Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Незалежны прафсаюз гарнякоў пацьвердзіў намер 1 лютага з 12.00 да 12.05 спыніць працу на ВА “Беларуськалій”. Гэта, паводле словаў старшыні прафкаму БНП “Беларуськалія” Мікалая Новіка, будзе не забастоўка, а акцыя, якая “адбудзецца ў рамках закону”. Такім чынам, гарнякі патрабуюць ад ураду і Аляксандра Лукашэнкі адмяніць антыпрафсаюзную пастанову, якая скасавала механізм безнаяўнага пералічэньня прафсаюзных унёскаў.
Акрамя таго, аднаўляецца дзейнасьць стачкамаў, створаных яшчэ ў 1992 годзе. У апошні час яны не працавалі.
“Прафкамы рыхтуюцца ўступіць у працоўныя калектыўныя спрэчкі з адміністрацыямі прадпрыемстваў. На “Беларуськаліі” плянуецца патрабаваць 50%-га павелічэньня заробкаў дапаможным цэхам, работнікам аховы здароўя, інжынерна-тэхнічным работнікам. Мы вымушаныя пакуль што ладзіць акцыі пратэсту, на жаль, у рамках аднаго гораду”, - сказаў старшыня БНП Віктар Бабаед.
Іншыя прафсаюзы, у прыватнасьці Свабодны прафсаюз і Федэрацыя прафсаюзаў Беларуская, якая больш усяго пацярпела ад пастановы Савету Міністраў, ухілілiся ад акцыяў салідарнасьці з шахцёрамi.