Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пашыраная калегія МУС, на якой прысутнічала ўся сілавая вярхушка краіны прайшла 25 студзеня. Акрэдытаваныя на гэтае мерапрыемства журналісты былі папярэджаныя, што ім дазволена прысутнічаць на першай частцы гэтага мерапрыемства. Аднак ужо праз паўгадзіны пісьмовая брація была выстаўленыя за дзьверы. Каму з “сілавікоў” не спадабалася ці напужала прысутнасьць журналістаў, сказаць цяжка. На нашае пытаньне: чаму? – супрацоўнікі прэсавай службы МУС толькі разводзілі рукамі й адказвалі, што выконваюць загад. Але гэты выпадак яшчэ больш умацоўвае думку, што ў сыстэме МУС далёка ня ўсё так гладка, як спрабаваў у гэтым пераканаць на нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі Ўладзімер Навумаў, і яму ёсьць што хаваць.
Напрыклад, начальнік крымінальнай міліцыі Барыс Тарлецкі казаў “пра адмову ад благой практыкі плянаваньня агентурна-аператыўнай працы зьверху, калі стаўка рабілася не на няўхільнае нарошчваньне паказчыкаў пашырэньня агентурнай сеткі і нарміравалася колькасьць паевдаленьня”. Зараз, зь ягоных словаў, вярбоўка асьведамляльнікаў будзе ажыцьцяўляцца па-за плянам. У гэтай сувязі згадваецца нядяўняе самазабойства сябра моладзевага руху супраціву “ЗУБР” дваццацічатырохгадовага Андрэя Зайцава. Нагадаем, што перад сьмерцю ён пакінуў аўдыёкасэту, на якой была размова з супрацоўнікам аднаго з сілавых ведамстваў, які шантажыраваў яго і патрбаваў, каб той стаў сакрэтным пастаўшчыком інфармацыі. Зараз бацькоў Андрэя спрабуюць пераканаць, што віноўных у гібелі іхнага сына няма, а можа, усё ж такі ня так?
Акрамя таго, Б.Тарлецкі падкрэсьліў, што “пры скарачэньні колькасьці зарэгістраваных злачынстваў узровень іхнага раскрыцьця больш нізкі”. Прычым, як высьветлілася “гэта характэрна для ўсіх рэгіёнаў”. Самае нізкае раскрыцьцё цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку. У вышэйзгаданых абласьцях яна адна з самых нізкіх і не пераўзыходзіць 49%. Для параўнаньня: у Менску гэтая лічба склала 55,3%. Аднак гэта, хутчэй, выключэньне.
Міліцыя таксама ня здолела спыніць тэдэнцыю росту нарказлачыннасьці. За мінулы год яна павялічылася на 13%. І нягледзячы на тое, што летась сіламі правапарадку канфіскавана каля 300 кіляграмаў наркатычных сродкаў і больш за 1,2 тоны сыравіны з утрыманьнем наркотыкаў, колькасьць злачынстваў, зьвязаных з наркотыкамі, нязьменна расьце. Найбольш трывожныя паказчыкі ў Гомлі, Менску і Менскай вобласьці...
На жаль, менавіта пры агучваньні гэтых дадзеных журналістаў папрасілі выдаліцца. Таму даведацца аб тым, пра што гаварылася пазьней, нам не ўдалося. Паўстае пытаньне: навошта было запрашаць, калі ёсьць што хаваць?