Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Акцыя памяці ля сьценаў Камітэту дзяржбясьпекі 11:07, 29/01/2002
Больш за пяцьдзесят актывістаў руху ЗУБР прыйшлі 28 студзеня да будынка Камітэту дзяржаўнай бясьпекі ў Менску. Удзельнікі руху супраціву сталі перад КДБ жывым ланцугом і трымалі ў рукох запаленыя сьвечкі. Так "зубры" адзначылі сорак дзён з дня сьмерці гомельскага актывіста руху ЗУБР Андрэя Зайцава, які скончыў жыцьцё самагубствам пад уціскам КДБ.
Праз дзесяць хвілінаў пасьля пачатку акцыі памяці да ейных удзельнікаў выйшлі два афіцэры Камітэту дзяржбясьпекі, якія патрабавалі прад’явіць дазвол Менгарвыканкаму на правядзеньне, як яны выказаліся “мітынгу”. Але, калі “мітынгоўцы” у адказ папрасілі супрацоўнікаў КДБ прадставіцца, тыя адмовіліся ад сваіх намераў і вярнуліся ў будынак.
Акцыя доўжылася каля паўгадзіны. Як заявілі ўдзельнікі акцыі памяці, яны выйшлі да будынка Камітэту бясьпекі, каб паказаць, што "зубры" не забываюць свайго таварыша й памятаюць, хто вінаваты ў ягонай гібелі. “Прыйдзе час, і віноўныя будуць пакараныя”, – цьвёрда казалі яны.