Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Польшча адмаўляецца экстрадыраваць беларускіх прадпрымальнікаў 11:07, 28/01/2002
У Варшаве і ва Ўроцлаве адбыліся судовыя працэсы ў справе выдачы Беларусі бізнэсоўца Вацлава Маркевіча, былога намесьніка дырэктара МАЗ Аляксандра Якаўлева, якія на дадзены момант пражываюць у Польшчы. Беларускі бок патрабуе экстрадыцыі Якаўлева й Маркевіча і абвінавачвае іх у зьдзяйсьненьні крымінальных злачынстваў.
Былога намесьніка МАЗа беларуская пракуратура абвінаваціла ў кантрабандзе й адмыцьці брудных грошай. Абаронцы Якаўлева прад’явілі суду шэраг рэкамэндацыяў ад вядомых у Беларусі палітыкаў, якія сьведчаць, што Якаўлева перасьледуюць па палітычных матывах. У якасьці сьведак у судзе выступіў Станіслаў Шушкевіч й Аляксандар Пупейка.
Абаронцы таксама паведамілі, што сама заяўка беларускага боку на экстрадыцыю выкананая неакуратна. Тым больш, што Якаўлева абвінавачваюць згодна новаму Крымінальнаму кодэксу, які на час яго магчымых злачынстваў яшчэ ня дзейнічаў.
У выніку, адміністратыўны суд ва Ўроцлаве, узяўшы пад увагу, акрамя іншага, справаздачы міжнародных праваабарончых арганізацыяў аб Беларусі, пастанавіў не выдаваць Аляксандра Якаўлева беларускім уладам.
У заключнай прамове судзьдзя патлумачыў, што, на думку суда, Беларусь не выглядае як краіна, дзе можна разьлічваць на справядлівы судовы працэс.
Аналягічнае слуханьне па справе аб экстрадыцыі ў Беларусь былога прадпрымальніка й банкіра Вацлава Маркевіча пачалося 24 студзеня ў Варшаве. Маркевіча, які ўжо цяглы час пражывае ў Польшчы, беларуская пракуратура абвінаваціла ў махлярстве з банкаўскімі крэдытамі. У судовую залю Вацлава Маркевіча прывезьлі з судовай камеры.
З-за недахопу часу суд перанесьлі на 18 лютага, аднак судзьдзя пасьпеў выслухаць сьведак – рэдактара “БДГ” Пятра Марцава й намесьніка старшыні Саюзу беларускіх палітычных уцекачоў у Польшчы Валерыя Кругавога.
Хаця суд не пасьпеў прыняць рашэньне, аб ягоным стаўленні да справы можа сьведчыць тое, што Маркевіч, які апошні месяц правёў у турме, быў выпушчаны на свабоду без якіх-небудзь грашовых залогаў ці іншых умоваў.
Пра тое, што Вацлава Маркевіча перасьледуюць па палітычных матывах, у лісьце польскаму суду засьведчылі Мікалай Статкевіч, Вінцук Вячорка, Анатоль Лябедзька.