Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пракуратура Менску яшчэ ў верасьні мінулага году распачала крымінальную справу па арт.367 Крымінальнага кодэксу РБ – паклёп на Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Справа была распачатая па факце масавага распаўсюду друкаванай прадукцыі, якая, на думку пракуратуры, утрымлівае паклёп на Прэзыдэнта РБ, за пэрыяд зь ліпеня па верасень. Зараз вядуцца актыўныя сьледчыя дзеяньні па гэтай справе. У якасьці сьведкаў выклікаюцца ў асноўным сябры моладзевых арганізацыяў, якія на час выбарчай кампаніі затрымліваліся за распаўсюд друкаваных выданьняў.
Заснаваўчы сход Беларускага таварыства філяматаў адбыўся 26 студзеня ў Менску. Дэлегаты з розных рэгіёнаў Беларусі ў адзін голас выступілі за стварэньне новай грамадзкай арганізацыі. Такая арганізацыя ўжо існавала ў беларускай гісторыі. У верасьні 1817 году два студэнты Віленскага ўнівэрсытэту – будучы вялікі паэт Адам Міцкевіч і Томаш Зан – вырашылі заснаваць таварыства для вывучэньня літаратуры, філязофіі і іншых навук. 1 кастрычніка 1817 году адбылося першае паседжаньне студэнцкага саюзу, што ўвайшло ў гісторыю як таварыства філяматаў. Сёньня актуальны і ў наш час клопат аб неабходнасьці пашырэньня ведаў у галіне культуры, адукацыі й іншых сфэрах, ён падштурхнуў да аднаўленьня таварыства філяматаў, падкрэсьліў на заснаваўчым сходзе былы намесьнік міністра замежных справаў, міжнародны каарданатар Хартыі’97 Андрэй Саньнікаў. Старшынём рады таварыства абраны кандыдат гістарычных навук Валянцін Голубеў, выканаўчым дырэктарам – Юры Хадыка.
Беларускую акадэмію навук чакае скрачэньне кадраў. Як паведамляе карэспандэнт “Известий”, такія высновы незалежных экспэртаў. Падставаю для такога заключэньня стала нарада навуковай грамадзкасьці, што прайшла на днях у Нацыянальнай акадэміі навук пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі. Яна паказала, што заплянаваная рэарганізацыя навукі ў Беларусі ня будзе суправаджацца павелічэньнем асыгнаваньняў на яе.
Незалежны прафсаюз гарнякоў пацьвердзіў намер 1 лютага з 12.00 да 12.05 спыніць працу на ВА “Беларуськалій”. Гэта, паводле словаў старшыні прафкаму БНП “Беларуськалія” Мікалая Новіка, будзе не забастоўка, а акцыя, якая “адбудзецца ў рамках закону”. Такім чынам, гарнякі патрабуюць ад ураду і Аляксандра Лукашэнкі адмяніць антыпрафсаюзную пастанову, якая скасавала механізм безнаяўнага пералічэньня прафсаюзных унёскаў.
Прафсаюз прадпрымальнікаў Цэнтральнага рынку Гомлі патрабуе акцыянаваць гэтае прадпрыемства. Пад сваім зваротам да абласных і гарадзкіх уладаў гандляры пачалі збор подпісаў. Гэтае патрабаваньне прадпрымальнікаў абумоўленае тым, што фактычна на Цэнтральным рынку ёсьць асноўныя фонды, якія знаходзяцца ва ўласнасьці індывідуальных прадпрымальнікаў. Гэта так званыя ралеты, грошы на будаўніцтва якіх адміністрацыя рынку й ягоны ўласьнік – абласны саюз спажывецкіх таварыстваў – вымушаныя здаваць прадпрымальнікам пад выглядам бязвыплатнай фінансавай дапамогі.
Сталіца – на мяжы скандалу, які распальваецца вакол старшыні Менскага гарадзкога суда Міхаіла Ардзякі. Прычынай таму стала дарожна-транспартнае здарэньне з удзелам сына судзьдзі -- Хведара Ардзякі. Апошні, калі знаходзіўся за рулём аўтамабілю, зьбіў жанчыну, якая памерла. Тры месяцы інфармацыя аб здарэньні ў прэсу не прасочвалася, пакуль пастановаю сьледчага Беларускай ваеннай пракуратуры папярэдняе расьследаваньне па “справе Хведара Ардзякі” не спынiлася з-за адсутнасьці ў ягоных дзеяньнях складу злачынства.
Сумеснае паседжаньне кіраўнікоў праваахоўчых структур дзяржаў-удзельніц СНД пачне працу 29 студзеня ў Менску. Для ўдзелу ў ім у сталіцу Беларусі прыедуць члены Каардынацыйнай Рады генэральных пракурораў, Саветаў міністраў унутраных справаў, кіраўнікi органаў бясьпекі й спэцслужб, начальнікi памежнымі войскамі й главы мытных служб краінаў Садружнасьці.
У Беларусі другі тыдзень запар фіксуецца спад аб’ёмаў біржавых зьдзелак з замежнымі валютамі. Як паведамілі БелаПАН ва ўпраўленьні валютнага рынку Беларускай валютна-фондавай біржы, сумарны аб`ем зьдзелак за тыдзень склаў 45 мільярдаў 256 мільёнаў 143 тысячы беларускіх рублёў. У параўнаньні з аб’ёмам, што быў зафіксаваны тыдзень таму, гэта менш на 22,5 мільярдаў беларускіх рублёў.
Летась фінансава-эканамічнае становішча прадпрыемстваў Магілёўскай вобласьці працягвала парушацца. Згодна зьвесткам статыстыкі, на 1 сьнежня 2001 году на тэрыторыі вобласьці стратнымі апынуліся 47,4 адсоткі прадпрыемстваў народнай гаспадаркі, у той час як на пачатак сьнежня 2000-га – 29,1 адсоткі. Рэнтабельнасьць прадукцыі спала за год з 5,1 да 2, адсоткаў; паказчык рэнтабельнасьці ў прамысловасьці скараціўся з 8,1 да 5,6 адсоткау.
У Беларусі разгортваецца кампанія па барацьбе зь неплацяжамі за выкарыстаньне электраэнэргіі. Пад пагрозаю адключэньня аказалася амаль 1000 прадпрыемстваў. У рэжыме абмежаванай падачы энэргіі - каля 5 тысячаў спажыўцоў. Першай пад санкцыі канцэрну “Белэнэрга” трапіла Гарадзенская вобласьць, дзе пацярпелі 213 прадпрыемстваў.
Каля 19 кг іртуці знайшлі супрацоўнікі Севастопальскага ўпраўленьня Службы бясьпекі Ўкраіны ў вагоне пасажырскага цягніку “Севастопаль - Масква”. Як паведамляе карэспандэнт “Известий”, іртуць знаходзілася ў балоне, які некалі служыў вогнетушыцелям. Уладальнікам небясьпечнага грузу апынуўся грамадзянін Беларусі, які вёз балон з Крыму ў расейскі Белгарад. Як паведамілі ў прэсавай службе Севастопальскага упраўленьня СБУ, супраць яго распачатая крымінальная справа аб кантрабандзе, незаконнай перавозцы й захоўваньні небясьпечнага рэчыва з мэтамі збыту. Між тым на радзіме злачынца быў тройчы судзімы, у тым ліку і за крадзеж дзяржаўнай маёмасьці.
Беларуская пракуратура распачала крымінальную справу адносна лідэра АГП А.Лябедзькі. Палітыка выклікалі 28 студзеня ў пракуратуру Савецкага раёну Менску “для дачы тлумачэньняў адносна выказаных абвінавачваньняў у адрас галавы дзяржавы ў гандлі зброяй з краінамі-ізгоямі”. Пра гэта А.Лябедзька паведаміў у інтэрвію “Интерфаксу”. Сьледчы Іван Зелянкоўскі мае намер дапытаць Анатоля Лябедзьку па пытаньні публікацыі ў газэце “Народная воля” (02.11.2001 г., “Бандыты фінансуюць беларускі рэжым”) інфармацыі аб продажы ўзбраеньня. Гэта ўжо другі выклік за апошні час лідэра АГП у пракуратуру. У першы раз Анатоль Лябедзька сустракаўся з прадстаўніком Рэспубліканскай пракуратуры. Расьследаваньне гэтай справы вядзецца па асабістым указаньні Генэральнага пракурора Беларусі Віктара Шэймана.
У 2001 годзе ў Беларусі да крымінальнай адказнасьці было прыцягнута 400 кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацыяў. Пра гэта паведаміў міністар унутраных справаў Беларусі Ўладзімер Навумаў на выніковай калегіі МУС 25 студзеня ў Менску. Вынікі працы МУС у гэтым накірунку, са словаў міністра, – “абнадзейваючые”.
У Варшаве і ва Ўроцлаве адбыліся судовыя працэсы ў справе выдачы Беларусі бізнэсоўца Вацлава Маркевіча, былога намесьніка дырэктара МАЗ Аляксандра Якаўлева, якія на дадзены момант пражываюць у Польшчы. Беларускі бок патрабуе экстрадыцыі Якаўлева й Маркевіча і абвінавачвае іх у зьдзяйсьненьні крымінальных злачынстваў.
Кіраўнік адмысловай групы па Беларусі ПА АБСЭ Ута Цапф у інтэрвію Радыё Свабода паведаміла, што, нягледзячы на папярэднюю адмову ад візыту АБСЭ ў Менск, візыт усё ж такі адбудзецца 3 лютага, як і плянавалася. Паводле словаў Уты Цапф, адмысловая група мае намер сустрэцца з апазыцыяй, прэсай, афіцыйнымі ўладамі й закрануць пытаньні, якія ўжо абмяркоўваліся падчас апошняга візыту делегацыі ў Менск. У прыватнасьці, размова будзе йсьці аб узмацненьні паўнамоцтваў парлямэнту, аб свабодзе СМІ, законах аб прэсе й выбарах.
Суд Цэнтральнага раёну Гомлі прызнаў старшыню гомельскага абласнога грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы” Віктара Карнеенку віноўным у парушэньні прэзыдэнцкага Дэкрэту №8 “Аб некаторых мерах па ўдасканаленьні парадку атрыманьня й выкарыстаньня замежнай бязвыплатнай дапамогі”. Размова йдзе аб нібыта нямэтавым выкарыстаньні шасьці кампутараў, двух друкарак, ксэракса й сканэра, атрыманых гэтай арганізацыяй па грантах міжнародных фондаў. Судзьдзя Ганна Новік прыняла пастанову аб канфіскацыі кампутараў і друкарак і прысудзіла асабіста старшыні аб’яднаньня Карніенку штраф у памеры 1 мільёну рублёў.
Працягваецца перасьлед тых, хто падчас выбарчай кампаніі выступіў не на баку дзейснага прэзыдэнта. Штогод на невялічкім возеры Селява пэдагог сярэдняй школы №1 гораду Крупкі Андрэй Аляхновіч шукае са сваімі вучнямі прадметы быту й зброю, што належылі далёкім продкам. Курыруе юных археолягаў Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. Але сёлета раскопкі старажытнага гарадзішча могуць не адбыцца. 13 верасьня 2001 году Андрэя Аляхновіча адхілілі ад пасады сацыяльнага пэдагога “за ўчыненьне амаральнага ўчынка”. Калі кіраўніцтва райвыканкаму паведаміла аб звальненьні, Андрэю Аляхновічу падалося, што зямля сыходзіць у яго з-пад ног. Але, пабачыўшы праз некалькі дзён ліст, на якім дзіцячай рукой былі рупліва выведзеныя словы “Просім вярнуць нашага любімага настаўніка”, а пад ім – 100 подпісаў школьнікаў, зразумеў: здавацца рана. Чатыры месяцы пэдагог спрабуе адстаяць сваё права на любімую працу.
Так у свой час сталі называць 8 радыёлякацыйных станцыяў, разгорнутых па пэрымэтру мяжы СССР. У 1976 годзе ў Савецкім Саюзе зьявілася сыстэма папярэджаньня аб ракетным нападзе, якая дазваляла кантраляваць усё, а ня толькі ракетанебясьпечныя накірункі. Яна складалася з 8 радыёлякацыйных станцыяў. Тры знаходзілася ў Расеі – Мурманск, Іркуцк, Пячора. У Беларусі – Баранавічы, у Казахстане – Балхаш, дзьве станцыі ў Украіне – Севастопаль і Мукачава, і Габала ў Азэрбайджане.
Поводле дадзеных Міністэрства статыстыкі й аналізу, за першыя тыдні студзеня спажывецкія кошты ў краіне вырасьлі на 4,2 адсоткі (за першы тыдзень - на 1,9, за другі - на 1,6, за трэці - на 0,7). Для параўнаньня: за першыя тры тыдні сьнежня 2000 году кошты вырасьлі на 4,3 адсоткі, за першыя тры тыдні студзеня 2001 году - на 3,5 адсоткі. Па выніках 2001 году спажывецкія кошты ў Беларусі вырасьлі на 46,1 адсоткі.
Заробак сярэднестатыстычнага рабочага й служачага за мінулы месяц на Віцебшчыне стаў на 9 даляраў ЗША (у эквіваленце) больш нізкім, чым па краіне – 159,2 тысячы супраць 174,4 тысячы рублёў. У 3 разы вышэй за сялянскую ацэньваецца праца сярэднестатыстычнага работніка органаў дзяржаўнага кіраваньня – 204,6 тысячаў рублёў. Больш значныя заробкі ў тых, хто крэдытуе й страхуе эканоміку обласьці. Сярэднестатыстычны служачы банку за сьнежань атрымаў 273 тысячы рублёў – у 4 разы больш работніка АПК.