Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ута Цапф прыедзе ў Менск. Магчыма, адна 11:06, 28/01/2002
Кіраўнік адмысловай групы па Беларусі ПА АБСЭ Ута Цапф у інтэрвію Радыё Свабода паведаміла, што, нягледзячы на папярэднюю адмову ад візыту АБСЭ ў Менск, візыт усё ж такі адбудзецца 3 лютага, як і плянавалася. Паводле словаў Уты Цапф, адмысловая група мае намер сустрэцца з апазыцыяй, прэсай, афіцыйнымі ўладамі й закрануць пытаньні, якія ўжо абмяркоўваліся падчас апошняга візыту делегацыі ў Менск. У прыватнасьці, размова будзе йсьці аб узмацненьні паўнамоцтваў парлямэнту, аб свабодзе СМІ, законах аб прэсе й выбарах.
Са словаў Уты Цапф, у складзе дэлегацыі адбудуцца пэўныя зьмены. Не прыедзе прадстаўнік Украіны. Адносна прыезду іншых дэлегатаў (з Латвіі, Швэцыі й Гішпаніі) пакуль канчаткова невядома. “Што да мяне, то я прыеду ў любым выпадку, нават калі і адна”, -- паведаміла кіраўнік працоўнай групы АБСЭ. Сваё рашэньне прыехаць у Менск у любым выпадку, спадарыня Цапф у інтэрвію Радыё Свабода тлумачыць ветлівасьцю міністра замежных справаў Міхаіла Хвастова, які 22 студзеня адправіў ёй адмысловы ліст, у якім адзначыў, што надае вялікае значэньне візыту ў Менск Уты Цапф.
Аднак, нагадаем, што на наступны дзень кіраўнік ПА АБСЭ Адрыян Севярын у сваім выступе на сэсіі ПАРЭ, заявіў, што дэлегацыя працоўнай групы адмяняе свой візыт, паколькі беларускія ўлады вылучылі шэраг умоваў, непрымальных для такога візыту.
25 студзеня радыёстанцыя “Нямецкая хваля” паведаміла, што ПА АБСЭ вырашыла адмяніць свой візыт у Беларусь па двух прычынах. Па-першае, беларускія ўлады пажадалі, каб падрыхтоўка паездкі праходзіла без удзелу Кансультатыўна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску. А па-другое, яны патрабавалі, каб падчас візыту прадстаўнікі менскай групы АБСЭ не суправаджалі делегацыю. Такія ўмовы АБСЭ расцаніла як непрымальныя.