Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
“Грамадзянскія ініцыятывы” пазбаўленыя аргтэхнікі й атрымалі 1 мільён штрафу 11:05, 28/01/2002
Суд Цэнтральнага раёну Гомлі прызнаў старшыню гомельскага абласнога грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы” Віктара Карнеенку віноўным у парушэньні прэзыдэнцкага Дэкрэту №8 “Аб некаторых мерах па ўдасканаленьні парадку атрыманьня й выкарыстаньня замежнай бязвыплатнай дапамогі”. Размова йдзе аб нібыта нямэтавым выкарыстаньні шасьці кампутараў, двух друкарак, ксэракса й сканэра, атрыманых гэтай арганізацыяй па грантах міжнародных фондаў. Судзьдзя Ганна Новік прыняла пастанову аб канфіскацыі кампутараў і друкарак і прысудзіла асабіста старшыні аб’яднаньня Карніенку штраф у памеры 1 мільёну рублёў.
Аргтэхніка была канфіскаваная супрацоўнікамі упраўленьня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі па Гомельскай вобласьці 13 жніўня мінулага году ў прыватным доме Віктара Карнеенкі, першы паверх якога выкарыстоўваецца як офіс. Кіраўнік “Грамадзянскіх ініцыятываў” абвінавачваецца ў тым, што гэтая аргтэхніка выкарыстоўвалася для правядзеньня незалежнага назіраньня за ходам прэзыдэнцкіх выбараў.
Гэта ўжо другі такога кшталту працэс у Гомлі. 27 сьнежня 2001 году суд Цэнтральнага раёну вынес рашэньне аб канфіскацыі аргтэхнікі ў гомельскай грамадзкай арганізацыі “Моладзевы цэнтар “Гарт”. Тэхніка была канфіскаваная пры аналягічных абставінах у жніўні 2001 году. Старшыня цэнтру й актывіст руху ЗУБР Сяргей Адзінец быў падвергнуты штрафу ў памеры 100 мінімальных заробкаў.