуют против преследования неугодных власти руководителей 11:17, 23/01/2002

Снятие с поста директора Минского тракторного завода Михаила Леонова не только не улучшило положение дел на предприятии, но и привело к нарушении его стабильной работы. Об этом говорится в распространенном 23 января заявлении Совета Белорусского профсоюза работников автомобильного и сельскохозяйственного машиностроения. Как отмечается в заявлении, «в республике продолжается и усиливается преследование неугодных власти руководителей, имеющие авторитет в своих коллективах и в республике, руководителей, которые отважились критически оценивать проводимую государственную и социально-экономическую политику».
Чыноўнікі Менаблвыканкаму зьлятаюць з пасадаў 11:16, 23/01/2002

Некаторыя супрацоўнікі Менскага аблвыканкаму засталіся 22 студзеня без працы. Як паведаміў БелаПАН дарадца старшыні аблвыканкаму Андрэй Малахоўскі, у сувязі з пераходам на іншую працу афіцыйна звольненыя кіраўнік справамі выканкаму Хфедар Шпартаў і начальнік аддзелу кантроля й справавытворчасьці Ігар Мігас. Аднак, як паведаміў супрацоўнік аблвыканкаму, які пажадаў захаваць ананімнасьць, першапачаткова размова йшла аб звальненьні васьмі супрацоўнікаў. 21 студзеня ў Менаблвыканкаму адбылася нарада, прысьвечаная вясновай пасяўной кампаніі. На ёй старшыня Мікалай Дамашкевіч падверг крытыцы шэраг супрацоўнікаў, у тым ліку кіраўнікоў справамі, за невыкананьне даручэньняў і заявіў аб іхным звальненьні. 
У ФПБ могуць канфіскаваць маёмасць 11:15, 23/01/2002

Сытуацыя, калі магчымае вяртаньне прафсаюзных унёскаў можа абярнуцца канфіскацыяй маёмасьці ФПБ, падаецца не такой і фантастычнай – такое меркаваньне выказвае “Белорусская газета”. У беларускіх уладаў свая лёгіка. Згадаем хаця б экс-шэфа ўпраўленьня справамі прэзыдэнта Івана Ціцянкова. Захацелася яму ўзяць на балянс УС адміністратыўныя будынкі – ён і ўзяў. Каб прафсаюзы больш не хацелі гуляць у палітыку, ім маглі ўчыніць паказальную экспрапрыяцыю. А ўласнасьць у ФПБ ёсьць, і нямалая. 
Украіна ўводзіць супраць Беларусі антыдэмпінгавыя меры 11:14, 23/01/2002

Украіна ўводзіць часовую 49-адсоткавую антыдэмпінгавую пошліну на імпарт дрэва-валакняных пліт (ДВП) зь Беларусі, паведаміла міжведамственная камісія па міжнародным гандлі Ўкраіны. У паведамленьні камісіі, апублікаваным ва ўрадавай газэце “Урядовый Курьер” у сераду, гаворыцца, што пошліна ўводзіцца на чатырохмесяцовы пэрыяд з моманту публікацыі рашэньня камісіі. 
“Партызан” у сучасным беларускім кантэксьце 11:13, 23/01/2002

У Менску выйшаў першы нумар мастацкага выданьня “pARTisan”. “Часопіс, які прымусіць па-іншаму глянуць на сучасны беларускі кантэкст”, напісана на ягонай вокладцы. Галоўная ідэя новага выданьня – канцэпцыя партызана як нацыянальнага культурнага героя. Гэтай тэме прысьвечаны праграмны тэкст заснавальніка й выдаўца “Партызана” Артура Клінава “Партызан і антыпартызан”. 
Алена Лявонава: каб выканаць заказ канкрэтных асобаў, сьледзтва пойдзе на ўсё 11:12, 23/01/2002, «БДГ»

У канцы мінулага тыдня былому генэральнаму дырэктару МТЗ Міхаілу Лявонаву было прад’яўлена афіцыйнае абвінавачаньне. Беларуская пракуратура ў чарговы раз прадэманстравала ўсяму сьвету сваю аператыўнасьць і дала зразумець, што голымі рукамі яе ня возьмеш. Калі стала зразумела, што справу з кантрактамі да “справы Лявонава” ўжо наўрадці “прышыеш”, яму хутка прыпісалі хабар. Прычым хто, калі і за што даваў грошы (ці іншыя каштоўнасьці) Лявонаву, не агучваецца. Кажуць, што гэта — тайна сьледзтва. Мы папрасілі пракамэнтаваць сытуацыю жонку дырэктара Алену Рыгораўну ЛЯВОНАВУ. 
Міністэрства аховы здароўя ў стадыі абвастрэньня 11:11, 23/01/2002, «Народная воля»

Апарат Міністэрства аховы здароўя ліхаманіць ад кадравых перастановак. Літаральна праз месяц пасьля прызначэньня на пасаду міністра Ўладзіслаў Астапенка заявіў, што зьбіраецца абнавіць апарат міністэрства. І дадаў, што для гэтага ў яго ёсьць важкія прычыны: апошні час некаторыя чыноўнікі актыўна лябіравалі інтарэсы заходніх вытворцаў медычнай тэхнікі і добранька-та нагрэлі на гэтым рукі. Астапенка заявіў: першы крок зрабіў Лукашэнка, зараз справа за мной... 
Адамкус расчараваўся ў Лукашэнку? 11:10, 23/01/2002

З жортскай крытыкай Аляксандра Лукашэнкі выступіў прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус, які знаходзіўся з візытам у Злучаных Штатах. Сытуацыя ў Беларусі стала адным з пытаньняў, якія абмяркоўваліся Адамкусам і прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам. Аб танальнасьці, у якой гучала беларуская тэма й сьведчыць выступ Валдаса Адамкуса. Я паведамляе Радыё Рацыя, адказваючы на пытаньне, што ён думае пра Аляксандра Лукашэнку й сыстэму ўлады, усталяваную ім у Беларусі, Валдас Адамкус заявіў: “Нягледзячы на жаданьне Лукашэнкі прадэманстраваць сьвету сваю дэмакратычнасьць, свабодны сьвет ня мае ніякіх ілізій наконт гэтага. Парушэньне дэмакратыі, і нават законаннасьці ў Беларусі, ужо не адзін год непакояць усю Эўропу”. Паводле словаў Адамкуса, сытуацыя ў Беларусі ніяк не паўплывае на пляны Літвы ўступіць у Эўразьвяз і NАТА. 
Былому кіраўніку КНГ АБСЭ не дазваляюць прыехаць у Беларусь 11:09, 23/01/2002

Былому кіраўніку Кансультатыўна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі Г.-Г. Віку не выдалі візу на ўезд у Беларусь. Пра гэта «Інтэрфаксу» паведаміў начальнік упраўленьня інфармацыяй, прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка. «У адпаведнасьці зь міжнароднай практыкай МЗС не камэнтуе пытаньні выдачы ці нявыдачы візаў замежным грамадзянам», - падкрэсьліў Латушка. Нагадаем, што былы кіраўнік КНГ АБСЭ, які зараз жыве ў Бэрліне, меў намер прыняць удзел у першым паседжаньні міжнароднага назіральнага савету Цэнтру эўрапейскіх і трансатлянтычных дасьледаваньняў пры Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце, якое пройдзе ў Менску 25-26 студзеня. Нямецкі дыплямат зьяўляўся сябрам гэтага савету. Сам Цэнтар ствараўся пры фінасавай падтрымцы Эўрапейскай камісіі й бюро па дэмакратычных інстытутах і правох чалавека – структураванага аддзелу АБСЭ. 
Рада Эўропы чакае ад рэжыму канкрэтных дэмакратычных пераўтварэньняў 11:08, 23/01/2002

Генэральны сакратар Рады Эўропы Вальтэр Швімэр у сваім выступе ўчора вечарам перад Парлямэнцкай асамблеяй Рады Эўропы ў Стразбургу даў ацэнку сытуацыі ў Беларусі й пэрспэктывам ейных стасункаў з Радай Эўропы. Генэральны сакратар Рады Эўропы сказаў: “Леташнія прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі не адпавядалі дэмакратычным стандартам. Гатоўнасьць спыніць міжнародную ізаляцыю патрабуе ясных сыгналаў ад беларускіх уладаў, у асаблівасьці гэта тычыцца функцыяў парлямэнту, свабоды сродкаў інфармацыі. Зараз мы чакаем канкрэтных крокаў і істотнага прагрэсу зь беларускага боку”.
У Менск прыедзе група экспэртаў ПАРЭ 11:07, 23/01/2002

У лютым у Беларусь прыедзе адмысловая група экспэртаў Палітычнага камітэту Рады Эўропы з 14 чалавек, якія на месцы будуць вывучаць сытуацыю, каб прыняць рашэньне адносна будучыні Беларусі ў гэтай арганізацыі. Нагадаем, што рашэньне накіраваць у Беларусь адмысловую дэлегацыю Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы для дасьледаваньня палітычнай сытуацыі ў краіне было прынята летась у лістападзе ў Вільні на выяздным паседжаньні Палітычнага камітэту ПАРЭ. Плянавалася, што міжнародныя парлямэнтары зробяць сваю справаздачу для Палітычнага камітэту Парлямэнцкай асамблеі, паседжаньне якога адбываеца ў гэтыя дні ў Стразбургу. З таго часу тэрмін прыезду дэлегацыі тройчы мянялі. 
Лукашэнка зробіць з навуковага патэнцыялу Беларусі “адну кучу” 11:06, 23/01/2002

Аляксандар Лукашэнка супраць “излишней авторитарности» і "чрезмерного администрирования" падчас рэфармаваньня айчыннай навукі. Падсумоўваючы вынікі нарады па ўдасканаленьні кіраваньня навукай, у аўторак Лукашэнка заявіў, што дзяржава “вынуждена реформировать науку для того, чтобы собрать весь научный потенциал страны в одну кучу”. 
Судзяць рэдактара “Шклоўскіх навінаў” 11:05, 23/01/2002

Распачаўся судовы працэс супраць рэдактара шклоўскай недзяржаўнай газэты “Шклоўскія навіны” Аляксандра Шчарбака. Яго абвінавачваюць у парушэньні заканадаўства аб друку. Адміністратыўную справу супраць яго ініцыянаваў пракурор Шклоўскага раёну. Шчарбака абвінавачваюць у друкаваньні газэты накладам звыш 299 асобнікаў. Напрацягу 10 гадоў былы старшыня прафкаму саўгасу “Гарадзец” друкаваў гэтую газэту менавіта такім накладам. Праблемы з пракуратурай у яго пачаліся напярэдадні леташніх прэзыдэнцкіх выбараў. Летась, 6 верасьня ў ягоную кватэру ўламіліся міліцыянты й канфіскавалі ўсю кампутарную тэхніку. Прычынай для вобшуку й канфіскацыі стаў знойдзены ў шклоўскіх актывістаў руху ЗУБР нататнік з тэлефонам рэдактара. 
Лукашэнка мае намер пакінуць пасьля сябе яшчэ і АЭС 11:04, 23/01/2002

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў бліжэйшыя гады Беларусі неабходна “вызначыцца” з пытаньнем аб магчымасьці будаўніцтва на сваёй тэрыторыі атамнай электрастанцыі. У выступе ў аўторак у Менску перад беларускімі навукоўцамі, Лукашэнка адзначыў, што, калі ў “этот ближайший период мы не определимся, то затем пойдет сплошная политика”.
Пад пагрозаю зрыву падрыхтоўка кадраў ВПС 11:03, 23/01/2002

Сёлета ў Беларусі пад пагрозай зрыву падрыхтоўка кадраў ВПС рэспублікі, паведамляе “Союз-инфо”. З 1996 году падрыхтоўка ваенных лётчыкаў ажыцьцяўляецца на базе чатырох авіяцыйных клюбаў Беларускага абарончага спартова-тэхнічнага таварыства. За гэтыя гады яны падрыхтавалі больш за 300 лётчыкаў. Як паведамілі ў БАСТТ, сёлета на лётную падрыхтоўку курсантаў Ваеннай акадэміі Савет Міністраў рэспублікі выдаткаваў замест 400 млн. рублёў толькі 250 млн. З такой сумай клюбы ня могуць забясьпечыць якасны рамонт навучальнай лётнай тэхнікі і патрэбную бясьпеку лётчыкаў і неабходны “налёт гадзінаў”. Давядзецца таксама скараціць трэнажы спартоўцаў-парашутыстаў і верталётчыкаў, якія праходзяць на базе авіяклюбаў. 
“Белнафтахім” плянуе атрымаць 843 мільёны даляраў інвэстыцыяў 11:02, 23/01/2002

Беларусь плянуе прыцягнуць 843 млн. даляраў інвэстыцыяў падчас акцыянаваньня нафтахімічнага комплексу краіны. Як перадае карэспандэнт РІА “Новости”, пра гэта паведаміў журналістам прэзыдэнт канцэрну “Белнафтахім” Іван Бамбіза. Паводле ягоных словаў, 25 студзеня ўрад вынесе прапанову Аляксандру Лукашэнку па акцыянаваньні вытворчых аб’яднаньняў “Нафтан”, “Палімір”, “Азот”, Беларускага шыннага камбінату, магілёўскага й сьветлагорскага “Хімвалакна”. 
Тарыфы на электраэнэргію ўсё адно будуць павялічвацца 11:01, 23/01/2002

Расея абяцае паставіць Беларусі сёлета 16,5 млрд. кубамэтраў газу і 5,5 млрд. млрд кВ/г электраэнэргіі. Як перадае карэспандэнт РІА “Новости”, пра гэта паведаміў у аўторак міністар энэргетыкі Беларусі Ўладзімер Сямашка. Паводле ягоных словаў, кошт на газ “пакуль застанецца ранейшым”, на ўзроўні 30 даляраў за тысячу кубамэтраў. Што да “электрычнага тарыфу”, то, адзначыў Сямашка, ён “будзе вагацца і залежыць ад кан’юнктуры рынку памежных Бранскай і Смаленскай абласьцей” Расеі. “Рост тарыфаў на электрычную энэргію для Беларусі практычна непазьбежны”, - падкрэсьліў міністар энэргетыкі рэспублікі. 
|  |
|