Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Дарыда» бярэ ваду на тэрыторыі могільніка 11:14, 30/01/2002
Жыхары Ждановічаў знайшлі парэшткі жывёлаў ля сьвідравіны, дзе фірма «Дарыда» бярэ ваду для вытворчасці безалкагольных напояў. Парэшткі жывёлаў належаць лябараторыі Інстытуту мікрабіялёгіі. У лябараторыі жывёлаў заражалі ўзбуджальнікамі сібірскай язвы, шаленства і воспы.
Адна з лабараторыяў Інстытуту мікрабіялогіі месціцца насупраць чыгуначнага вакзалу ў Ждановічах. У віварый уваходзяць два хлявы, дзе ўтрымліваюць жывёлаў для досьледаў. Паколькі лябараторыя ня мае крэматорыю, жывёлаў пасьля сьмерці папросту закопвалі ў зямлю.
Мясцовыя жыхары распавялі Радыё Свабода пра тое, што час ад часу парэшткі трусоў, пацукоў і сабак трапляюць ім пад ногі. На тэрыторыі гэтага могільніку знаходзіцца водная сьвідравіна, якая належыць фірме «Дарыда». Яе безалкагольныя напоі вельмі папулярныя ў беларусаў. Мясцовы жыхар Міхась Малодзька распавёў: «Выкапалі яму і закапалі гэтага труса. Старажылы кажуць, што і раней бачылі парэшткі жывёлаў на гэтай тэрыторыі. Няма там ніякай аховы і агароджы. Іван Ціцянкоў калісь зрабіў там сьвідравіну. Тады, паколькі ён быў такі знакаміты гаспадар, ён ні ў кога не пытаўся дазволу. Я тэлефанаваў у раённую і ў абласную санстанцыі. У абласной паведамілі, што ня далі дазволу, спаслаліся на тое, што раённая дазволіла. Трэба зачыняць гэтыя сьвідравіны. Ціцянкоў адчыняў сьвідравіну, а цяпер там Дзялендзік. Ён цяпер дэпутат».
Радыё Свабода зьвярнулася па тлумачэньні ў санстанцыю Менскага раёну да галоўнага дзяржаўнага санітарнага доктара Алега Богуша. Ён паведаміў, што сапраўды дазволіў зрабіць сьвідравіну побач з лябараторыяй: «Там і праўда праводзяць досьледы на жывёлах, але ўсіх жывёлаў звозяць на гарадзкі жывёльны могільнік. Мы рэгулярна дасьледуем ваду. Вада нармальная. Яе і дыетолаг правярае. Нічога страшнага. Цяпер жа асабліва не закапаеш жывёліну — зіма. Можа там і сканаў які трус, дык гэта драбяза».
Але жыхары Ждановічаў не падзяляюць спакою галоўнага санітарнага доктара. Яны будуць зьвяртацца да недзяржаўных экспэртаў.