Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
“Белнафтахім” плянуе атрымаць 843 мільёны даляраў інвэстыцыяў 11:02, 23/01/2002
Беларусь плянуе прыцягнуць 843 млн. даляраў інвэстыцыяў падчас акцыянаваньня нафтахімічнага комплексу краіны. Як перадае карэспандэнт РІА “Новости”, пра гэта паведаміў журналістам прэзыдэнт канцэрну “Белнафтахім” Іван Бамбіза. Паводле ягоных словаў, 25 студзеня ўрад вынесе прапанову Аляксандру Лукашэнку па акцыянаваньні вытворчых аб’яднаньняў “Нафтан”, “Палімір”, “Азот”, Беларускага шыннага камбінату, магілёўскага й сьветлагорскага “Хімвалакна”.
Як патлумачыў Іван Бамбіза, акцыянаваньне нафтахімічнага комплексу ў Беларусі выклікана тым, што “магчымасьці прадпрыемстваў і канцэрну па прыцягненьні інвэстыцыяў шмат у чым вычарпаныя, і слова зараз за дзяржавай”. За апошнія гады Беларусь унесла ў вытворчасьць каля 300 млн. даляраў і ў наступныя чатары гады неабходна ўнесьці яшчэ 1,5 млрд. даляраў.
Беларускае кіраўніцтва разьлічвае, што пасьля прыватызацыі шасьці буйнейшых прадпрыемстваў нафтахімічнага комплексу аб’ём вытворчасьці павялічыцца на 500 млн. даляраў ЗША, што стане сур’ёзным штуршком для разьвіцьця сумежных прадпрыемстваў. “Сур’ёзны рост адлічэньняў у дзяржбюджэт, несумненна, будзе”, -- сказаў Іван Бамбіза.
Акцыянаваныя прадпрыемствы будуць захоўвацца як юрыдычныя асобы. Мяркуецца, што падчас акцыянаваньня інвэстарам частку акцыяў прададуць за грошы, а частку акцыяў перададуць у кошт інвэстыцыйных укладаньняў у вытворчасьць.
Пры акцыянаваньні нафтахімічнага комплексу беларускі бок вылучыць шэраг умоваў. Як падкрэсьліў Бамбіза, перш за ўсё гэта – разьвіцьцё прадпрыемстваў пры захаваньні іхнага профілю, павелічэньне вытворчасьці, у тым ліку, на аснове высокіх тэхналёгіяў. Акрамя таго, павінны быць прынятыя неабходныя меры для разьвіцьця сацыяльнае сфэры, гарантаваныя захаваньне працоўных месц, абарона навакольля, дасягненьне рэнтабельнасьці, дастатковай для пашырэньня вытворчасьці.
Паводле словаў Бамбізы, прыярытэт будзе аддавацца праектам, арыентаваным на айчынную сыравіну.
“Белнафтахім” сумесна зь Міністрэствам эканомікі Беларусі распрацаваў “базавыя ўмовы” ўдзелу інвэстараў у акцыянаваньні названых прадпрыемстваў, адзначыў Іван Бамбіза. Вызначана таксама кола патэнцыйных інвэстараў, у лік якіх увоходзяць расейскія кампаніі “Славнефть”, “ЛУКОЙЛ”, “ИТЕРА”, “АМТЕЛ”, “Сургутнефтегаз”. З кіраўніцтвам гэтых кампаній, са словаў Бамбізы, на дадзены момант ідуць актыўныя перамовы.